Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 110 гадоў таму выйшаў першы нумар «Нашай нівы»


Падзеі 23 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

23 лістапада 1906 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты «Наша ніва». Першыя 42 нумары выдаваліся беларускімі кірыліцай і лацінкай. Выданьне газэты было спынена ў 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першае ўсясьветнае вайны – нямецкія войскі набліжаліся да Вільні.

У 1991 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца ў Вільні адбылося адраджэньне «Нашай нівы». У 1996-м рэдакцыя газэты пераехала ў Менск.

Таксама ў гэты дзень

1793 — у Горадні скончыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай. Паводле задумы расейскае царыцы Кацярыны II, гэты сойм мусіў замацаваць другі падзел Рэчы Паспалітай. Раней, 23 верасьня, адбылося гэтак званае «нямое паседжаньне». Дэпутаты маўчалі некалькі гадзінаў. Урэшце маршалак сойму сказаў, што маўчаньне азначае згоду.

Новы замак (каралеўскі палац) у Горадні, месца правядзеньня апошняга сойму Рэчы Паспалітай
Новы замак (каралеўскі палац) у Горадні, месца правядзеньня апошняга сойму Рэчы Паспалітай

1831 — у Санкт-Пецярбургу адкрыўся Румянцаўскі музэй. Кнігі, рукапісы, манэты, этнаграфічныя і мастацкія калекцыі былі перавезеныя сюды з Гомельскага палаца графа Румянцава, куды ён усё гэта зьбіраў у часе сваіх ваенных паходаў. Пазьней музэй быў перавезены зь Пецярбургу ў Маскву, а там на ягонай базе была створаная Румянцаўская бібліятэка, якая за савецкім часам стала бібліятэкай імя Леніна — галоўнай расейскай бібліятэкай.

Будынак былога Румянцаўскага музэю ў Санкт-Пецярбургу
Будынак былога Румянцаўскага музэю ў Санкт-Пецярбургу

1959 — прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь дэкляраваў лёзунг «Эўропа ад Атлянтыкі да Ўралу».

1979 — быў выдадзены падвойны альбом «Сьцяна» брытанскага гурту Pink Floyd.

1991 — Фрэдзі Мэркуры пацьвердзіў чуткі пра сваё захворваньне на СНІД. Увечары наступнага дня ён спачыў.

У гэты дзень нарадзіліся

1871 — Уладзімер Тэраўскі, беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.

1910 — Зьмітрок Астапенка, беларускі паэт і празаік.

1954 — Міхаіл Русы, беларускі палітык, старшыня Аграрнай партыі.

1958 — Аляксандр Дабравольскі, беларускі палітык.

1966 — Міхась Скобла, беларускі паэт, перакладчык, эсэіст.

У памяці

1886 — памёр Адам Кіркор, грамадзкі дзяяч, этнограф, публіцыст.

Адам Кіркор
Адам Кіркор

Кіркор адзін зь першых адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874 годзе, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных фальклёрных відаў творчасьці.

1970 — памёр Яўген Цікоцкі, беларускі кампазытар. У 1970-х, калі гарадзкія ўлады руйнавалі гістарычны цэнтар Менску, Цікоцкі быў адным з актыўных абаронцаў архітэктурнай спадчыны.

2006 — у выніку атручваньня палоніем памёр Аляксандар Літвіненка, былы супрацоўнік КДБ-ФСБ. Існуе меркаваньне, што Літвіненка быў забіты праз тое, што знайшоў доказы сувязяў блізкіх да Пуціна чыноўнікаў з арганізаванай злачыннасьцю.

Аляксандар Літвіненка
Аляксандар Літвіненка

Што будзе

У Жодзіне пачнецца «масавы» суд над супрацоўнікамі БелАЗу ды іхнымі саўдзельнікамі.

Паводле сьледзтва, зь верасьня 2014-га па кастрычнік 2015 году 9 абвінавачваных скралі зь БелАЗу амаль на 70 тысяч даляраў запчастак для кар’ернай аўтатэхнікі.

Дыскусіі, імпрэзы, выставы

Прэзэнтацыя кнігі Зьмітра Бартосіка ў Магілёве

Кніга Зьмітра Бартосіка вырасла зь перадачы «Падарожжы Свабоды». Аўтар сабраў разам гісторыі, якія сьведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцьця і якія мяняюць звыклае ўяўленьне пра тое, што рабілася ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

Месца правядзеньня: Магілёў, пляцоўка «Цэнтр Кола» (вул. Чкалава, 16). Пачатак а 19-й гадзіне. Уваход вольны.

Адкрыцьцё выставы памяці Алены Кіш.

Выстава праходзіць як вынік мастацкага пленэру памяці Алены Кіш, беларускай мастачкі першай паловы ХХ стагодзьдзя. У сваёй творчасьці Алена Кіш спалучала дэкаратыўна-арнамэнтальны і сюжэтны жывапіс.

Месца правядзеньня: Менск, Палац Рэспублікі, мастацкая галерэя «Унівэрсытэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1).

Час працы: 11:00 — 19:00. Уваход вольны.

Палесьсе 4.0. Перазагрузка

У межах «Году ўкраінскае літаратуры» этноляг Павал Церашковіч і літаратарка Натальля Бабіна будуць разважаць пра нацыянальныя міты, канфлікты і дыялёгі ідэнтычнасьцяў.

Месца правядзеньня: Менск, Кнігарня Логвінаў (пр. Незалежнасьці, 37а), Пачатак а 19:00. Уваход вольны.

Канцэрт «Разьбітае сэрца пацана»

Гурт «Разьбітае сэрца пацана», вядомы ўжываньнем трасянкі ў сваіх песьнях, сыграе 23 лістапада «Асеньні канцэрт». Музыкі парадуюць слухачоў сваімі старымі і новымі творамі.

Месца правядзеньня: Менск, бар Beer&Wine (вул. Кульман, 9).

Пачатак а 19:00. Квіткі можна набыць на ўваходзе, кошт 16-17 рублёў.

Круглы стол «Лістапад 1996. Погляд праз 20 гадоў»

У праграме даклады па гісторыі, прававы і палітычны аналіз рэфэрэндуму 1996 году ў Беларусі. Мерапрыемства праводзіцца з ініцыятывы Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Месца правядзеньня: Менск, памяшканьне прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (Кульман, 4). Пачатак аб 11-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG