Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ і «Ўкраэрарух» зьняпраўдзілі інфармацыю пра прыцягненьне да адказнасьці дыспэтчараў за вяртаньне самалёта «Белавія»


Дзяржаўнае прадпрыемства «Украэрарух» і Служба бясьпекі Ўкраіны зітняпраўдзілі інфармацыю, распаўсюджаную прэс-службаю кіраўніка беларускай дзяржавы пра прыцягненьне да дысцыплінарнай адказнасьці дыспэтчараў, якія 21 кастрычніка вярнулі самалёт «Белавія» ў аэрапорт вылету «Жуляны».

«Паводле аналізу інцыдэнту з самалётам авіякампаніі „Белавія“ і ў Службе бясьпекі Ўкраіны, і ва „Ўкраэраруху“ прызналі дзеяньні сваіх супрацоўнікаў адпаведнымі ўнутраным і міжнародным нормам», — паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Україньскі новини».

Як паведаміў радыё Свабода намесьнік дырэктара інфармацыйнага агенцтва «Україньскі новини» Аляксандар Харольскі, з афіцыйных адказаў гэтых структур вынікае, што дысцыплінарныя меры ні да кога з супрацоўнікаў не былі ўжытыя, насуперак дадзеным беларускаму боку прэзыдэнтам Украіны запэўніваньням, што вінаватыя ў інцыдэньце «знойдзеныя і ўжо пакараныя».

«Мы зьвярнуліся да СБУ ды „Ўкраэраруху“ з пытаньнямі, ці праводзілася расьсьледаваньне і ці прызнаваліся іхныя супрацоўнікі вінаватымі ў інцыдэньце з самалётам „Белавія“, пра што публічна заяўляў беларускі бок пасьля тэлефоннай размовы Лукашэнкі і Парашэнкі, а таксама прасілі ўдакладніць, якія менавіта захады ўзьдзеяньня і да каго асабіста былі ўжытыя. У Дзяржаўным прадпрыемстве абслугоўваньня паветраных зносін Украіны пацьвердзілі, што дыспэтчар кіраваньня дзейнічаў у адпаведнасьці з міжнароднай практыкай, а ў СБУ — што іх супрацоўнікі наагул не давалі ніякіх указаньняў дыспэтчарам», — сказаў Аляксандар Харольскі.

У той жа час намесьнік дырэктара інфармацыйнага агенцтва мяркуе, што няма падстаў не давяраць распаўсюджанай беларускім бокам інфармацыі пра выбачэньні Пятра Парашэнкі за інцыдэнт з самалётам. «Думаю, няма сэнсу хлусіць у такіх пытаньнях. Ды і ўкраінскі бок гэтага не аспрэчваў», — дадаў ён.

21 кастрычніка самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 маршрутам Жуляны (Кіеў) — Менск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету на патрабаваньне ўкраінскіх дыспэтчараў. «Белавія» заявіла, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку невыкананьня іхнага распараджэньня. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.

Самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян увечары таго ж дня, пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), вылецеў іншым рэйсам «Белавія» ў Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.

Міністэрства замежных спраў Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў. Менск сьцьвярджаў, што ўкраінскі бок пагражаў ужыць зьнішчальнікі супраць пасажырскага судна — надзвычайная рэч у міжнароднай практыцы.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла 10 лістапада, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў часе тэлефоннай размовы выбачыўся за вяртаньне беларускага самалёта ў аэрапорт вылету і паведаміў пра пакараньне вінаватых у гэтым інцыдэнце. У той жа час прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта гэтага не пацьвердзіла.

Пазьней прадстаўнік прадпрыемства «Украэрарух» паведаміў, што пытаньне пра кампэнсацыю беларускаму боку за вяртаньне ў Кіеў самалёту «Белавія» будзе вырашана станоўча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG