Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс па-беларуску: стэрэатыпы б’юць закон


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Некалькі гадоў таму я працавала ў маленькай прыватнай фірме, якая займалася мэрчандайзінгам. Я арганізоўвала допуск працоўных у сеткавыя крамы, складала маршруты, займалася справаздачамі, а пры неабходнасьці сама езьдзіла «ў поле». Я тады вучылася на дзённым аддзяленьні факультэту філязофіі і сацыяльных навук і гэтую працу ўспрымала як антрапалягічны праект — гэта дапамагала не звар’яцець ад усьведамленьня поўнай бессэнсоўнасьці таго, што я вымушана была рабіць гадзінамі штодня.

У глябальным сэнсе я зразумела на той працы дзьве рэчы: па-першае, можна ня ведаць, як правільна пішацца назва вуліцы, дзе ты жывеш, і нават не задумвацца, што «нешта ня так», а па-другое, юрыдычны закон — нішто перад стэрэатыпамі.

Закон нярэдка бачыцца нам чымсьці ненатуральным.

Хто піша законы? Невядомыя ці малавядомыя людзі, якіх мы традыцыйна недалюбліваем. Яны носяць чорныя пінжакі, маюць высокую зарплату, абяцаюць шмат, робяць мала, увесь час спасылаюцца на нібыта нашае меркаваньне, якое на самой справе часта ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю. Закон нярэдка бачыцца нам чымсьці ненатуральным. У яго аснове — рацыяналізаваныя структуры і фармальная лёгіка, у ім важныя коскі і злучнікі, ён дакладны і адназначны, чым менш свабодна яго можна трактаваць, тым лепш. Іншая рэч традыцыі!

Традыцыйна мужчына фінансава забясьпечвае сям’ю, а гэта значыць, што ён атрымлівае большы заробак. Закон нібыта гарантуе нам эканамічную роўнасьць, але на справе працадаўцы знаходзяць магчымасьць разьмяркоўваць абавязкі і плаціць заробак у адпаведнасьці з уласнымі ўяўленьнямі пра справядлівасьць. У той кампаніі, дзе я працавала, мужчын на працу бралі ня надта ахвотна.

Калі дзяўчына і хлопец адначасова прасілі даць ім большы аб’ём працы, каб атрымаць большы заробак, у абсалютнай большасьці выпадкаў прыслухоўваліся да просьбы хлопца.

Звычайна гэта аргумэнтавалі тым, што «заробак тут невялікі, а яму ж трэба сям’ю карміць». У тых выпадках, калі прэтэндэнт надта ўжо падабаўся кіраўніцтву, яму ня проста давалі працу, але рабілі ўсё магчымае, каб ён мог зарабляць больш. Калі дзяўчына і хлопец адначасова прасілі даць ім большы аб’ём працы, каб атрымаць большы заробак, у абсалютнай большасьці выпадкаў прыслухоўваліся да просьбы хлопца.

Нефармальная герархія выглядала наступным чынам:

1. Мужчыны;
2. жанчыны, якія самастойна выхоўвалі дзяцей;
3. жанчыны, якія выхоўвалі дзяцей у пары;
4. замужнія жанчыны, якія не мелі дзяцей;
5. незамужнія жанчыны;
6. студэнткі.

Ні ў адным беларускім законе вы ня знойдзеце патрабаваньня, рэкамэндацыі ці проста дазволу выбудоўваць такога кшталту сыстэму разьмеркаваньня абавязкаў і выплаты прэмій. Але закон — нішто перад традыцыямі і стэрэатыпамі, дзе стаўленьне да працоўных вызначаецца ня столькі якасьцю працы, колькі сацыяльным статусам. Пад маскай сацыяльнай адказнасьці гэтая сыстэма толькі падтрымлівае шматузроўневую дыскрымінацыю. Сапраўднай сацыяльнай адказнасьці там не было і блізка — ні бальнічных, ні сапраўдных адпачынкаў, ні тым больш мэдычнага страхаваньня.

Ва ўсіх прэтэндэнтак, у якіх былі дзеці, на сумоўі запытваліся, хто будзе з дзецьмі пад час хваробаў.

Ва ўсіх прэтэндэнтак, у якіх былі дзеці, на сумоўі запытваліся, хто будзе з дзецьмі пад час хваробаў. Запытваліся, ці ёсьць бабулі, гатовыя дапамагчы. Мужчынам такіх пытаньняў не задавалі ніколі. Артыкул 76 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і сьцьвярджае, што бацькі роўныя ў сваіх правах і абавязках перад дзецьмі, але традыцыйная беларуская культурная норма кажа зусім іншае — дзеці абвяшчаюцца жаночай справай, а мацярынства — асноўным клопатам і шчасьцем у жыцьці кожнай жанчыны. І калі гэтай нормай кіруюцца людзі, ад якіх залежыць твой прыбытак, становіцца зусім нявесела.

Пра якія законы можна казаць там, дзе аплату працы лічаць чымсьці неабавязковым.

Увесну 2015 года я актыўна шукала працу, куды мяне маглі б разьмеркаваць па сканчэньні унівэрсытэту. Найбольш яскрава запомнілася сумоўе, дзе дырэктар лягістычнай кампаніі казаў мне, робячы маленькія глыточкі вады з келіху для шампанскага: «Нават геніяльныя мастакі пачыналі з таго, што пісалі карціны бясплатна. Спачатку трэба працаваць на партфоліё». Я глядзела на гэты келіх і на гэтага дырэктара, чый кабінэт быў, здаецца, большага памеру, чым рэцэпцыя і канфэрэнц-заля разам узятыя, і разумела, што ў гэтую кампанію я не пайду працаваць ні пры якіх абставінах. Бо пра якія законы можна казаць там, дзе аплату працы лічаць чымсьці неабавязковым.

Правільныя законы — гэта цудоўна, але які ў іх сэнс, калі кантралююць сытуацыю ўсё адно не яны? У Беларусі афіцыйна забаронена выстаўляць гендэрныя і ўзроставыя абмежаваньні ў вакансіях, але гэты закон не працуе нават фармальна. Міністэрства працы адмаўляецца разглядаць па сутнасьці скаргі на кампаніі, што выстаўляюць у онлайн-вакансіях патрабаваньні кшталту «жанчына, узрост да 27 гадоў, мадэльная зьнешнасьць». Усё, што знаходзіцца па-за афіцыйнай дзяржаўнай базай вакансій, нібыта не ўваходзіць у яго юрысдыкцыю. Шах і мат, — абыякавасьць зноўку перамагае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG