Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове будзе другі тур: прарасейскаму кандыдату не хапіла 2%


Жанчына на выбарчым участку ў Кішынёве. 30 кастрычніка 2016 году
Жанчына на выбарчым участку ў Кішынёве. 30 кастрычніка 2016 году

Першыя за 20 гадоў наўпроставыя прэзыдэнцкія выбары ў Малдове пройдуць у два туры, калі верыць вынікам, атрыманым пры падліку галасоў у 99% пратаколаў. У першым туры выбараў, што прайшоў у нядзелю, 30 кастрычніка, ніводзін з кандыдатаў не набраў 50% галасоў. Другі тур мае прайсьці 13 лістапада.

Малдова застаецца парлямэнцкай рэспублікай, паўнамоцтвы прэзыдэнта абмежаваныя кіруючай бальшынёй парлямэнту і Канстытуцыяй.

Папярэднія апытаньні прадракалі перамогу лідэру Сацыялістычнай партыі Малдовы, 41-гадоваму эканамісту Ігару Дадону. Да перамогі ў першым туры яму не хапіла пары адсоткаў: за яго прагаласавалі каля 48,2% выбарнікаў. Дадон лічыцца прарасейскім палітыкам — ён абяцаў зьмяніць цяперашні праэўрапейскі кірунак палітыкі Малдовы.

Другое месца з 38,4% галасоў заняла кандыдатка, якая лічыцца праэўрапейскай: былая міністар асьветы Мая Санду з партыі «Дзеяньне і салідарнасьць». Яна казала, што краіна мусіць умацоўваць шанцы на далучэньне да Эўразьвязу.

Яшчэ 6% галасоў узяў лідэр папулісцкай «Нашай партыі» Дзьмітры Чубашэнка. Дырэктар малдоўскай газэты «Панарама» ў сваіх калёнках на расейскім шавіністычным сайце Regnum пісаў аб «праэўрапейскім дне» Малдовы і перамозе русафобіі над дэмакратыяй. Ён у другі тур не праходзіць.

На выбарах практычна не гучала тэмы аб’яднаньня Малдовы з Румыніяй, дый прыхільнікі аб’яднаньня з Румыніяй не набралі шмат галасоў. Акрамя трох названых вышэй, іншыя кандыдаты, сярод якіх тры мужчыны і тры жанчыны, набралі ад 0,1% да 3%.

«Казалі, праэўрапейскія — аказалася, пракраліся». Што адбываецца ў Малдове?

Выбары ў адной з найбяднейшых краінаў Эўропы праходзілі пасьля вялізных карупцыйных скандалаў, скраданьня мільярду эўра з трох найбуйнейшых банкаў і масавых акцыяў пратэсту супраць дзейнага кіраўніцтва дзяржавы, якое называла сябе праэўрапейскім. Пры гэтым найбольш выбарчых участкаў за мяжой былі адкрытыя не ў суседняй Румыніі ці Расеі, а ў Італіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG