Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 хвілін для маньяка


Змаганьне за высакародныя ідэалы дэмакратыі і свабоды слова часам набывае хваравітыя формы. Найлепш гэта ілюструе цытата, якую прыпісваюць Вальтэру, але якой ён не казаў: «Я ня згодны ні з адным словам, якое вы кажаце, але гатовы памерці за ваша права гэта казаць». А калі той, з кім вы ня згодны, кажа, што вас трэба тэрмінова пазбавіць жыцьця, вы таксама станіце яго бараніць?

Добрае сэрца беларусаў часам ня мае межаў.

Добрае сэрца беларусаў часам ня мае межаў. Гэта я пра рэплікі ў дыскусіях пра апошнія падзеі: «Вы плакалі з-за «чорных сьпісаў», а цяпер супраць «Бутыркі», «Вы за свабоду слова, а цяпер супраць Алы Бронь».

Прымяненьне нейкіх шаблённых прыкладаў да сытуацый, якія трэба разглядаць індывідуальна, вельмі недарэчнае і прымітыўнае. «Вы супраць Эўразійскага зьвязу, але чамусьці за Эўразьвяз», «Вы супраць уплыву на наш рэгіён Расеі, але ўжо Амэрыка вам не перашкаджае».

Камусьці дастаткова слова зьвяз каб ставіць знак роўнасьці паміж Эўразьвязам і Мытным зьвязам.

Гэта спрошчаная сыстэма параўнаньняў: наўмысна зьмяшаць боб з гарохам і рабіць потым выгляд, што такім чынам шукаеце ісьціну. Калі для кагосьці сучасныя ЗША і Расея, іх успрыняцьце нашага рэгіёну, гэта абое-рабое, то на гэтым варта было б скончыць размову. Камусьці дастаткова слова зьвяз каб ставіць знак роўнасьці паміж Эўразьвязам і Мытным зьвязам. Слова бізун адносіцца як да ахвяры, так і таго, хто ім б’е, але пагадзіцеся, што той, хто лупцуе, і той хто раве ад болю, у вельмі розных сытуацыях.

«Бутырку» забаранілі не з палітычных матываў, а ў выніку звароту з падрабязнай расьпіскай законаў, якія гэты вакальна-інструмэнтальны ансамбль мог парушыць. З-за чаго забаранялі доўгі час канцэрты Міхалка — ніхто ня ведаў і ніхто нікому не тлумачыў, але на паверхні быў палітычны фактар — крытыка Міхалком беларускага рэжыму. І дазвол на канцэрты, які супаў з чарговай сэрыяй «палітычнай адлігі», гэта пацьвярджае.

Нельга ставіць знак роўнасьці паміж прапагандай ідэяў «рускага міру» і змаганьнем зь ім. Нельга гуляць у шахматы, калі супернік б’е цябе дошкай па галаве. Калі кіравацца схематычнасьцю, якую шмат хто прапануе, тады трэба прызнаць, што прынцып «5 хвілін для маньяка, і 5 для ацалелай ахвяры» — гэта ўзор дэмакратыі і справядлівага падыходу да свабоды слова. А менавіта такі падыход сёньня некаторыя прапануюць у змаганьні за вельмі высакародныя мэты — свабоду слова і дэмакратыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG