Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі 


19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, а таксама прыняў новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь. Пра тое, як гэта адбывалася — фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выйшла другім выданьнем у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе».

Тактыка Апазыцыі БНФ: замест «кантрастнага душу» — просьбы і пераконваньні

18 верасьня 1991 году старшынём Вярхоўнага Савету быў абраны Станіслаў Шушкевіч (вылучаліся чатыры кандыдаты — Уладзімер Заблоцкі (Апазыцыя БНФ), Генадзь Карпенка, Вячаслаў Кебіч і Станіслаў Шушкевіч. У другі тур выйшлі Шушкевіч і Кебіч, перад галасаваньнем Кебіч зьняў сваю кандыдатуру. «Вячаслаў Францавіч — сумленны чалавек», — пракамэнтаваў гэты ўчынак Станіслаў Станіслававіч.

На другі дзень пасьля выбараў старшыні, 19 верасьня, быў заплянаваны разгляд пытаньняў пра назоў краіны, дзяржаўныя герб і сьцяг. У той самы дзень разам са старшынём камісіі па міжнацыянальных зносінах Міхаілам Сьлямнёвым мы меліся ляцець на запрашэньне парлямэнту Малдовы ў Кішынёў.

Раніцай 19 верасьня, перад пачаткам сэсіі, я прыйшоў у прыёмную Шушкевіча — ён яшчэ не перайшоў у «дземянцееўскі» кабінэт і быў у сваім «старым», «намесьнікаўскім», у левым крыле, якраз пад пакоем апазыцыі. Звычайна прыёмная Шушкевіча была пустая, цяпер жа яна поўнілася супрацоўнікамі сакратарыяту і нейкімі незнаёмымі мне асобамі — выглядала, што большасьці зь іх хацелася патрапіць на вочы новаму найвышэйшаму кіраўніку. У прыёмнай быў і Сьлямнёў. Дыялёг у нас атрымаўся кароткі: «Паляціш?» — запытаўся ў мяне Сьлямнёў. — «Не». —"Я таксама«.

Шушкевіч прыняў нас адразу, па-за чаргой, і мы паведамілі, што ў сытуацыі, калі чакаецца такое важнае галасаваньне, пакідаць сэсію ня можам і ў Малдову не паляцім. Шушкевіч сказаў, што гэта слушнае рашэньне і што малдаване зразумеюць і не пакрыўдзяцца.

Цяпер колькі словаў пра нашу тактыку.

На папярэдняй, жнівеньскай сэсіі, калі галоўнымі мэтамі былі абвяшчэньне незалежнасьці і спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС, мы выкарыстоўвалі тактыку, якую я б назваў тактыкай «кантрастнага душу». Адна група дэпутатаў выходзіла да мікрафонаў і (ня будзем ужываць слова «пагражала») з выкарыстаньнем экспрэсіўнай (але ў межах парлямэнтарызму) лексыкі папярэджвала дэпутацкую большасьць пра верагодныя для яе вельмі кепскія наступствы ў выпадку, калі тая не прымае нашых умоў. Камуністам нагадвалі пра тысячы людзей перад Домам ураду, казалі пра фармаваньне на плошчы «нацыянальнай гвардыі», паказвалі стосы тэлеграмаў ад выбаршчыкаў, якія патрабавалі «забараніць злачынную КПБ-КПСС». Асабліва вызначыліся мы з Яўгенам Глушкевічам, выступаючы часам «дуплетам» (зазначу, што асабістыя стасункі ў мяне з былым загадчыкам аддзелу абкаму КПБ, які ў 1988 годзе зьняў з паласы «Віцебскага рабочага» мой артыкул пра Віцебскую АЭС, былі няпростыя — але тут ужо забыліся старыя крыўды, справа была агульная і стаяла вышэй за ўсё).

І на гэтым фоне — грунтоўныя выступы Зянона Пазьняка і Валянціна Голубева з палітычнымі абгрунтаваньнямі неабходнасьці незалежнасьці. Яны нібыта паказвалі: мы не заганяем вас, камуністаў, у кут, вось яно, выйсьце — галасуйце за незалежнасьць.

Такая тактыка патрапіла, як кажуць, у «дзясятку» — незалежнасьць была абвешчаная, дзейнасьць кампартыі спыненая.

Але, дамогшыся незалежнасьці, мы ня мелі сілаў замяніць намэнклятуру: увесь гэты вялізны апарат чынавенства так і застаўся на сваіх месцах.

Цяпер, у сярэдзіне верасьня, страх у намэнклятурных дэпутатаў сышоў. На іх ужо нельга было ціснуць — трэба было пераконваць. І — прасіць. Нават угаворваць. Бо прымаць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг трэба было іхнімі галасамі, галасамі апанэнтаў. Нашых галасоў дзеля гэтага не ставала. Прасіць, пераконваць, але рабіць гэта максымальна лагодна, каб набраць належную колькасьць галасоў. Мы разумелі: вырашаць не аргумэнты, не гістарычныя факты, не палітычная лёгіка, а псыхалягічны настрой.

У такой сытуацыі трэба было выключыць усё, што магло раздражніць дэпутацкую большасьць. Асабліва гэта датычылася дэпутатаў-вэтэранаў; гэтыя трыццаць чалавек маглі вырашыць вынік галасаваньня.

Мне было зразумела, што пасьля маіх надзвычай рэзкіх выступаў на мінулай сэсіі ў жніўні выходзіць на трыбуну цяпер — значыць, настроіць залю супраць, незалежна ад таго, якая аргумэнтацыя гучала б з маіх вуснаў. Не запісваліся для выступаў і некаторыя іншыя дэпутаты апазыцыі. Пазьняк падрыхтаваў вельмі спакойны выступ, тое самае зрабілі Голубеў і Трусаў.

Хаця тактыку карэктавалі ў дні сэсіі, але рыхтаваліся да пытаньня пра сымболіку за некалькі тыдняў. Пазьняк папрасіў мастакоў — Яўгена Куліка, Міколу Купаву, Аляксея Марачкіна, Уладзімера Крукоўскага, Лявона Бартлава ды іншых распрацаваць эталён герба і сьцяга.

Мастакі-фронтаўцы разам з нашымі гісторыкамі зрабілі выставу, прысьвечаную гісторыі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. І калі дэпутаты прыехалі на сэсію, у фае перад Авальнай заляй яны ўбачылі стэнды, на якіх была адлюстраваная гісторыя нацыянальных сымбаляў пачынаючы ад Грунвальдзкай бітвы. Стэнды разьмясьцілі па пэрымэтры вакол калёнаў, і дэпутаты гэтак шчыльна іх атачылі, што ў першыя хвіліны я ня мог прабіцца скрозь сьцяну цікаўных.

Але яшчэ перад тым, як прыйсьці ў Дом ураду, дэпутаты ўбачылі бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Менскага гарсавету: ужо дзейнічала ягоная пастанова, што нацыянальны сьцяг у сталіцы выкарыстоўваецца нароўні зь дзяржаўным сьцягам БССР, усталёўваецца ў залі пасяджэньняў і на будынку гарсавету.

Усім дэпутатам былі раздадзеныя заключэньні навуковай рады Інстытуту гісторыі і прэзыдыюму Акадэміі навук БССР з рэкамэндацыямі прыняць нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных (тут пастараліся Зянон Пазьняк і Валянцін Голубеў, якія працавалі ў згаданым інстытуце).

Напярэдадні сэсіі Шушкевіч параіў Пазьняку зьвярнуцца да Георгія Таразевіча, які ў той час быў членам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, да гэтага — старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР, а яшчэ раней — мэрам Менску, і меў вялікі аўтарытэт у намэнклятурных дэпутатаў. Гэтая парада Шушкевіча была вельмі карыснай — выступ Таразевіча адыграў важную ролю.

Чаму Пазьняк зьняў свой выступ

Магчыма, ні да воднага пытаньня (апроч, зразумела, незалежнасьці) не рыхтаваліся мы так грунтоўна, ніколі так дакладна не вывяралі расклад у Авальнай залі, як цяпер, калі прымалі сымболіку.

Небясьпека чакала адтуль, дзе мы менш за ўсё маглі яе прадбачыць.

З асноўным дакладам па гэтым пытаньні выступаў старшыня камісіі па пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч. Ён успрымаўся намэнклятурай як «свой»: ніколі не сказаў на сэсіі ні слова супроць партыйнага кіраўніцтва, на пасяджэньнях Прэзыдыюму звычайна выказваўся супраць прапаноў Апазыцыі БНФ, у час страйкаў быў на баку ўладаў, а ягоная пазыцыя ў дні путчу прымусіла нас патрабаваць ягонай адстаўкі ў шэрагу іншых членаў Прэзыдыюму ВС, якія ня выступілі ў абарону дэмакратыі і сувэрэнітэту.

У прынцыпе, да Ніла Гілевіча дэпутацкая большасьць павінна была паставіцца прыхільна, ніякага сюрпрызу мы тут не чакалі.

Але ён здарыўся.

Гілевіч у сваёй прамове пачаў рэзка выказвацца на адрас дэпутатаў-камуністаў, узгадаў пэрсанальна Дземянцея — ды так, што ў стэнаграме пазначана: «Шум у зале». Шум сапраўды быў, і немалы.

Выступ Ніла Сымонавіча сваёй палемічнасьцю мог упрыгожыць том публіцыстыкі ягонага поўнага збору твораў — але тут, у Авальнай залі, у гэты канкрэтны момант ён цалкам нішчыў нашую тактыку.

Далей працытую ўспамін Пазьняка:

«Мы аслупянелі ад нечаканасьці. Я бачу, што ўся гэтая камуністычная публіка проста разьятрылася: вочы гараць, злосныя, крычаць. Пачалі яго зганяць з трыбуны. Стала зразумела, што ўсё, канец, катастрофа. Мы іх тыдзень супакойвалі, рыхтавалі, а гэты непрадбачаны „трыбун“ перакрэсьліў нам усё адным махам. Гэта было жахліва. У мяне, памятаю, аж далоні сталі вільготнымі.

Першае, што я зрабіў, — напісаў запіску Станіславу Шушкевічу ў Прэзыдыюм, што здымаю сваё выступленьне. Бо зразумеў, што ў гэтай сытуацыі мне ня варта выступаць. (Артадоксам трэба было адразу сарваць злосьць, а тут — іхны галоўны апанэнт.) Патрэбныя былі выступы на нашу карысьць, але больш нэўтральных людзей, і пажадана — зь іхнага асяродзьдзя, каб яны супакоіліся. Потым я абышоў (тут жа, у залі, бо трэба было дзейнічаць імгненна) усіх сяброў, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, і сказаў, каб тэрмінова карэктавалі выступы і тэматыку, бо неабходна псыхалягічна выправіць і згладзіць канфліктную сытуацыю ў залі».

Пазьняк папрасіў першым выступіць Трусава: Алег валодаў здольнасьцю казаць людзям тое, што яны хочуць чуць, што ў шмат якіх парлямэнцкіх калізіях было якасьцю проста неацэннай. Заля крыху супакоілася. Але напружанасьць у часе дыскусіі адчувалася.

Таразевіч: Тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ні забраць, ні зьмяніць.

Вельмі важным быў выступ народнага дэпутата СССР, былога старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Георгія Таразевіча.

Пра значэньне гэтага выступу шмат пісалася, але, наколькі мне вядома, ён ніколі не публікаваўся — таму зьмяшчаю яго тут цалкам (у перакладзе з расейскай):

«Паважаны Вярхоўны Савет! Прыйшоў час, калі на самым высокім заканадаўчым узроўні разглядаюцца пытаньні зацьвярджэньня гістарычна-нацыянальных сымбаляў беларускага народу — бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» у якасьці дзяржаўных сымбаляў беларускай дзяржавы.

Пытаньні, як тут ужо казалася, вельмі важныя, складаныя і заблытаныя як палітыкамі, гэтак і навукоўцамі. Склалася так, што мы цяжка і доўга ішлі да ўсьведамленьня неабходнасьці зрабіць менавіта гэта. Ня буду называць прычыны, зь якіх тое не было зроблена раней. Можна толькі сказаць, што ў мінулым была і нерашучасьць у доказах з боку навукоўцаў, зьвязаная, відаць, з палітыканствам, непрыманьнем некаторымі коламі рэальных гістарычных і нацыянальных асаблівасьцяў нашага народу.

Я ў свой час даволі падрабязна вывучаў гэтую праблему. Уважліва пазнаёміўся з высновамі і прапановамі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР, прэзыдыюму Беларускай Акадэміі навук, вядомага навукоўцы, прафэсара Анатоля Грыцкевіча. Яны, на мой погляд, дастаткова пераканаўчыя і даказваюць неабходнасьць зацьвярджэньня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».

Праўда, ёсьць і матэрыялы (пра гэта казалася з гэтай трыбуны), якія гавораць, што нацыянальная сымболіка выкарыстоўвалася ў свой час праціўнікамі народу, захопнікамі ў гады Вялікай айчыннай вайны. Некаторыя таварышы ставяць пытаньне: а ці можам мы пасьля гэтага выкарыстоўваць названыя сымбалі ў якасьці дзяржаўных? Народны дэпутат Трусаў ужо адказваў на гэтае пытаньне. Я хачу толькі дадаць, што фашыстоўскія прапагандысцкія службы дзейнічалі вельмі спрытна і хітра. Тыя дзеячы выкарыстоўвалі гістарычную нацыянальную сымболіку ня толькі ў нас у Беларусі, але і практычна ва ўсіх акупаваных краінах. Гэта тычыцца і Францыі, і Польшчы, і Украіны, і нават Расеі.

Рабілася гэта дзеля таго, каб у чыста прапагандысцкіх мэтах заваяваць грамадзкую думку, давер, каб прыцягнуць насельніцтва на свой бок і паказаць сябе зь лепшага боку перад усясьветнай супольнасьцю. На нашай зямлі гэта было тым болей зручна і выйгрышна, паколькі тут у свой час настойліва адмаўлялася старая гістарычная сымболіка і паўсюль уводзілася новая.

Апроч сказанага, гэтыя прыклады паказваюць толькі тое, на мой погляд, што гэтая сымболіка рэальная і ў свой час гістарычна была агульнапрызнаная. Нейкіх іншых нацыянальна-гістарычных сымбаляў (больш папулярных, больш распаўсюджаных), Беларусь ня мела. І самае галоўнае: тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ні забраць, ні зьмяніць.

Несумненна, што аднаўленьне нацыянальнай дзяржавы, умацаваньне яе сувэрэнітэту, немагчыма без нацыянальна-гістарычнай сымболікі. Станоўчае рашэньне гэтага пытаньня Вярхоўным Саветам Беларусі, на мой погляд, асабліва важна цяпер для рэспублікі, паколькі гэта засьведчыць, што ў Беларусі існуе нацыянальная згода, кансалідацыя ўсіх сілаў у вырашэньні самых складаных задач, якія стаяць перад грамадзтвам. Пакажа, што наша рэспубліка цьвёрда пайшла новым, дэмакратычным шляхам разьвіцьця і не зьбіраецца з гэтага шляху адступаць (Воплескі)«.

Цяпер можна сказаць, што матэрыялы і асноўныя тэзісы Таразевічу падрыхтавалі Зянон Пазьняк і Алег Трусаў — аднак пісаў свой выступ ён сам.

У прамове Таразевіча было некалькі важных сэнсавых і псыхалягічных момантаў.

Па-першае, крытыка ў бок «нерашучых» навукоўцаў — прыхільнікаў гістарычнай сымболікі. Насамрэч, паспрабавалі б тыя самыя навукоўцы выявіць большую рашучасьць у адстойваньні нацыянальных сымбаляў у 1970-я гады, калі разьвівалася партыйная кар’ера Таразевіча і большасьці прысутных у залі дэпутатаў! Аднак гэты папрок як бы здымаў з камуністаў значную частку віны — ну, таварышы, пры чым тут мы, калі навукоўцы ў званы ня білі! Па-другое, тут прысутнічаў элемэнт недаверу і да навукоўцаў увогуле, што, як ні парадаксальна гэта прагучыць, у той момант было няблага, бо кідала цень на тых вучоных, якія выступалі супраць нацыянальнай сымболікі. (Хутка сытуацыя ўсталюецца на карысьць прыхільнікаў «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцягу дзякуючы выступам Валянціна Голубева, а затым і Уладзімера Платонава, прэзыдэнта акадэміі навук.)

Нарэшце, аргумэнтацыю «гэты сьцяг выкарыстоўвалі фашысты» Таразевіч разьбіў звыклай для камуністаў лексыкай: што такое «прапагандысцкая машына», яны ведалі добра.

Ну і, безумоўна, Таразевіч успрымаўся парлямэнцкай большасьцю як свой, «плоць ад плоці» намэнклятурна-партыйнага апарату, які прайшоў усе яго прыступкі і дасягнуў самага верху — другой (пасьля 1-га сакратара ЦК КПБ) пасады ў рэспубліцы — Старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. А пераехаўшы ў Маскву на запрашэньне Гарбачова, не апынуўся ў шэрагах «здраднікаў партыі» Якаўлева ды Шэварднадзэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG