Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянцы не падтрымалі зьменаў у Канстытуцыю, прэм’ер Рэнцы абвясьціў пра адстаўку


Прэм'ер-міністар Італіі Матэа Рэнцы перад аб'явай пра адстаўку на прэс-канфэрэнцыі ў Рыме, 4 снежня 2016 году
Прэм'ер-міністар Італіі Матэа Рэнцы перад аб'явай пра адстаўку на прэс-канфэрэнцыі ў Рыме, 4 снежня 2016 году

Па выніках рэфэрэндуму ў Італіі, які адбыўся 4 сьнежня, большасьць грамадзян краіны не падтрымала рэформы прэм’ер-міністра Матэа Рэнцы адносна зьменаў у Канстытуцыю. 60% выбарнікаў сказалі «не» рэформе і 40% — «так».

Перамогу праціўнікаў рэформы называюць разгромнай, нягледзячы на высокую актыўнасьць італьянскіх выбарнікаў: на ўчасткі прыйшлі амаль 70 адсоткаў з прыкладна 47 мільёнаў грамадзян, якія мелі права голасу. Сярод 20 абласьцей краіны канстытуцыйную рэформу ўраду левацэнтрыстаў падтрымалі толькі тры рэгіёны: Таскана, Эмілія-Раманья і Трэнтына Альта Адыджэ.

Прэм’ер-міністар Матэа Рэнцы, лідэр праэўрапейскай Дэмакратычнай партыі, адразу абвясьціў пра сваю адстаўку. «За гэтую паразу я бяру ўсю адказнасьць на сябе. Я хацеў скараціць колькасьць парлямэнцкіх крэслаў, але адзіны, хто застаўся бяз крэсла, гэта я», — сказаў кіраўнік ураду ўначы на прэс-канфэрэнцыі. Ён паведаміў, што ў панядзелак, 5 сьнежня, правядзе пасяджэньне кабінэту міністраў, а пасьля абеду сустрэнецца з прэзыдэнтам Італіі, каб афіцыйна падаць яму заяву пра сваю адстаўку.

Лідэры папулісцкіх партыяў Італіі заявілі пра перамогу дэмакратыі ў Італіі. Партыя «Рух 5 зорак» абвясьціла, што ўжо працуе над фармаваньнем новага ўраду. Партыйцы патрабуюць цяпер датэрміновых выбараў у парлямэнт ужо ўвесну наступнага году. Іншыя апанэнты — «Паўночная Ліга» і партыя Сыльвіё Бэрлюсконі — хоць і на розных умовах, таксама выступілі з аналягічнымі прапановамі. Гэтыя палітычныя сілы падтрымліваюць Расею і зьяўляюцца гарачымі прыхільнікамі прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Напярэдадні рэфэрэндуму яны абяцалі дамагацца адмены антырасейскіх санкцыяў з боку Эўразьвязу. Папулісты таксама абяцалі правядзеньня чарговага рэфэрэндуму па выхаду Італіі з зоны эўра.

З абвяшчэньнем прэм’ера аб адстаўцы ў Італіі пачынаецца беспрэцэдэнтны ўрадавы крызіс, канстатуюць аглядальнікі. Пераможаны дзейны ўрад фактычна мае парлямэнцкую большасьць і можа працягваць працу. У той час як партыі-пераможцы рэфэрэндуму ня ў стане пакуль прапанаваць альтэрнатыву. Прэзыдэнт Італіі Сэрджа Матарэла павінен вырашыць: прызначыць фармаваньне часовага тэхнічнага ўраду, каб забясьпечыць эканамічную стабільнасьць краіны і эўразоны або ўпаўнаважыць прэм’ера Рэнцы праверыць вотум даверу да ўраду ў парлямэнце. Як адзначаюць італьянскія выданьні, хутчэй за ўсё, прэзыдэнт ня прыме ідэю новага ўраду і прызначыць нэўтральную асобу, які будзе часова кіраваць дзейным складам кабінэта.

Вынікі італьянскага рэфэрэндуму пацьвердзілі асьцярогі заходніх аглядальнікаў пра чарговы трыюмф папулістаў і эўраскептыкаў пасьля галасаваньняў у Вялікабрытаніі і ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG