Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ня супраць кампэнсаваць выдаткі за вяртаньне самалёту «Белавія»


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Прадстаўнік прадпрыемства «Украэрарух» лічыць, што пытаньне пра кампэнсацыю беларускаму боку за вяртаньне ў Кіеў самалёту «Белавія» будзе вырашана станоўча.

«Размова ідзе ў перапісцы паміж авіякампаніямі, узгадненьне камэрцыйных пытаньняў наконт кампэнсацыі і г. д. Усё астатняе — гэта камэрцыйная таямніца, і агучваць няма сэнсу. Мы знаходзімся з авіякампаніяй ў вельмі даўніх, дружалюбных, скажам так, узаемадачыненьнях, ніколі не было ніякіх прэтэнзіяў узаемных ні ў нас, ні ў „Белавія“, таму я думаю, што пытаньне будзе вырашана станоўча», — сказаў прадстаўнік «Украэраруху» Леў Крыжаноўскі тэлеканалу АНТ.

Начальнік Упраўленьня інфармацыі МЗС Украіны Марʼяна Беца ў сваю чаргу заявіла, што расьсьледаваньне інцыдэнту працягваецца: «МЗС Украіны, безумоўна, вельмі сурʼёзна ставіцца да гэтага інцыдэнту. Нашы кампэтэнтныя органы працягваюць расьсьледаваньне, пра што мы паведамілі беларускаму боку 31 кастрычніка. Мы спадзяёмся, што паміж нашымі кампэтэнтнымі органамі будзе знойдзена паразуменьне, і пытаньне будзе вырашана ў канструктыўным рэчышчы, што будзе прымальна для абодвух бакоў».

21 кастрычніка самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 маршрутам Кіеў (Жуляны) — Менск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету на патрабаваньне ўкраінскіх дыспэтчараў. «Белавія» заявіла, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў разе невыкананьня іхнага распараджэньня. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.

Прычынаю вяртаньня самалёту быў блогер і «антымайданавец» Армэн Мартырасьян. Увечары таго ж дня, пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), ён вылецеў іншым рэйсам «Белавія» ў Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.

Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG