Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра Субоцін назваў інфармацыю Рассельгаснагляду тэхнічнай памылкай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня — дырэктар Дэпартамэнта вэтэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі Аляксандар Субоцін назваў інфармацыю Рассельгаснагляду пра дамешкі сухога малака ў беларускім цэльным малацэ тэхнічнай памылкай.

1 лістапада ТАСС паведаміў, што супрацоўнікі Цьвярской міжабласной вэтэрынарнай лябараторыі ўпершыню выявілі незаконныя дабаўкі сухога малака ў прадукцыі, якая пастаўляецца ў Расею чатырма малочнымі камбінатамі зь Беларусі, — Менскім малочным заводам № 1, гомельскай «Мілкавітай», гарадзенскім «Малочным сьветам» і Маладзечанскім малочным камбінатам. Паводле інфармацыі ТАСС, няякасны тавар здымаецца з абарачэньня.

Аляксандар Субоцін заявіў, што інфармацыя пра дамешкі не пацьвердзілася.

«Мы ўчора атрымалі паведамленьне пра тое, што нашы вытворцы разбаўляюць цэльнае малако сухім. Аднак мы гарантуем якасьць нашай прадукцыі, таму такая сытуацыя немагчымая ў прынцыпе. Усе пратаколы, якія нам былі прадстаўленыя і адлюстраваныя ў сыстэме папярэдняга апавяшчэньня Рассельгаснагляду „Сырано“, празь некалькі гадзін былі ануляваныя і пазначаныя як тэхнічная памылка», — цытуе БелТА Субоціна.

Паводле намесьніка міністра, цяпер у Беларусі адзначаецца лішак сыравіны.

«Пры лішку сыравіны досыць дзіўна было б рэгуляваць тлустасьць малака дамешкамі сухога».

Субоцін адзначыў, што чатыры беларускія прадпрыемствы, якія нібыта маглі выкарыстоўваць сухое малако, — адны зь вядучых экспартэраў. Іх прадукцыя праходзіць жорсткі кантроль. Паводле Субоціна, беларускі бок цалкам выконвае свае абавязаньні.

Падазрэньні ў тым, што беларускія вытворцы падмешваюць сухое малако, выказваюцца не ўпершыню.

У мінулым годзе Лукашэнка паскардзіўся Пуціну на заяву Назарбаева, што ён «шпарыць парашок».

На гэта Пуцін каротка адказаў: «Гэта ж ня піва, нашто вы разбаўляеце малако?.. Нурсултан Абішавіч разьлічваў на вашу рэакцыю, ён гэтага дамогся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG