Пасьля ўхваленьня парлямэнтам Вялікай Брытаніі каралева Лізавета падпісала «Біль пра паўнамоцтвы на дасудовыя расьсьледаваньні». Біль, што называюць «брытанскім пакетам Яравой» альбо «законам шпегаў», дае права брытанскім спэцслужбам і доўгаму шэрагу ўстановаў, які пералічвае The Independent, сачыць за брытанцамі і праглядаць іхную інтэрнэт-гісторыю. Закон набудзе сілу ў 2017 годз
Біль рыхтавала прэм’ер-міністар Тэрэза Мэй, якая спрабавала ўвесьці нават больш жорсткі закон у 2014 годзе, калі была міністрам унутраных спраў, ды тады закон заблякаваў Высокі суд Лёндану і Эўрапейскі суд. Эўрапейскі суд разгледзіць і гэты біль, але ж заканадаўства Эўразьвязу ў хуткім часе можа перастаць распаўсюджвацца на Вялікую Брытанію — тая прагаласавала на рэфэрэндуме за выхад з ЭЗ.
Супраць закону выступалі буйныя IT-кампаніі, перабежчык з ЦРУ Эдвард Сноўдэн называў яго «самым экстрэмальным у гісторыі заходняй дэмакратыі».
«Закон шпегаў» значна пашырае паўнамоцтвы спэцслужбаў у масавым зборы зьвестак і сачэньні за канкрэтнымі грамадзянамі. Біль робіць іх больш шырокімі, чым у большасьці дэмакратычных краінаў.
Ён абавязвае правайдэраў захоўваць гісторыю наведваньняў сайтаў кожнага карыстальніка цягам году і дае права праглядаць гэтую гісторыю праваахоўнікам, спэцслужбам, Мінабароны і МУС, нават Управе аховы працы і Агенцтву харчовых стандартаў. Паліцыя і спэцслужбы цяпер могуць без праблемаў узломваць кампутары карыстальнікаў, а таксама легальна перахопліваць зьвесткі паводле сцэнароў, якія выкрываў Сноўдэн. Але, прынамсі, «закон шпегаў» не дае спэцслужбам прамога доступу да перапіскі карыстальнікаў і адрасоў канкрэтных старонак, што чалавек наведваў на сайце.
У Вялікай Брытаніі цяпер будзе створаны спэцыяльны орган, які будзе сачыць за законнасьцю доступу спэцслужбаў да зьвестак карыстальнікаў. Ды праслухоўваньне дэпутатаў парлямэнту зможа санкцыянаваць толькі прэм’ер-міністар.
У Беларусі тым часам КДБ можа легальна слухаць любыя размовы, а правайдэры абавязаныя захоўваць гісторыю наведваньняў карыстальнікаў цягам году і выдаваць яе спэцслужбам на легальны запыт. Беларусы ня раз заяўлялі, што спэцслужбы ўзломвалі іх электронную пошту ці акаўнты ў сацсетках без законных падстаў, ды ёсьць спосаб праверыць, ці не ўзламалі вас.