Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская ўлада зразумела, што трэба паказаць зубы Маскве», — Класкоўскі пра арышты прарасейскіх прапагандыстаў


Аляксандар Класкоўскі

Трывога беларускіх уладаў наконт пагрозы з боку Расеі апошнім часам значна павялічылася — менавіта гэтым можна патлумачыць рашэньне затрымаць Дзьмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

— Адбыліся затрыманьні прарасейскіх прапагандыстаў Паўлаўца і Алімкіна, Сьледчы камітэт заяўляе, што ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Чаму беларускія ўлады вырашылі пайсьці на гэты крок?

— На мой погляд, гэта гісторыя сьведчыць пра тое, што з гледзішча беларускага кіраўніцтва экспансія «русского мира», у тым ліку сфэры інфармацыйнай, стала пераходзіць чырвоную рысу. Доўгі час аналітыкі, апазыцыйныя палітыкі падкрэсьлівалі, што Менск баіцца зрабіць нейкія рашучыя захады ў адказ на паўзучае прасоўваньне ідэяў «русского мира». Сапраўды, з улікам таго, што Беларусь знаходзіцца ў моцнай эканамічнай, палітычнай залежнасьці ад Масквы і да гэтага часу не вырашаны нафтагазавы канфлікт. Таму калі насуперак усяму беларускія ўлады ўсё ж наважыліся на такія жорсткія дзеяньні, то гэта паказвае, што там наверсе ёсьць пачуцьцё небясьпекі з усходу. Паколькі адносіны Беларусі і Расеі на найвышэйшым узроўні гэта вельмі непразрыстая сфэра, можна меркаваць, што Аляксандру Лукашэнку вядома значна болей, чым вядома шырокай публіцы — гэта напэўна нейкія рэчы, якія ў беларускага кіраўніцтва выклікаюць вялікую трывогу.

У арыштах гэтых прарасейскіх блогераў ёсьць відавочны палітычны падтэкст. Бяручы пад увагу нядаўнія ток-шоў на расейскіх тэлеканалах і антыбеларускія публікацыі на дастаткова вядомых расейскіх рэсурсах, беларускія ўлады прымерваюць на сабе крымска-данбаскі сцэнар, які суправаджаўся моцнай інфармацыйнай вайной. Пачуцьцё небясьпекі з Усходу ў беларускіх уладаў відавочна вырасла. У выніку, мне здаецца, было прынята рашэньне паслаць сыгнал Маскве, што мы будзем абараняць сваю інфармацыйную бясьпеку, а ўрэшце і нацыянальную бясьпеку Беларусі наогул.

— Якой будзе рэакцыя Масквы? І ці будзе яна наогул?

— Пакуль мы бачым рэакцыю на ўзроўні кіраўніцтва агенцтва «Рэгнум». Натуральна, там кажуць пра права на плюралізм, пра новых палітвязьняў. Але ці будзе рэакцыя на ўзроўні вышэйшага расейскага кіраўніцтва? Я не ўпэўнены. У Крамлі пакуль будуць прыглядацца.

Беларуская ўлада, думаю, зразумела, што горай ня будзе і трэба паказаць зубы Маскве. Відавочна, што дачыненьні на самым высокім узроўні сёньня ўвайшлі ў моцны клінч. Гаворка ідзе пра тое, ці ўтрымаецца беларуская эканоміка. У такой сытуацыі Лукашэнка прывык дзейнічаць рашуча, у пэўным сэнсе правакацыйна. Прычым такая палітыка Лукашэнкі прыносіла раней яму пэўны плён і Масква ішла на кампраміс. Па вялікім рахунку, ні тады, ні цяпер нявыгадна даводзіць да градуса кіпеньня спрэчкі з апошнім стратэгічным хаўрусьнікам. Таму беларускае кіраўніцтва вырашыла дзейнічаць у сваёй манеры, абвастраючы сытуацыю. Можна згадаць пра арышт, напрыклад, таго ж Баўмгертнера (хаця паралель, вядома, умоўная) — гэта быў выклік Маскве і Масква гэта зьела.

— Як вы лічыце, гэта кропкавая, паказальная акцыя з боку беларускіх уладаў, ці трэба чакаць новых арыштаў прыхільнікаў «русского мира» у Беларусі?

— Цяжка прагназаваць. Здаецца, і Масква, і Менск робяць тэставыя дзеяньні. Некаторы час таму, калі на расейскіх тэлеканалах у адзін дзень адбыліся два шоў з антыбеларускім падтэкстам беларускія аналітыкі спрачаліся — ці гэта інфармацыйная вайна, ці пробнае выбудоўваньне прапагандысцкага дыскурсу. Хутчэй гэта было першае, бо інтэнсіўнай кампаніі мы пакуль ня бачым. Беларускія ўлады, думаю, у гэтай сытуацыі таксама робяць тэставы крок — яны хочуць паглядзець, якой будзе рэакцыя Масквы, ці зразумеюць там, што трэба трошкі прыкруціць гучнасьць небясьпечнай прапаганды.

— Арышты Алімкіна і Паўлаўца таксама выклікалі дыскусію аб тым, ці можна арыштоўваць за свае меркаваньне і згадваюць справу Пальчыса. Што вы думаеце на гэты конт?

— Трэба разумець, што сытуацыю ў дачыненьнях паміж Расей і Беларусьсю асымэтрычна. Яшчэ Ленін казаў, што трэба праводзіць мяжу паміж нацыяналізмам вялікай нацыі і малой. Вось згадваюць у сацыяльных сетках гісторыю блогера Пальчыса — маўляў, там жа абаранялі, што выказваньні могуць быць спрэчнымі... Але рэч у тым, што Пальчыс пісаў пра агрэсію супраць Украіны, пра экспансію «русского мира» і ягоныя ацэнкі тычыліся менавіта імпэрскай палітыкі Масквы. То бок у гэтым выпадку меншыя нацыі абараняюцца.

Зусім іншая рэч, калі мы бачым раскаты прапагандысцкага грому і, ведаючы ўкраінскі сюжэт, мы разумеем, што расейская прапагандысцкая машына можа зладзіць тэрмаядэрны апакаліпсіс у масавай сьвядомасьці беларусаў. Таму ў гэтай сытуацыі меншая нацыя мусіць бараніцца ўсімі даступнымі сродкамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG