Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Транснефть» да 23 сьнежня адкажа Беларусі ў справе тарыфаў на транзыт


Расейская кампанія «Транснефть» да 23 сьнежня сфармулюе для беларускага боку пазыцыю наконт тарыфаў на транспарціроўку нафты. Пра гэта паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік кампаніі Ігар Дзёмін.

Паводле слоў Дзёміна, 14 сьнежня ў камапніі прайшла чарговая нарада для абмеркаваньня ўстаноўленых Беларусьсю тарыфаў на транспарціроўку нафты на 2017 год. У ёй узялі ўдзел кіраўнікі «Гомельтранснафты Дружба» Сяргей Сасноўскі і «Полацктранснафта Дружба» Васіль Дробатаў. Ад кампаніі «Транснефть» вёў перамовы віцэ-прэзыдэнт Сяргей Андронаў.

Раней Беларусь інфармавала «Транснеть» пра намер павысіць тарыф на транспарціроўку нафты на 20,5%. Новыя тарыфы павінны быць устаноўлены з 1 лютага 2017 года.

Сёлета Беларусь ужо зьбіралася павысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты. Дакумэнт аб іх павышэньні ў сярэднім на 50% павінен быў набыць моц 11 кастрычніка, аднак напярэдадні, 10 кастрычніка, віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімір Сямашка паведаміў пра адмену павышэньня тарыфаў на транзыт расейскай нафты ў абмен на аднаўленьне аб’ёмаў паставак нафты з Расеі.

Згодна зь беларуска-расейскімі дамоўленасьцямі наконт вырашэньня нафтагазавага канфлікту да 20 кастрычніка Менск павінен быў пералічыць 281 млн даляраў у якасьці запазычанасьці за пастаўлены расейскі прыродны газ. Аднак гэтага не адбылося.

Чакалася, што пытаньне будзе ўрэгуляванае пасьля візыту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзьведзева 28 кастрычніка, а таксама пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуцінам 22 лістапада ў Маскве.

8 сьнежня Беларусь ажыцьцявіла авансавы плацёж за пастаўку расейскага газу.

15 сьнежня пасол Расеі Аляксандр Сурыкаў заявіў журналістам у Менску, што нафтагазавая спрэчка Беларусі і Расеі будзе вырашаная да 20 сьнежня. Пасьля гэтага будуць адноўленыя пастаўкі нафты ў краіну і аплата Беларусьсю расейскага газу.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG