Паводле расейскага паведамленьня, верталёт трапіў пад абстрэл у правінцыі Хама падчас місіі дастаўкі гуманітарнай дапамогі і зьдзейсьніў аварыйную пасадку ў 40 кілямэтрах на паўночны захад ад гораду Пальміры. Пасадачная пляцоўка трапіла пад агонь, але выратавальны верталёт хутка эвакуяваў экіпаж на авіябазу Хмэймім у правінцыі Лятакія, што выкарыстоўваецца расейскімі вайскоўцамі.
Блізкае да групоўкі «Ісламская дзяржава» інфармацыйнае агенцтва Amaq паведаміла іншую вэрсію інцыдэнту. Паводле яго, расейскі вайсковы верталёт быў зьнішчаны ракетным абстрэлам у населеным пункце Хувайсіс у цэнтральнай частцы Сырыі.
Назіральная арганізацыя «Сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека» таксама паказвае, што верталёт трапіў пад абстрэл пры заходзе на пасадку ў раёне Хувайсіс.
Расея страціла чатыры верталёты ў Сырыі, дзе ажыцьцяўляе паветраную кампанію ў падтрымку сілаў прэзыдэнта Башара Асада.