Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 чачэнцаў адмовіліся ехаць на вайну ў Сырыю, яшчэ 5 затрыманыя за відэа пра ад’езд у Сырыю спэцназаўцаў


Расейскія вайсккоўцы ў Сырыі
Расейскія вайсккоўцы ў Сырыі

13 сьнежня стала вядома, што ў Чачні завялі крымінальную справу па факце зьяўленьня ў інтэрнэце відэа ад’езду групы мясцовых сілавікоў на вайну ў Сырыю. У межах крымінальнай справы затрымана 5 чалавек, у тым ліку афіцэр, паведамляе «Каўкаскі вузел» са спасылкай на МУС Чачні. Пры гэтым крыніца не ўдакладняе, паводле якога артыкула Крымінальнага кодэксу Расеі падазраюцца затрыманыя.

12 служачых зводнага батальёну вайсковай паліцыі з базы Ханкала, якія адмовіліся ехаць на вайну ў Сырыю, звольненыя з органаў. «Зь імі датэрмінова спынены кантракт», — паведаміў службовец з МУС Чачні са спасылкай на сваяка, які пагадзіўся ехаць на Блізкі Ўсход. Паводле гэтай крыніцы, інцыдэнт адбыўся падчас агляду батальёну перад адпраўкай у Сырыю. «Замест тых, хто адмовіўся, знайшліся іншыя добраахвотнікі», — перадала крыніца.

Усяго, паводле «Каўказскага вузла», у Сырыю выехала 500 вайскоўцаў з Чачні. Сярод іх чачэнцы, дагестанцы, расейцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, якія раней служылі ў расфармаваных батальёнах спэцназу ГВУ «Ўсход» і «Захад». Раней расейскае выданьне «Комерсант» паведамляла, што вайскоўцы з Чачні будуць дзейнічаць на тэрыторыях, падкантрольных прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду. Адной з задач фармаваньня нібыта ёсьць ахова расейскай авіяцыйнай базы Хмеймім. Раней зьяўляліся зьвесткі, што чачэнскі спэцназ удзельнічае ў зачыстках кварталаў Алепа, вызваленых ад праціўнікаў Асада.

У ваенкамаце Чачні ўжо заявілі, што відэа ад’езду чачэнскіх байцоў у Сырыю «выклікала сур’ёзны скандал». На мінулым тыдні адпраўку вайскоўцаў з Чачні прыпынілі, паведамляе сайт grani.ru.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG