Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За камбікорм апраўдалі, а на працы не аднавілі


Ніна Кароль, архіўнае фота

Жлобінскі раённы суд 26 кастрычніка адхіліў скаргу былой начальніцы жывёлагадоўчага комплексу КСУП «Чырвонабярэскі» Ніны Кароль, якая прасіла аднавіць яе на працы і кампэнсаваць маральную шкоду і вымушаны прагул.

«За мае звароты ў праваахоўныя органы наконт безгаспадарчасьці мяне й выпіхваюць зь сельгаспрадпрыемства, — кажа Ніна Васільеўна. — Трыццатага жніўня, калі мяне звольнілі нібыта за прагул, я сапраўды езьдзіла ў пракуратуру, бо дырэктар КСУП Карэн Мурадзян не дапускаў мяне пасьля адпачынку да працы — заяўляў, што я „ствараю яму праблемы“.

Звольнілі мяне на падставе дакладной галоўнага заатэхніка Натальлі Сазончык, якая напісала, што я адсутнічала на комплексе з восьмай гадзіны раніцы да адзінаццатай. Некаторыя сьведкі пацьвярджалі гэта, і суд стаў на бок дырэкцыі: калі тры гадзіны адсутнічала, значыць, быў прагул, і звольнілі мяне правільна. Але ж праца мая на комплексе фактычна пачыналася ня ў восем раніцы, а значна раней, разам зь першай дойкай. І на комплексе я знаходзілася кожны дзень ня восем, як пішуць у табэлі, а 10–12 гадзін».

Ніна Кароль зьвярнулася ў суд, каб яе аднавілі на працы і выплацілі ёй кампэнсацыю, адразу пасьля таго, як кіраўніцтва саўгасу зьвінаваціла яе ў крадзяжы камбікорму і падало судовы пазоў, каб спагнаць яго кошт — 972 рублі. Суд 21 кастрычніка апраўдаў былую начальніцу жывёлагадоўчага комплексу — «не даехаў» камбікорм да жывёлагадоўчага комплексу. А вось на працы — не аднавіў.

«Атрымаю матывіровачную частку судовага рашэньня і зьвярнуся з апэляцыяй у вышэйшую судовую інстанцыю. Бо насамрэч на працы я была ў той дзень, і адʼяжджала ў пракуратуру зусім не надоўга — дачка мяне на аўтамашыне адвезла ў Жлобін і прывезла назад на працу. Мяне мэтанакіравана выжываюць з гаспадаркі, каб яшчэ адабраць і ведамасны дом, у якім я пасьля сьмерці мужа засталася адна», — тлумачыць Кароль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG