Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя самалёты атакавалі гуманітарны канвой у Сырыі


Дзеці на разбуранай вуліцы сырыйскага горада Алепа, 18 верасьня 2016 году
Дзеці на разбуранай вуліцы сырыйскага горада Алепа, 18 верасьня 2016 году

Назіральнікі ў раёне сырыйскага горада Алепа паведамляюць, што вайсковыя самалёты атакавалі гуманітарны канвой, які спрабаваў даставіць дапамогу цывільным у пацярпелай у выніку працяглых баёў правінцыі. Гэта адбылося пасьля таго, як вайскоўцы Сырыі абвясьцілі, што больш ня будуць прытрымлівацца рэжыму перамір’я.

У ААН пацьвердзілі, што калёна грузавікоў з дапамогай была атакаваная з паветра 19 верасьня, але не зразумела, чые самалёты ажыцьцявілі ўдар. У выніку нападу былі пашкоджаныя або зьнішчаныя прынамсі 18 з 31 грузавікоў ААН і Сырыйскага арабскага Чырвонага Паўмесяца, якія накіроўваліся ў цяжкадаступны горад Урм-аль-Кубра, дзе маюць патрэбу ў дапамозе каля 78 000 чалавек.

Назіральная арганізацыя «Сырыйская абсэрваторыя па правах чалавека» заявіла, што напад быў учынены сырыйскімі або расейскімі самалётамі. У гэтай арганізацыі сьцьвярджаюць, што зафіксавалі 35 удараў па Алепа і вакол гэтага горада.

Прадстаўнікі адміністрацыі ЗША назвалі атаку на калёну з гуманітарнай дапамогай сур’ёзным ударам па перамір’і, пагадненьне аб якім было дасягнутае пры пасярэдніцтве Вашынгтона і Масквы.

Раней 19 верасьня сырыйскае ўрадавае агенцтва SANA распаўсюдзіла заяву аб спыненьні ў Сырыі перамір’я сіламі рэжыму прэзыдэнта Башара аль-Асада. У тэксьце заявы гаворыцца, што праціўнікі сырыйскага рэжыму скарысталіся перамір’ем для падрыхтоўкі да новых нападаў.

Гэта заява была апублікаваная празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як у Міністэрстве абароны Расеі назвалі «бессэнсоўным» захаваньне рэжыму спыненьня агню ў Сырыі праўладнымі сіламі, паколькі, паводле інфармацыі расейскага боку, прадстаўнікі апазыцыі працягваюць атакі.

«Улічваючы тое, што паўстанцы не выконваюць рэжым спыненьня агню, мы лічым, што захаваньне перамір’я праўладнымі сіламі ў аднабаковым парадку бессэнсоўнае», — заявіў 19 верасьня прадстаўнік Мінабароны Расеі Сяргей Рудской.

У адказ прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джон Кірбі заявіў, што Вашынгтон чакае ад расейскага боку тлумачэньняў у сувязі з заявай сырыйскага камандаваньня. Ён падкрэсьліў, што менавіта Расея ўзяла на сябе адказнасьць за захаваньне Дамаскам рэжыму спыненьня агню.

Перамір’е ў Сырыі набыло моц 12 верасьня — пасьля завяршэньня ў Жэнэве працяглых перамоваў паміж кіраўнікамі дыпляматычных ведамстваў ЗША і Расеі Джонам Керы і Сяргеем Лаўровым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG