Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў коледжу ў Расеі захапілі ў закладнікі, не папярэдзіўшы, што гэта вучэньні


Ілюстрацыйнае фота

У мэдычным коледжы гораду Ціхвін Ленінградзкай вобласьці дзяржаўная ўстанова «Патрыёт» правяла вучэньні з імітацыяй захопу закладнікаў. Студэнтаў пра вучэньні не папярэдзілі, напісала ў Вконтакте адна са студэнтак. Яе словы пацьвердзіў кіраўнік «Патрыёта».

Як патлумачыла аўтарка паста ў супольнасьці «Ціхвінская сарока» Алена Аверычава, вучэньні прайшлі яшчэ 3 сьнежня.

«Студэнтаў сабралі ў актавай залі, пасьля чаго туды ўварваліся людзі ў масках і са зброяй. Сярод іх была жанчына, апранутая „шахідкай“ і абматаная выбухоўкай. Празь некаторы час яна сказала, што адлік пайшоў, і пачала маліцца. Было зроблена некалькі стрэлаў у паветра. Людзі былі ў шоку. Хтосьці гістэрыў, кагосьці ставілі тварам да сьцяны, тэлефанаваць не давалі. Калі адна са студэнтак адмовілася аддаць тэлефон (або адключыць), іншаму студэнту прыставілі дула да скроні і сказалі, што застрэляць, калі яна не перастане», — напісала яна.

Аверычава падкрэсьліла, што студэнты ня ведалі, што гэта вучэньні.

«Можа ўсё ж (ну вось так, па-чалавечы) трэба хаця б папрасіць прабачэньня ў людзей, якія перажылі падобнае? Сказаць, што гэта быў шок, гэта нічога не сказаць», — патлумачыла яна.

У размове з выданьнем «Лайф» дырэктар коледжу Мікалай Зайцаў сьцьвярджаў: студэнты ведалі пра тое, што праводзяцца вучэньні. Але кіраўнік «Патрыёта» Павел Бараненка пацьвердзіў, што вучняў не папярэджвалі пра вучэньні.

«Калі нехта спалохаўся, значыць, ён сапраўды ня будзе ў сацсетках падтрымліваць гутаркі пра тое, якія добрыя „Ісламская дзяржава“ і тэрарысты, што яны змагаюцца за свабоду, налёт „робінгудзтва“ зь іх будзе зьбіты. Калі мы кагосьці напалохалі — гэта выдатна», — сказаў ён.

Сьледчы камітэт Расеі паабяцаў праверыць публікацыі пра вучэньні, праведзеныя ў коледжы, і апытаць студэнтаў, а таксама арганізатараў вучэньняў.

Дзяржаўная бюджэтная ўстанова Ленінградзкай вобласьці «Цэнтар вайскова-патрыятычнага выхаваньня і падрыхтоўкі грамадзян (моладзі) да ваеннай службы „Патрыёт“» створаны для «фарміраваньня ў моладзі актыўнай жыцьцёвай пазыцыі» і «рэалізацыі комплексу мер па сацыялізацыі моладзі, якая знаходзіцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі», гаворыцца на сайце кіраўніцтва рэгіёну.

Настоящее время

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG