Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: у справе Пальчыса расейскія спэцслужбы націснулі на беларускіх калег


Алесь Бяляцкі

У Менску судзяць прызнанага праваабаронцамі палітвязнем Эдуарда Пальчыса, стваральніка рэсурсу 1863x.com, на якім разьмяшчалася вострая публіцыстыка.

25 кастрычніка было агучанае апошняе слова Эдуарда Пальчыса. Чакаецца, што прысуд будзе вынесены ў пятніцу, 28 кастрычніка. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пракурор запатрабаваў для Эдуарда Пальчыса 3,5 года зьняволеньня.

Беларуская дзяржава бачыць у публікацыях Пальчыса распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай варожасьці. Таксама Пальчыса абвінавачваюць у вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў.

Пра тое, чаму Эдуард Пальчыса прызнаны палітвязьнем, RFI распавёў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

Справа мае відавочны палітычны падтэкст.

«Справа мае відавочны палітычны падтэкст. Нагадаю, Эдуард Пальчыс зьяўляўся рэдактарам сайту 1863x.com, які актыўна асьвятляў ваеннае супрацьстаяньне Расеі і Ўкраіны ў 2014 годзе, вельмі жорстка крытыкаваў расейскія ўлады падчас апэрацый у Крыме, у Данбасе. Ён выступаў пад псэўданімам Джон Сыльвэр. Пэўны час беларускія ўлады, спэцслужбы ня ведалі, хто гэта такі, але ўрэшце вызначылі яго асобу. Была заведзеная крымінальная справа за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці».

Алесь Бяляцкі нагадвае, што ў Расеі за апошнія некалькі гадоў распачатыя дзясяткі, калі ня сотні падобных спраў — за бяскрыўдныя вершы, за допісы у Facebook, за паведамленьні ў сродках масавай інфармацыі.

Я лічу, што ў завядзеньні гэтай крымінальнай справы адыгралі ролю якраз расейскія спэцслужбы, якія, хутчэй за ўсё, націснулі або папрасілі беларускіх калег, каб тыя чынілі ціск на Эдуарда Пальчыса, каб спыніць работу гэтага сайту.

«Расейскія ўлады вельмі нэрвова рэагуюць на любую падтрымку ўкраінскага боку і любую крытыку расейскіх уладаў у гэтым канфлікце. І тут мы бачым падобную сытуацыю. Таму я лічу, што, вядома ж, у завядзеньні гэтай крымінальнай справы адыгралі ролю якраз расейскія спэцслужбы, якія, хутчэй за ўсё, націснулі або папрасілі беларускіх калег, каб тыя чынілі ціск на Эдуарда Пальчыса з тым, каб спыніць работу гэтага сайту».

Праваабаронца патлумачыў, чаму беларускія ўлады зрабілі суд над Пальчысам закрытым:

«Верагодна, у справе ёсьць нейкія матэрыялы спэцслужбаў, беларускага КДБ, магчыма, расейскай ФСБ, якія ўлады не хацелі б выдаваць падчас гэтага працэсу, таму што ў часе працэсу сам падсудны мае права зачытваць любы дакумэнт з крымінальнай справы, як і адвакат. Можа быць, гэты момант. Я лічу, што ў прынцыпе ўлады не зацікаўленыя ў распаўсюджваньні матэрыялаў гэтай справы, таму што доказы віны Пальчыса нікчэмныя. Магчыма, тут ёсьць яшчэ нейкія аргумэнты, але ў любым выпадку закрытасьць гэтай справы яшчэ больш падкрэсьлівае палітычны падтэкст.

Мы бачым, што працэсы перасьледу грамадзкіх і палітычных актывістаў ня спыненыя, яны проста зьмянілі форму.

Мы бачым, што працэсы перасьледу грамадзкіх і палітычных актывістаў ня спыненыя, яны проста зьмянілі форму. Калі летась асноўнай формай пакараньня былі адміністрацыйныя арышты (да 15 сутак), то сёлета мы маем штрафы, што, з аднаго боку, вядома ж, беражэ здароўе актывістаў, але з другога боку, дзе знайсьці гэтыя грошы? Сярэдні штраф цяпер складае прыкладна 400 эўра — гэта ў той час, калі ў Беларусі сярэдні заробак за месяц каля 350 эўра. Беларускія ўлады, выкарыстоўваючы эканамічныя рычагі ўзьдзеяньня, працягваюць практыку перасьледу грамадзкіх актывістаў».

Цалкам інтэрвію можна прачытаць тут.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG