Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Мельнікаў: Мая функцыя — закідваць песьні ў народ


Андрэй Мельнікаў. Выступ на ўгодках Аршанскай бітвы. Аграсядзіба «Гасьціна» пад Лідай, 2016 год

Апошнім часам ён выступае пераважна ў лесе, дзе канцэрты не рэглямэнтуюцца ідэалягічнымі аддзеламі. Ён вандруе па краіне ад Гомеля, у якім прапісаны, да Талькі пад Асіповічамі, дзе штогод ладзіцца лясны Талькаўскі фэст і дзе на нядаўніх выбарах быў у адной камандзе са Сьвятланай Алексіевіч. Госьцем перадачы — аўтар і выканаўца Андрэй Мельнікаў.

— Андрэй, выступаючы на нядаўнім фэсьце пад Лідай, прысьвечаным угодкам Аршанскай бітвы, ты сказаў, што найчасьцей сьпяваеш у лесе. Ты сапраўды даеш нейкія лясныя канцэрты?

— Так. Людзі, якія мяне запрашаюць і слухаюць, — мае даўнія знаёмцы і сябры, якія прыкладна па тых жа прычынах, што і я, ня могуць выкарыстоўваць афіцыйныя пляцоўкі ў гарадах і мястэчках. У лесе ладзяцца розныя летнікі, асеньнікі. Пад Лідай быў таксама такі асеньнік, умовы там вулічныя — вадаём побач, поле. Цяпер вось яшчэ ў чым парадокс: нядаўна была перадвыбарная кампанія, я быў у камандзе былой настаўніцы з Талькі Натальлі Ільлініч, дык сустрэчы адбываліся ў вялізных залях, але там не было людзей. Народ абсалютна лягічна палічыў, паколькі выбараў няма, то няма сэнсу хадзіць на перадвыбарчыя сустрэчы. Скажам, у Старых Дарогах — вельмі клясная заля, добрая акустыка, рэкамэндую ўсім. Але ці пусьцяць нас туды да чарговай выбарнай кампаніі?

Андрэй Мельнікаў з удзельнікамі Талькаўскага фэсту. 2013 год
Андрэй Мельнікаў з удзельнікамі Талькаўскага фэсту. 2013 год

— А чаму ты вырашыў падтрымаць Натальлю Ільлініч?

— З Натальляй мы знаёмыя даўно — з 2003 году штовосень ладзім Талькаўскі фэст. Яна проста патэлефанавала і сказала, што я патрэбны. А там былі ўсе такія напалоханыя, што калі я зьяўляўся на некалькі хвілінаў на ўчастку, то проста ня ведалі, што рабіць. Можа, яны палохаліся яшчэ і ад таго, што ў нашу каманду з 11 чалавек уваходзіла Сьвятлана Алексіевіч? Мабыць, думалі, што яна сама будзе паўсюль езьдзіць і выступаць.

— А як у вашай камандзе апынулася нобэлеўская ляўрэатка?

Першай прыйшла на дапамогу і найбольш дапамагала якраз Сьвятлана Алексіевіч.

— Калі пасьля Плошчы 2010 году на Натальлю пасыпаліся санкцыі і артыкул пра пра яе надрукавала «Народная воля», то яе пазбавілі працы, і яна засталася бяз сродкаў на жыцьцё. І першай прыйшла на дапамогу і найбольш дапамагала якраз Сьвятлана Алексіевіч. Між імі завязаліся зносіны. У іх, вядома ж, розны жыцьцёвы досьвед, але абедзьве жанчыны, скажам так, буйнакалібэрныя. Пра творчасьць Алексіевіч ведае ўвесь сьвет. Але калі ўзяць кнігу Натальлі Ільлініч «Талька і навакольле» — гэта выдатнае краязнаўчае дасьледаваньне, праца сапраўднага гісторыка. Да таго ж, Натальля вельмі сьмелая жанчына. Гэта выклікае велічэзную павагу.

— Многія ведаюць тваю песьню «Гэта мы!»: «Калі нехта скажа — бывай, / гэта яшчэ ня значыць канец. / І хаця ў канвульсіях Край, / рана канстатаваць сьмерць». Песьні гэтай, калі не памыляюся, гадоў дваццаць. А ў якім стане гэты самы Край сёньня?

Сучасная Беларусь апанаваная лукашызмам больш, чым у 90-я гады.

— На жаль, у тым самым стане — у канвульсіях. Калі я ўпершыню выканаў гэтую песьню на сцэне Дому літаратара ў 1995 годзе, адзін нябедны мастак, цяпер ужо нябожчык, нават прылюдна паабяцаў мне за яе катэдж, так яна яго зачапіла... Сучасная Беларусь апанаваная лукашызмам больш, чым у 90-я гады. Тады Валер Булгакаў напісаў у «Аrche», што Беларусь — гэта такі калектыўны Лукашэнка. Цяпер гэта яшчэ больш выразна відаць. У нас лічыцца нармальным «стукаць» на чалавека, лічыць яго правакатарам, ворагам. Чалавека судзяць, садзяць у турму, хоць потым высьвятляецца, што ён невінаваты. У сярэдзіне 90-х такога ўсё ж не было.

Андрэй Мельнікаў
Андрэй Мельнікаў

— Даволі блізка ад твайго Гомеля, адразу за мяжой, неўзабаве будуць дысьлякавацца некалькі расейскіх дывізіяў. Па тваіх адчуваньнях, ці магчымая Гомельская народная рэспубліка — на ўзор ДНР ва Ўкраіне?

У Беларусі нават большыя маштабы анэксіі могуць быць, чым ва Ўкраіне.

— Па маіх суб’ектыўных адчуваньнях, у Беларусі нават большыя маштабы анэксіі могуць быць, чым ва Ўкраіне. Прафэсар Акулаў у свой час пісаў, што толькі 18% Беларусі належыць Захаду, астатняя частка належыць Усходу. Мяне непакоіць, як сёньня некаторыя дзеячы, якія могуць выдаваць сябе прыхільнікамі беларусаў, падстрахоўваюцца. І гэта асабліва было відаць падчас выбарчай кампаніі. Скажам, хтосьці выдаў каляндарык са словамі «За единое Отечество!», хтосьці выдаліў мяне зь сяброў у фэйсбуку. Дужа актывізаваліся праваслаўныя сьвятары. Такім чынам, закідваюцца такія абярэгі на карысьць «русского мира», якія ў выпадку чаго можна будзе прад’явіць, маўляў, мы на вас працавалі. Мяне гэта непакоіць. Хоць, калі разважаць лягічна, навошта Расеі праводзіць тую анэксію, навошта дзейнічаць як у Данбасе. Ёй гэта непатрэбна, ёсьць іншыя спосабы, каб авалодаць нашымі тэрыторыямі.

— А што патрэбна, каб спыніць імпэрскія памкненьні Расеі?

Прадстаўнікі ўладнай эліты адданыя Лукашэнку, але пры гэтым яны ўсё ж беларускія патрыёты.

— Яднаньне. Людзям неабходна яднацца. У 1989 годзе, калі мы ішлі на выбары, калі БНФ пра сябе моцна заявіў, мы ладзілі ў Воршы мітынгі пад абодвума сьцягамі — бел-чырвона-белым і бээсэсэраўскім. І гэта ўспрымалася рознымі людзьмі абсалютна нармальна. Зразумела, знакамітыя відэакадры, на якіх бел-чырвона-белы сьцяг рвецца на кавалкі, падштурхнулі шмат каго называць чырвона-зялёны сьцяг анучай. Але за дваццаць пяць гадоў зьявілася даволі шматлікая беларуская эліта. Прадстаўнікі ўладнай эліты адданыя Лукашэнку, але пры гэтым яны ўсё ж беларускія патрыёты. Яны значна больш згубяць, калі сюды прыйдзе Расея. Папросту стануць нейкімі шаўкамі. Таму з гэтымі людзьмі трэба наводзіць масты. Каманда з таго боку стала больш інтэлектуальная, хоць інтэлектуалы там па-ранейшаму складаюць невялікую частку.

— Кажучы пра інтэлектуалаў ва ўладзе, ты каго маеш на ўвазе?

— А што, Павал Якубовіч не інтэлектуал? Генадзь Давыдзька — таленавітая, цікавая асоба. Фёдар Поўны — таксама вельмі цікавая асоба. Георгі Латушка, наш знакаміты сьвятар, ён цалкам за гэтую ўладу, і пры гэтым беларускі патрыёт.

— У тваіх песьнях часам пераплятаюцца тэксты розных аўтараў, скажам, Леаніда Галубовіча і Віктара Цоя. А хто зь беларускіх паэтаў на 100% твой аўтар?

— Няма такога. Але ёсьць агульная спадчына. Вось Рух «За свабоду» стварыў «Школу Быкава» — школу праўды. Паколькі асноўны мэсыдж Быкава — праўда. Можна ставарыць «школу Караткевіча» — школу чалавечнасьці і беларускай радасьці (блізка да нацыянальнага аптымізму). Прыдалася б нам і «школа Бураўкіна» — школа нацыянальнай дыпляматыі. Бураўкін — беларускі нацыянальны дыплямат, які не згубіў талент. І знаходзячыся на дзяржаўных пасадах, ён выдаваў проста выдатныя рэчы. Ідзём далей. «Школа надзеі» — гэта школа Якуба Коласа. Якуб — апостал надзеі. Цікава, што Колас перабраў каля дваццаці псэўданімаў і спыніўся на Якубе. Коласава надзея блізкая звычайнаму чалавеку, жыцьцю, якое мае пэрспэктыву. Колас мне менавіта такім бачыцца.

З мастаком Алесем Пушкіным на Крапівенскім полі пад Воршай. 2012 год
З мастаком Алесем Пушкіным на Крапівенскім полі пад Воршай. 2012 год

— На тым жа Лідзкім фэсьце ты выступаў у суправаджэньні дзіцячага калектыву, які старанна табе падпяваў. Калі заля падхоплівае твой сьпеў, гэта цябе акрыляе?

— Я ўвогуле лічу, што мая функцыя — закінуць песьню ў народ, потым доўга не выходзіць на сцэну, а хтосьці будзе сьпяваць. Пэўны час так і было. Я ў беларускім арганізьме выконваў функцыю песьнестваральніка. Але камусьці падабаўся мой тэмбр, мая энэргетыка, нейкія іншыя якасьці, і людзі ўсё ж жадалі слухаць мае песьні менавіта ад мяне. Сцэна для мяне — гэта работа. Не рэляксацыя, не асалода, а работа, пасьля якой трэба доўгі час узнаўляцца.

— У цябе ўнівэрсытэцкая адукацыя, але афіцыйна ты — беспрацоўны. А не спрабаваў прыйсьці, скажам, у Гомельскае гарана і сказаць: вось мой дыплём, я настаўнік, дайце працу?

— Найбольш верагодна для мяне ўладкавацца на працу, якая не зьвязаная зь людзьмі. А пры ўладкаваньні ў школу адназначна спрацоўвае кантроль. Можа быць, не адразу, але спрацоўвае. Апошняя мая праца — гурток «шахматы-шашкі» ў адным з раёнаў Гомеля. Некалькі месяцаў папрацаваў. Але як толькі пабыў у летніку з Паўлам Севярынцам, як толькі нашыя фота недзе зьявіліся, мне званок: «Андрэй Міхайлавіч, зайдзіце». І звольнілі. Я філёляг, а сёньня гэта самая незапатрабаваная катэгорыя настаўнікаў. Быў у мяне такі варыянт — стаць прыватным прадпрымальнікам. Пагаварыў са знаёмымі прадпрымальнікамі. Аказваецца, ІП, зарэгістраваныя яшчэ ў 1997 годзе, здаюць справаздачу пачынаючы з таго ж 1997 году і плацяць штрафы. Аднаму майму калегу па БХД таксама прыгадалі 90-я гады, калі ён быў прадпрымальнікам, і выпісалі шматмільённы штраф. Ён вымушаны быў сысьці з палітычнай сцэны. Так што прадпрымальніцтва сёньня дужа абмяжоўвае чалавека. Наедуць і грошай зьдзяруць па максымуме. Таму я вымушаны жыць сёньняшнім днём, без адчуваньня пэрспэктывы. Але ў гэтым ёсьць плюс: калі няма пэрспэктывы — страху менш.

— «Для гітарыста краіна — струна», — сьпявае Лявон Вольскі. А што ў тваім жыцьці ёсьць апрача гітарнай струны?

— Дзясяткі справаў, якія мяняюцца. Калі ёсьць справа, дзе патрэбна мая дапамога, я ў гэтую справу ўваходжу, пачынаю рабіць, пачынаю яе любіць. Прасьцей сказаць, чаго я не люблю. Напрыклад, работы пабытовай — кватэру даводзіць да ладу ці нешта падобнае. Напэўна, тут праяўляюцца мае небеларускія карані — усё ж Мельнікавы паходзяць з казакаў-старавераў, якія прыйшлі ў Беларусь у ХVIII стагодзьдзі. Мусіць, мне наканавана дарога. Сёньня я спрабую асэнсаваць стан адзіноты. Дваццаць гадоў таму я мог пахваліцца — у мяне ёсьць хата ў Воршы, кватэра ў Гомелі, абяцаны катэдж пад Менскам, мяне шмат дзе прымаюць і запрашаюць. Сёньня я не адчуваю запатрабаванасьці ні з таго, ні з другога лягеру. І калі мяне клічуць кудысьці, дзе я патрэбен не як функцыя, а проста як блізкі чалавек, для мяне гэта — як выратаваньне.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG