Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паставім помнік каралю! Ты — за?


Стэфан Баторы

Заўчора ў інтэрнэце зьявілася пэтыцыя да старшыні гарвыканаму Горадні Мечыслава Гоя. Грамадзяне жадаюць мець у горадзе помнік каралю Стэфану Баторыю.

За кароткі час, калі меркаваць па дадзеных сайту www.change.org, падпісаліся 735 чалавек.

У пасланьні кароткая даведка пра Стэфана Баторыя на расейскай мове і на беларускай. У ёй мова аб значэньні гэтай гістарычнай асобы для Горадні. Праўда, хоць і называецца ліст «пэтыцыяй», фармулёўка не патрабавальная: «На падставе выкладзенага просім адміністрацыю горада садзейнічаць ўстаноўцы ў Гродне помніка яго выдатнаму жыхару — Стэфану Баторыю».

Невядома, ці будзе рэакцыя з боку начальства. Хаця прадбачыць можна — якой яна можа быць. А пакуль у інтэрнэце ўзьнікла даволі бурная дыскусія. Большасьць «за». Прычым людзі рашуча выказваюцца за збор грошай, прадчуваючы, што начальства зь бюджэту схільнае ставіць толькі чапаевым. І самі гатовыя здаць грошы. Аднак паяўляецца нейкі троль, які ў стылі газэты «Правда» сарамаціць ахвотных паставіць помнік каралю. У краме пустыя паліцы? Дык а ў Афрыцы дзеці наогул галадаюць, абрывала савецкая прапаганда нясьціплых пакупнікоў, каму хацелася ўбачыць у краме кавалак каўбасы.

Наш герой прапануе сабраныя на помнік грошы здаць у дзіцячы дом альбо накарміць галодных. Нечакана яму адказваюць хвостка і канструктыўна. «Па дзелу», зь веданьнем сучасных беларускіх рэалій.

Якія адказы? Ну, напрыклад: ты свае паслугі па дзеляжу грошай прапануй АГЛ, хай ахвяруе на дзіцячыя дамы. Чаму нехта скідваецца на пратэзы ды іншыя справы, а дзяржава лядовыя палацы ўпарта будуе? «Сколько можно было детдомов построить на средства, потраченные на президентские капризы?»

Але троль не сунімаецца. Табе чалавеку жывому шкада грошай, ежы ня хочаш купіць галоднаму? На помнік хочаш здаць? Можа маёй суседцы, пэнсіянэрцы ляжачай, лепей аддасі? Чаму сам ня дбае пра суседку — незразумела, не тлумачыць.

Давай танк на Савецкай плошчы здамо ў маталазлом, яму адказваюць, а за гэтыя грошы накормім сіротаў? Ці табе танк важнейшы за жывога чалавека?

Але троль пад’юджвае далей: зрабі добрую справу, падтрымай фінансава замест Баторыя дзяцей, сірот, хворых, галодных і гэтак далей.

На яго перастаюць зважаць. Людзі падпісваюць пэтыцыю, але выказваюць скептыцызм. Адзін зь іх пакінуў камэнтар: «Подписался. Готов поддержать финансово. Но шансы на «добро» от власти минимальны. Может на скульптуру а-ля Жилибер (дазвол на подпіс скульптар не атрымаў, гэта — так званая «паркавая скульптура» абстрактнага месьціча. — С.А.) они и дадут согласие, но для С. Батория это не годится. Вся проблема в том, что москали поднимут жуткую вонь в том числе и на общероссийском ТВ. У них сейчас Ванюша Грозный в фаворе, а Баторий его бил…»

І яшчэ: «Падпісаўся. Асабіста бачыў гэтую карціну ў Варшаве. Рускія на каленях просяць Баторыя аб міры». Маецца на ўвазе палатно Яна Матэйкі «Стэфан Баторы пад Псковам», што знаходзіцца ў каралеўскім замку ў Варшаве.

У спрэчку ўступіў і патрыёт-беларус. Няма помнікаў Багдановічу, Быкаву, Карпюку, Каліноўскаму. З Баторыем можна пачакаць… Нібы фармальна так і ёсьць. Але Каліноўскаму, Быкаву, Карпюку помнікаў не было і ня будзе. Трэба гэта разумець. Пры гэтым начальстве. І сувязі з каралём ніякай няма. А вось яму, хто ведае, раптам і дадуць адмашку паставіць. Бо кроў з носу патрэбныя турысты.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG