Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сюрпрыз для Пуціна


Кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын, прэзыдэнт Уладзімер Пуцін і Рэкс Тыллерсан
Кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын, прэзыдэнт Уладзімер Пуцін і Рэкс Тыллерсан

Абраны прэзыдэнт ЗША выбраў у якасьці будучага дзяржсакратара Рэкса Тылерсана, кіраўніка нафтавага канцэрну ExxonMobil. Шырокія дзелавыя сувязі Тылерсана з Расеяй сталі падставай для шматлікіх камэнтараў у амэрыканскай прэсе і заяваў амэрыканскіх палітыкаў, якія выказваюць, як правіла, трывогу з нагоды пракрамлёўскіх выказваньняў асноўнага кандыдата на пасаду новага дзяржсакратара.

Некаторыя сэнатары абяцаюць прысьвяціць слуханьні ў справе зацьвярджэньня кандыдатуры Тылерсана яго сувязям з расейскім кіраўніцтвам і амэрыканска-расейскім дачыненьням.

Зьяўленьне Рэкса Тылерсана, выканаўчага дырэктара найбуйнейшай энэргетычнай кампаніі сьвету ExxonMobil, у ролі кандыдата на пасаду дзяржсакратара ўразіла многіх. Ён цалкам не адпавядае стэрэатыпным уяўленьням пра прэтэндэнтаў на гэтае крэсла, як пра людзей з вопытам службы на высокіх дзяржаўных пасадах, пераважна, спэцыялістаў у зьнешняй палітыцы.

Паводле словаў самога Дональда Трампа, Рэкс Тылерсан будзе «моцным і разважлівым абаронцам жыцьцёвых амэрыканскіх інтарэсаў». І некалькі ўплывовых рэспубліканцаў, у тым ліку былыя дзяржсакратары Джэймс Бэйкер і Кандаліза Райс, былы міністар абароны Робэрт Гейтс выказалі падтрымку кандыдатуры Тылерсана, падкрэсьліўшы яго вопыт у галіне міжнароднага прадпрымальніцтва.

Падчас падпісаньня пагадненьня "Раснафты" і ExxonMobil
Падчас падпісаньня пагадненьня "Раснафты" і ExxonMobil



Прафэсійны багаж Тылерсана, на думку шматлікіх крытыкаў, зьяўляецца акалічнасьцю, якая дыскваліфікуе яго ў ролі кіраўніка амэрыканскага дыпляматычнага ведамства. На іх думку, даўнія сувязі Тылерсана з расейскім кіраўніцтвам, якое санкцыянавала зьдзелкі ЕххоnMobil ў Расеі, яго публічна выражаны скепсіс у дачыненьні да санкцый супраць Крамля і ордэн Дружбы, прыняты з рук Уладзімера Пуціна, прымушаюць задацца сурʼёзным пытаньнем пра абʼектыўнасьць меркаваньняў будучага дзяржсакратара.

Тылерсан: Мы ня лічым рэжым санкцый эфэктыўным

Публічныя заявы Тылерсана пра Расею раней пераважна тычыліся пытаньняў бізнэсу. Але пасьля таго, як зьдзелка яго кампаніі з «Раснафтай» на суму паўмільярда даляраў у справе распрацоўкі нафтавых рэсурсаў Арктыкі сарвалася ў сувязі з увядзеньнем ЗША санкцый супраць Расеі, ён пачаў крытыкаваць эфэктыўнасьць санкцый як геапалітычнага інструмэнта. «Мы ня лічым рэжым санкцый эфэктыўным, ва ўсякім выпадку да таго часу, пакуль ён не рэалізуецца усеабдымна, а гэтага вельмі ня проста дасягнуць. Таму мы заўсёды прапануем людзям, адказным за прыняцьце падобных рашэньняў, прыняць да ўвагі маштаб спадарожнай шкоды ад падобных мер, выразна вызначыць, каму менавіта наносяць шкоду дадзеныя санкцыі, якія іх мэты, і ўзважыць, наколькі гэтыя санкцыі сапраўды эфэктыўныя », — заявіў Рэкс Тылерсан, выступаючы перад акцыянэрамі ў 2014 годзе.

Дональд Трамп раней заяўляў, што не выключае адмены санкцый супраць Расеі. Калі гэта адбудзецца — хоць з нагоды такога кроку шмат гучыць крытычных выказваньняў у Кангрэсе — арктычная зьдзелка ExxonMobil можа вярнуцца на парадак дня, што прымусіць казаць пра канфлікт інтарэсаў будучага дзяржсакратара. Паводле дадзеных газэты «Вашынгтон пост», Тылерсану ў ExxonMobil належыць доля капіталу памерам прыкладна $218 млн.

У камэнтары, разьмешчаным на сайце тэлекампаніі FoxNews, палітоляг і сацыёляг Даг Шэн наступным чынам рэзюмуе прэтэнзіі апанэнтаў Тылерсана: «Мы ня можам дапусьціць, каб Дзяржаўны дэпартамэнт узначаліў сябар і саюзьнік Уладзімера Пуціна, які працягне катастрафічную дыпляматыю перамоваў і прымірэньня, якая забясьпечвае Пуціну яго найвялікшыя перамогі».

Такія страхі падзяляюць далёка не ўсе. Зьяўленьне прафэсійнага бізнэсмэна ў ролі кіраўніка амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства можа пазытыўна паўплываць на яго дзейнасьць, лічыць эканаміст прафэсар каледжа «Цытадэль» у Паўднёвай Караліне Рычард Эбелінг:

«Шчыра кажучы, зьяўленьне непрафэсіянала ў ролі кіраўніка Дзярждэпартамэнту будзе, на мой погляд, прыемнай пераменай. Я згодны з тымі, хто лічыць, што вашынгтонская бюракратыя, часткай якой зьяўляецца Дзярждэпартамэнт, занадта ізаляваная ад рэальнага сьвету, яна дрэнна разумее, як дзейнічае рэальны сьвет. У яе свае вузкія ўяўленьні аб тым, у якіх рамках павінна дзейнічаць міжнародная супольнасьць. Так што зьяўленьне сьвежага чалавека на чале Дзярждэпартамэнту можа адкрыць новыя магчымасьці ў міжнародных адносінах, прыўнесьці важныя карысныя зьмены ў нашу зьнешнюю палітыку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG