Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ён пачынаў злавацца, то выглядаў вельмі страшна», — аднаклясьнік пра Ўлада К.


«Казаў, што яму не падабаецца беларуская мова і ён не разумее, навошта яму вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі», — аднаклясьнік з пачатковай школы 23-й гімназіі Менску апазнаў Улада К. на фатаздымках.

«Я ўпэўнены, што гэта ён. Ведаю, што ў яго ёсьць старэйшая сястра, што яны заможныя», — кажа малады чалавек. Пасьля сыходу Ўлада з 23-й гімназіі яны яшчэ пару гадоў заставаліся сябрамі.

«Ён любіў у мяне дома бываць, мы гулялі на кампутары. Але дзе ён жыў, я ніколі ня ведаў. Мы жылі ў адным раёне і каталіся на роварах разам. І ён вельмі любіў размаўляць па тэлефоне», — распавядае малады чалавек. Паводле яго, Улад у малым узросьце быў своеасаблівым хлопцам. У тую пару любіў пагуляць у «крывавыя» кампутарныя гульні.

Улад любіў пагуляць у «крывавыя» кампутарныя гульні.

«Калі, напрыклад, зь яго кпілі аднаклясьнікі, то ён проста апантана пачынаў шалець і злавацца. Тады ён выглядаў вельмі страшна. Я калі першы раз такое пабачыў, то падумаў, што нешта з гэтым чалавекам ня так. Бо такога проста чакаць нельга было, — распавядае малады чалавек. — Рэдка, але бывала такое». Праўда, як ён памятае, Улад ня быў сярод тых, каго цкуюць у школе. Хутчэй сярод тых, хто цкуе.

«Я б сказаў, што ён быў гіпэрактыўны ў пачатковай школе. Любіў асобна ад усіх маляваць, меў своеасаблівы гумар. З вучобай быў не ў сябрах, і нават у пятай клясе ў яго ня вельмі былі добрыя адзнакі. Але стасункі з усімі былі нармальныя, а я зь ім сябраваў», — кажа хлапец.

Што да сям’і, то бацьку Ўлада хлапец ня памятае зусім. «Маму часам бачыў. Яна гатавала вельмі смачнае печыва, якое ўсёй клясе падабалася».

«Я вось проста ў размове з вамі згадаў адзін эпізод зь ягонага жыцьця, калі ў яго згарэў дом, — распавядае малады чалавек. — Ня памятаю дакладна, што за прычына была, нейкая тэхнічная. Ён сам быў дома, па яго прыехала сястра, выратавала. Згарэлі ўсе ягоныя цацкі, рэчы — усё. У яго шок быў. Ён на наступны дзень мне пазваніў і пра гэта распавёў».

8 кастрычніка 17-гадовы першакурсьнік Улад К. напаў з бэнзапілой і сякерай на людзей у гандлёвым цэнтры «Эўропа». 43-гадовая жанчына загінула на месцы, 46-гадовая атрымала траўмы і знаходзіцца ў рэанімацыі. Яшчэ адна пацярпелая зь нязначнымі пашкоджаньнямі застаецца дома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG