Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Каспараў: У крытычнай сытуацыі Лукашэнка прымкне да «пахана» Пуціна


У Вільні скончыўся Другі форум свабоднай Расеі. Імпрэза сабрала шэраг знакамітых палітычных апанэнтаў Уладзіміра Пуціна, якія цягам трох дзён дыскутавалі пра альтэрнатывы крамлёўскаму рэжыму з мэтай збудаваць новую краіну. Сярод удзельнікаў форуму — палітычны дзеяч Гары Каспараў, які даў інтэрвію «Белсату».

«Я б сказаў, што сытуацыя ў Расеі разьвіваецца па беларускаму сцэнару, але насамрэч усё нашмат больш небясьпечна, бо магчымасьць бацькі Лукашэнкі шкодзіць навакольнаму сьвету даволі абмежаваная. Тэрарызуе толькі сваё насельніцтва, і сваім прыкладам натхняе іншых дыктатараў. Небясьпека Пуціна непараўнальна большая. Мы маем аднаасабовую дыктатуру з усё больш адкрытым выкарыстаньнем элемэнтаў фашысцкай ідэалёгіі.

Сытуацыя ў Расеі разьвіваецца па беларускаму сцэнару, але насамрэч усё нашмат больш небясьпечна, бо магчымасьць Лукашэнкі шкодзіць навакольнаму сьвету даволі абмежаваная.

Пуцін зрабіў канфрантацыю са сьветам ключавым ланцугом сваёй унутрыпалітычнага парадку дня і на гэта працуе расейская прапаганда... Апошнім часам расейская прапаганда пачынае гуляць у шалёныя гульні з вобразамі ядравай вайны. Мне падаецца, гэта крайняя форма палітычнага адчаю дыктатара, які знаходзіцца ў ізаляцыі, але пры гэтым мае калясальныя магчымасьці ствараць напружаньне».

На думку Каспарава, любыя формы палітычнай барацьбы ў Расеі бессэнсоўныя, бо ўсе знаходзяцца пад кантролем Крамля.

«Відавочна, што зьмены ў Расеі могуць адбыцца толькі ў выніку буйной зьнешнепалітычнай паразы. Не абавязкова яна павінна быць вайсковай. Пакуль Пуцін у стане падтрымліваць ілюзію няўразлівасьці, чакаць пераменаў ня варта. Трэба чакаць сытуацыі пераменаў, а яна заўсёды ўзьнікае. У гэтым пляне Віленскі форум нашмат больш эфэктыўны за аналягічныя мерапрыемствы.

Пуцінскі рэжым марнуе мільярды на прапаганду на ангельскай мове, у тым ліку і на прапаганду сярод рускамоўнага насельніцтва, таму мае пэўныя вынікі».

Дыктатары заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго, упэўнены Каспараў.

Лукашэнка знайшоў выгодны для сябе манэўр, калі хоча нешта ад Захаду — дэманстраваць сваё жаданьне дыстанцыявацца ад Расеі, хаця, зразумела, у крытычнай сытуацыі ён прымкне да «пахана»

«Усе рознагалосьсі Лукашэнкі і Пуціна маюць вонкавы характар. Заўсёды ёсьць нейкія канфлікты, альбо «разборкі» як у мафіёзі, але па глябальных пытаньнях іх адносіны аднолькавыя. Лукашэнка знайшоў выгодны для сябе манэўр, калі хоча нешта ад Захаду — дэманстраваць сваё жаданьне дыстанцыявацца ад Расеі, хаця, зразумела, у крытычнай сытуацыі ён прымкне да «пахана».

Каспараў лічыць, што пуцінскую Расею могуць абрынуць толькі эканамічныя санкцыі Захаду.

«Пытаньне не ў тым, што ў Захада няма інструмэнтаў, на Захадзе няма палітычнай волі, а гэта вынікае з таго, што мы толькі цяпер пачынаем разумець маштаб пранікненьня пуцінскай культуры ў фінансавыя, эканамічныя, палітычныя колы Захаду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG