Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва абяцае Ўкраіне дапамогу ў атрыманьні бязьвізавага рэжыму з ЭЗ і барацьбе з карупцыяй


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце абяцае дапамагчы Ўкраіне ў атрыманьні бязьвізавага рэжыму з краінамі Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ў барацьбе з карупцыяй.

«Мы падтрымліваем Украіну на ўсіх узроўнях — на нацыянальным, на эўрапейскім і на двухбаковым. Ужо на гэтым тыдні будзе паседжаньне Эўрапейскай Рады, на якую я таксама паеду. Мы будзем дамагацца аказаць дапамогу Ўкраіне ў пошуку рашэньняў для бязьвізавага рэжыму. Я спадзяюся, што ён будзе ўведзены ў наступным годзе, і ўкраінцы змогуць свабодна езьдзіць па Эўропе», — заявіла Даля Грыбаўскайце сёньня ў Кіеве пасьля падпісаньня шэрагу двухбаковых літоўска-ўкраінскіх пагадненьняў аб супрацоўніцтве.

Прэзыдэнт Літвы адзначыла, што Ўкраіна зараз робіць «вельмі важкія і вельмі балючыя рэформы». «Але нядаўнія дэклярацыі паказваюць, што вельмі шмат працы наперадзе. Найперш, у пляне барацьбы з карупцыяй, якая часам больш шкодзіць, чым вайна на ўкраінскай тэрыторыі», — мяркуе яна. Даля Грыбаўскайце таксама дадала, што Літва можа падзяліцца сваім досьведам і накіраваць сваіх экспэртаў.

Даля Грыбаўскайце таксама выказала вялікае задавальненьне разьвіцьцём супольнай літоўска-польска-украінскай брыгады, якая была створаная ў 2014 годзе Ўзброенымі сіламі Літвы, Польшчы і Ўкраіны. «Яны вельмі добра спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, наколькі мяне інфармуе Міністэрства абароны», — падкрэсьліла прэзыдэнт Літвы.

«Я хачу пацьвердзіць, што наш народ заўсёды трымае Ўкраіну ў сваім сэрцы. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, для нас вельмі важна. Мы заўсёды побач з вамі ва ўсіх сытуацыях, зь якімі вы сутыкаецеся. І будзем дапамагаць настолькі, наколькі зможам», — заявіла Даля Грыбаўскайце.

У сваю чаргу прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падкрэсьліў, што Ўкраіна цэніць працу Літвы ў гэтак званай «праўкраінскай кааліцыі ў сьвеце».

«Я ганаруся, што нам за гэтыя два з паловаю гады ўдалося стварыць такую кааліцыю, ад якой мы атрымліваем надзвычай магутную падтрымку. Гэта і падтрымка Злучаных Штатаў, Канады, Эўрапейскага Зьвязу, Аўстраліі, Японіі, Новай Зэляндыі і ўсяго сьвету. Гэтая падтрымка заключаецца не толькі ў далучэньні да санкцый. Санкцыі ёсьць толькі матывацыяй для Пуціна спыніць агрэсію супраць нашай дзяржавы, вывесьці свае захопніцкія войскі і ўзбраеньне з нашай украінскай тэрыторыі», — заявіў Пятро Парашэнка.

Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, зараз «колькасьць танкаў, артылерыйскіх сыстэм, сыстэм рэактыўнага залпавага агню на акупаванай тэрыторыі на ўсходзе Украіны большая, чым на ўзбраеньні ўсяго нямецкага бундэсвэра».

«Эўропа, назіраючы такія агрэсіўныя паводзіны Расейскай Фэдэрацыі, ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы. І я вельмі ўдзячны нашым літоўскім партнэрам, што яны праводзяць менавіта такую лінію. Гэта ня проста дапамога Ўкраіне. Гэта інвэстыцыі ў бясьпеку Эўропы», — перакананы Пятро Парашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG