Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу паліцэйскі атрымаў 1 год і 9 месяцаў за забойства інфарматара


Загінулы, раней судзімы за дробныя крадзяжы, вымушаны быў аказваць апэратыўніку паслугі інфарматара — у неафіцыйным парадку.

У Пецярбургу суд даў 1 год і 9 месяцаў калёніі супрацоўніку паліцыі, які ў нецьвярозым выглядзе застрэліў у сябе ў кабінэце свайго інфарматара. Год і месяц былы апэратыўнік ужо правёў пад арыштам падчас сьледзтва.

11 лістапада 2015 году Дзьмітрый Дзямідаў адвёў дачку ў садок, па дарозе дадому зайшоў у краму і там сустрэў старэйшага опэрупаўнаважанага Андрэя Арцемʼева. Той забраў яго з сабой у аддзяленьне паліцыі, а празь некаторы час Дзямідаў быў застрэлены.

Напярэдадні паліцэйскія адзначалі прафэсійнае сьвята. З раніцы Арцемʼеў, відавочна, пахмяліўся: Мэдэкспэртыза ўстанавіла апʼяненьне сярэдняй ступені.

Арцемʼеў і Дзямідаў былі знаёмыя: Дзямідава да жаніцьбы і нараджэньня дачкі некалькі разоў судзілі за дробныя крадзяжы, былі ў яго і адміністрацыйныя пакараньні. З тых часоў Арцемʼеў выкарыстоўваў Дзямідава ў якасьці інфарматара. Родны брат Дзьмітрыя Дзямідава Вадзім распавёў «Фантанцы», што апэратыўнік часта выклікаў Дзямідава да сябе, падбіраў на машыне на вуліцы, забіраў з дому: «У аддзеле Дзіма мог праседзець з раніцы да позьняга вечара. Сядзі, маўляў, і думай. Бывала, кайданкі апраналі, „буцалі“, але не зьбівалі. Пасьля стандартных пытаньняў аб дачыненьні да крадзяжу яго ці знаёмых і адмоўных адказаў прапаноўвалася альтэрнатыва — ці здаць каго, або на цябе злачынства нераскрытыя „павесяць“, або абяцалі падкінуць пакецік з парашком».

Сьледзтва кваліфікавала злачынства як забойства і перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Дзямідаў быў забіты пʼяным апэратыўнікам пры прымяненьні недазволеных мэтадаў дазнаньня з выкарыстаньнем зброі (гэта значыць, папросту засоўваў яму пісталет у рот і выпадкова націснуў курок). Пракуратура прасіла для Арцемʼева 12 гадоў калёніі строгага рэжыму.

Абарона настойвала, што мела месца забойства па неасьцярожнасьці: апэратыўнік нібыта перакладаў пісталет з наплечной кабуры, і пісталет стрэліў. На думку адваката, калі б у Арцемʼева быў намер забіць Дзямідава, ён патрапіў бы з блізкай адлегласьці ў лоб, а ня ў вуха.

Суд пагадзіўся з довадамі абароны, цалкам апраўдаў Арцемʼева па артыкуле аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў, а забойства перакваліфікаваў у прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці.

Сядзець Арцемʼеву засталося 8 месяцаў.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG