Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскі рэфэрэндум можа стаць пачаткам новага «Брэксіту»


Прэм’ер-міністар Матэа Рэнцы
Прэм’ер-міністар Матэа Рэнцы

4 сьнежня італьянцы праводзяць рэфэрэндум, які некаторыя разглядаюць як індыкатар, ці стане Італія наступнай пасьля Вялікабрытаніі кандыдаткай на выхад з Эўразьвязу.

Рэфэрэндум наўпрост не датычыць дачыненьняў краіны з Эўразьвязам. Італьянцы будуць вырашаць, ці варта падтрымаць прапанову праэўрапейскага прэм’ер-міністра Матэа Рэнцы аб павелічэньні ягоных выканаўчых паўнамоцтваў для правядзеньня эканамічных рэформаў.

Антыэўрапейскія палітычныя сілы ў краіне заклікаюць італьянцаў галасаваць «супраць» у надзеі зьмясьціць Рэнцы і расчысьціць шлях для вываду Італіі з эўразоны і, у пэрспэктыве, з Эўразьвязу.

Рэнцы публічна паабяцаў сысьці ў адстаўку, калі выбаршчыкі ня ўхваляць яго прапанову. Антыэўрапейскія сілы ўхапіліся за рэфэрэндум як шанец, каб зьняць яго з пасады.

У выпадку адстаўкі Рэнцы ў краіне будзе сфармаваны часовы ўрад і адбудуцца пазачарговыя выбары. Гэткае разьвіцьцё падзей дае шанец галоўным антыэўрапейскім сілам — Руху пяці зорак і Паўночнай лізе — павысіць свой уплыў на грамадзтва, які і цяпер даволі вялікі. Паводле апошніх апытаньняў, Рух пяці зорак падтрымліваюць каля 30% італьянцаў, а Паўночную лігу — 12%.

Шанцы Італіі сьвядома выбраць выхад з ЭЗ даволі нізкія, але шанцы таго, што Італія можа пакінуць эўразону і прывесьці да каляпсу адзінай валюты, даволі вялікія.

«Усе сілы, якія выступаюць супраць ЭЗ, знаходзяцца ў лягеры, які будзе галасаваць „супраць“ на рэфэрэндуме, але ў гэтым лягеры ёсьць таксама праэўрапейскія сілы, якія выступаюць супраць Рэнцы. Таму карціна тут больш складаная, чым наўпроставая канфрантацыя паміж праэўрапейскімі і антыэўрапейскімі сіламі», — сказаў нашаму радыё Джавані Арсіна, прафэсар палітычнай гісторыі Ўнівэрсытэту LUISS у Рыме.

Назіральнікі кажуць, што папулісцкія партыі карыстаюцца незадаволенасьцю італьянцаў цяперашняй эканамічнай сытуацыяй.

«Шанцы Італіі сьвядома выбраць выхад з ЭЗ даволі нізкія, але шанцы таго, што Італія можа пакінуць эўразону і прывесьці да каляпсу адзінай валюты, даволі вялікія і, верагодна, яны мацнеюць у дадзены момант», — лічыць Стыў Дэйвіс, экспэрт Інстытуту эканомікі зь Лёндану.

Італія — трэцяя паводле велічыні эканоміка ЭЗ пасьля Нямеччыны і Францыі, таму многія эканамісты лічаць, што выхад Італіі ўсяго толькі з эўразоны можа нанесьці «сьмяротны ўдар» па ўсім зьвязе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG