Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых каля КДБ вызвалілі


Пяцёра затрыманых падчас акцыі «Дзень памяці» каля будынку КДБ у Менску вызваленыя з Цэнтральнага РУУС Менску.

Затрыманьні актывістаў адбыліся пасьля 9-й вечара, калі большасьць удзельнікаў акцыі «Дзень памяці» каля будынку КДБ і журналістаў разышліся. Таксама на ўдзельнікаў акцыі «Дзень памяці» было складзена як найменей 14 пратаколаў.

Прыбіральнікам з управы «Цэнтар» міліцыянты загадалі прыбраць зьнічы і партрэты, якія паставілі ўздоўж будынку КДБ актывісты «Маладога фронту». Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч на гэта пачаў дакараць прыбіральнікаў: «Навошта вы будзеце рабіць іхную справу: калі хочуць, хай самі прыбіраюць», і ў выніку прыбіральнікі адмовіліся ўмешвацца. Тады больш за 10 міліцыянтаў у цывільным адцясьнілі апошніх удзельнікаў акцыі ад прыступак будынку КДБ і пацягнулі іх у міліцэйскі ЎАЗ.

Усяго было затрымана 5 чалавек: Зьміцер Дашкевіч, Павал Пракаповіч, Сяргей Пальчэўскі, Уладзь Яроменак з «Маладога фронту» і актывістка Натальля Гарачка-Басалыга, якія прыйшла на акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам. Затрманых павезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску. Пра гэта сказаў начальнік гарадзкой міліцыі Аляксандар Барсукоў, які прысутнічаў цягам усёй акцыі на пляцоўцы каля КДБ.

Затрыманьне генэрал Барсукоў патлумачыў тым, што актывісты заміналі камунальным службам. «Возьмем зь іх тлумачэньні, чаму заміналі камунальным службам, і адпусьцім», — сказаў Аляксандар Барсукоў.

Як паведаміў Радыё Свабода Зьміцер Дашкевіч, усе затрыманыя адмовіліся даваць тлумачэньні і нешта падпісваць.

Паводле прыбіральнікаў з управы «Цэнтар», якія працавалі каля будынку КДБ, гэта «ня іхная тэрыторыя»: «Нас сюды выклікалі тэрмінова, гэта ня нашая тэрыторыя. Загадалі прыбраць», — казаў адзін з прыбіральнікаў удзельнкам акцыі. Пасьля затрыманьня актывістаў прыбіральнікі акуратна сабралі зьнічы і партрэты, якія стаялі каля КДБ, і перадалі іх людзям, якія назваліся знаёмымі затрыманых.

XS
SM
MD
LG