Расейкае выданьне «Фонтанка» выявіла на кадрах сюжэту з Крамля дзяржаўнага Першага каналу Расеі камандзіра так званай «Прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра». Сапраўднае імя былога расейскага афіцэра — Дзьмітрый Уткін. Раней «Фонтанка» і іншыя выданьні пісалі, што байцы «ПВК Вагнэра» актыўна ўдзельнічалі ў вайне ў Данбасе і Сырыі.
Здымкі рабіліся 9 сьнежня на крамлёўскім прыёме ў гонар, як абвясьціла расейская тэлекампанія, «Герояў Айчыны». Сярод запрошаных гасьцей журналісты ўбачылі Дзьмітрыя Уткіна, таксама вядомага як «Вагнэр», і яго намесьніка, палкоўніка паліцыі ў адстаўцы Андрэя Трошава. Асабіста знаёмыя з Уткіным і Трошавым пацьвердзілі, што на кадрах менавіта яны.
На кадрах сюжэту «Першага канала» відаць ордэн або мэдаль на пінжаку Дзьмітрыя Уткіна, але якасьць здымкі і ракурс не дазваляюць ідэнтыфікаваць ўзнагароду. Яго намесьнік Андрэй Трошаў паказаны буйным плянам на відэа, апублікаваным на сайце Крамля: ён мае два ордэны Чырвонай зоркі, два ордэны Мужнасьці і зорку Героя Расеі.
«Фонтанка» адзначае, што на момант выхаду ў запас Трошаў не меў зоркі Героя Расеі, і прадстаўленьне аб яго ўзнагароджаньні не рыхтавалася. З чэрвеня 2016 года намесьнік Вагнэра ўзначальвае Санкт-Пецярбургскую рэгіянальную грамадзкую арганізацыю «Ліга абароны інтарэсаў вэтэранаў лякальных войнаў і ваенных канфліктаў». Зьвязацца з Уткіным і Трошавым выданьню не ўдалося.
Пра «ПВК Вагнэра» стала вядома яшчэ да пачатку расейскай апэрацыі ў Сырыі. Аўтары расьсьледаваньняў зьвязвалі дзейнасьць ваеннай кампаніі са структурамі «асабістага рэстаратара Пуціна» Яўгенія Прыгожына.
У Данбасе байцы «ПВК Вагнэра» займаліся «зачысткамі» непадкантрольных палявых камандзіраў. У прыватнасьці, нібыта менавіта яны расстралялі картэж Аляксандра Бяднова («Бэтмэна»), а пазьней расправіліся з усім батальёнам «Бэтмэн».
Паводле дадзеных расейскага выданьня РБК, у лягеры «ПВК Вагнэра» побач з Латакіяй і Алепа летам 2016 года разьмяшчаліся амаль 2,5 тысячы байцоў. Кіравалі апэрацыямі афіцэры ГРУ і ФСБ. Вучэбная база ў Краснадарскім краі, дзе трэніруюцца найміты, абслугоўваюць фірмы Яўгена Прыгожына. Усяго ж на паслугі наймітаў у Сырыі заказчыкі маглі выдаткаваць да 10,3 млрд. рублёў
У жніўні брытанскі тэлеканал Sky News апублікаваў інтэрвію з двума былымі байцамі «ПВК Вагнэра». Яны сьцьвярджалі, што ў баявых дзеяньнях у Сырыі загінулі ад 500 да 600 расейцаў, усе яны былі нанятыя структурамі прыватнай вайсковай кампаніі.