Расея разьмясьціла на Курыльскіх выспах берагавыя ракетныя комплексы «Баль» і «Бастыён». Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на газэту Ціхаакіянскага флёту «Баявая вахта».
Паводле газэты, баявое дзяжурства нясе дывізіён берагавога ракетнага комплексу «Бастыён» на востраве Ітуруп і дывізіён берагавога ракетнага комплексу «Баль» на востраве Кунашыр.
Раней аб плянах разьмясьціць на гэтых выспах найноўшыя берагавыя ракетныя комплексы паведамлялі прадстаўнікі Міністэрства абароны РФ.
У сакавіку былы начальнік галоўнага штаба ВМФ Расеі адмірал Віктар Краўчанка, камэнтуючы гэтыя пляны, адзначаў, што разьмяшчэньне «Балю» і «Бастыёну» дасьць магчымасьць умацаваць мяжы ў раёне Курылаў.
Курыльскія выспы ляжаць як «масток» паміж паўночнай Японіяй і паўднёва-ўсходняй Расеяй, які, аднак, не злучае абедзьве краіны, а разьдзяляе іх.
Каля паўтара стагодзьдзя таму Японія і Расея падпісалі дамову, якая пакідала ў японскай уласнасьці чатыры паўднёвыя выспы і давала ва ўладаньне расейцам усё, што на поўнач ад іх. Але пасьля Другой сусьветнай вайны Расея запатрабавала сабе ўвесь гэты архіпэляг і дэпартавала жыхароў паўднёвых выспаў у Японію.
Токіё ніколі не адмовілася ад сваіх прэтэнзій на гэтыя чатыры выспы, якія называе сваімі Паўночнымі тэрыторыямі, а Масква ніколі не пагадзілася аддаць іх назад. Урады абедзьвюх краінаў праводзілі спарадычныя перамовы па гэтай праблеме на працягу больш чым 60 гадоў, але безвынікова. Гэтае пытаньне настолькі цяжкое, што Японія і Расея да гэтага часу не падпісалі мірнай дамовы, якая фармальна паклала б канец вайне паміж краінамі.