Найбольш стабільнымі і пасьпяховымі краінамі СНД расейцы лічаць Беларусь (68%) і Казахстан (51%) — гэтыя паказьнікі вырасьлі адпаведна з 66% і 45% у 2014 годзе.
Такія вынікі чарговага апытаньня, праведзенага 10-11 сьнежня сярод 1600 жыхароў РФ Усерасейскім цэнтрам дасьледаваньня грамадзкай думкі (УЦДГМ). Пра вынікі апытаньня інфармуе агенцтва «Інтэрфакс».
Станоўчую дынаміку ў гэтым рэйтынгу дэманструюць Армэнія (16% цяпер супраць 9% у 2014 годзе), Узбэкістан (14% супраць 3%) і Таджыкістан (7% супраць 2%).
Аб пасьпяховасьці Азэрбайджану сказалі 13% рэспандэнтаў, па 8% назвалі Грузію, Кіргізію, Туркмэністан, 4% — Малдову, 2% — Украіну.
Самым надзейным партнэрам Расеі на міжнароднай арэне рэспандэнты таксама называюць Беларусь (66%) і Казахстан (55%).
Паводле крытэрыю забесьпячэньня правоў расейскамоўнага насельніцтва першае месца зноў належыць Беларусі (69% супраць 27% у 2010 годзе) і Казахстану (38% супраць 18% у 2013 годзе). Радзей рэспандэнты называлі Армэнію (13%), Украіну (6%), Кіргізстан, Азэрбайджан, Малдову, Узбэкістан (па 5%), Грузію, Таджыкістан (па 4%), Туркмэністан (2%).
Рэйтынг даверу лідэрам дзяржаў-членаў СНД узначальваюць прэзыдэнты Беларусі Аляксандр Лукашэнка (65%, у 2014 годзе — 61%) і Казахстану Нурсултан Назарбаеў (54% супраць 38%).
Астатнія рэспандэнты выказваюць давер лідэрам Азэрбайджану Ільхаму Аліеву (11%), Армэніі Сэржу Саргсяну (8%), Узбэкістану Шаўкату Мірзіёеву (6%), Кіргізстану Алмазбеку Атамбаеву і Малдовы Ігару Дадону (па 5%), Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамедаву і Таджыкістану Эмамалі Рахмону (па 4%), Грузіі Георгію Маргвелашвілі (3%) і Ўкраіны Пятру Парашэнку (2%).