Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэрліна ў кароне Магілёўшчыны» — на кансэрвацыю Быхаўскага замка скончыліся грошы


Быхаўскі замак на адной з рэканструкцыяў у Быхаўскім музэі
Быхаўскі замак на адной з рэканструкцыяў у Быхаўскім музэі

Чатыры гады таму чыноўнікі абяцалі знайсьці сродкі, каб пачаць рэканструкцыю Быхаўскага замка. Тым часам гісторык і дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк аптымістычна настроены наконт будучыні помніка архітэктуры. Ён запэўнівае, што працы завершаць і замак будзе ня горшы за Мірскі.

Ад банэрнай сеткі, якой прыкрывалі на Дзень беларускай пісьменнасьці замак, за тры гады засталіся шматкі. На ацалелым кавалку ёсьць зьвесткі, хто ўзводзіў цытадэль, каму яна належала. І што рэканструкцыя быхаўскай цьвержы ўключаная ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» на 2012–2018 гады. Выгляд помніка архітэктуры адначасна велічны і жалю варты.

Гэта цуд

Маладая пара з Расеі доўга аглядала замак. Госьці пахадзілі па пакоях, зь цяжкасьцю адолелі беларускамоўны тэкст на рэштках банэрнай заслоны. Расейцы сказалі, што вандруюць па Беларусі. Пабылі ў Нясьвіжы ды Міры. Падзівіліся на тамтэйшыя замкі, а Быхаўскі іх шакаваў.

Быхаўскі замак у рэальнасьці
Быхаўскі замак у рэальнасьці

«Стан замка далёкі ад нармальнага. Але калі ўявіць, які ён быў, напрыклад, у сямнаццатым, васямнаццатым стагодзьдзі, дык гэта цуд», — першым азваўся мужчына. Ягоная спадарожніца дадала: «Там нібыта напісана, што да 2018 году рэстаўрацыя. Дык як студэнты ў апошнюю ноч перад экзамэнамі рыхтуюцца да іх, гэтак і замак пачнуць аўральна аднаўляць, як тэрмін будзе сыходзіць».

«Цяпер з замкам нічога ня робяць — гэта ж відавочна», — працягнуў сябар суразмоўніцы.

«Нават параўноўваць яго з замкам у Міры некарэктна. Тамтэйшы замак, відаць, быў у такім самым стане. І гэты можна аднавіць. Цяпер жа тут заняпад. Як ён яшчэ не абрынуўся, — сказаў госьць з Расеі. — Заклалі вокны, відаць, каб ня лазілі па іх. Але ўваход ёсьць, таму лазіць можна колькі заўгодна. Толькі вежы выглядаюць навюткімі. Нядаўна, відаць, выклалі ходнік, ліхтары паставілі — і ўжо пасьпелі пабіць. Зьвярнулі ўвагу, што ў самім замку пабураныя дымаходы — так і ў нас шукаюць скарбы».

Прыбіраем сьмецьце — на большае няма грошай

Напярэдадні Дня беларускай пісьменнасьці пра Быхаўскі замак шмат пісалі і гаварылі. За прамінулы час сьцены помніка архітэктуры ўмацавалі мэталічнымі сьцяжкамі, а дзьвярныя праёмы, каб не абваліліся, драўлянымі брусамі. Гэтыя ўмацаваньні ўжо пасьпелі паламаць. У замкавых пакоях пазвальвана сьмецьце. Паўсюль плястыкавыя бутэлькі з-пад піва.

Шматкі банэрнай заслоны і ацалелы кавалак са зьвесткамі пра замак
Шматкі банэрнай заслоны і ацалелы кавалак са зьвесткамі пра замак

У Быхаўскім райвыканкаме на пытаньне пра лёс помніка архітэктуры адказалі: на яго няма фінансаваньня.

«Хоць замак унесены ў праграму „Замкі Беларусі“, але фінансаваньне працаў ажыцьцяўлялася з праграмы „Культура Беларусі“. Гэтая праграма да канца не сфармаваная, а сродкі былі адтуль. Цяпер неабходныя грошы, каб завяршыць працы па кансэрвацыі аб’екта», — сказаў супрацоўнік райвыканкаму.

Паводле яго, у адноўленым замку плянавалася разьмясьціць музэй і залю для рэгістрацыі шлюбаў. Час ад часу, дадаў ён, замак прыбіраюць ад сьмецьця.

Замак з далечыні. Разбураная веліч
Замак з далечыні. Разбураная веліч

Чыноўнік параіў зьвярнуцца па больш дэталёвую інфармацыю ў Цэнтар па рэстаўрацыі пры Магілёўскім аблвыканкаме, які займаецца праектаваньнем працаў.

Пра рэстаўрацыю гаворкі няма

У Цэнтры пацьвердзілі: рэканструкцыя Быхаўскага замка ажыцьцяўлялася паводле праграмы «Культура Беларусі». Ня сталі рабіць таямніцы, што грошай там няма.

«Мы папрацавалі над прадухіленьнем аварыйных сытуацыяў зь некаторымі элемэнтамі. Сьцяжкамі змацавалі сьцены, каб яны не разыходзіліся і не разваліліся, бо адсутнічае перакрыцьце. На большае грашовых сродкаў няма», — сказаў супрацоўнік цэнтру.

Навуковы кіраўнік рэстаўрацыйных прац Уладзімер Сіняўскі з жалем адзначае, што распачатае аднаўленьне замкавых вежаў не ўдалося завяршыць, бо спынілася фінансаваньне.

«Прыгажосьць вежаў была ў шмат’ярусным даху з купаламі, накшталт нясьвіскіх», — патлумачыў ён. Што да рэстаўрацыі самога замка, то, паводле спэцыяліста, гаворкі пра яе пакуль няма.

Замкавыя вежы. Узьведзеныя, але не завершаныя
Замкавыя вежы. Узьведзеныя, але не завершаныя

«Яшчэ досьледы не пачыналіся. Часткова выканалі толькі археалёгію. Рабілі толькі кансэрвацыйныя працы, і ўсё на гэтым», — сказаў Уладзімер Сіняўскі.

У 2012 годзе заяўлялі, што на кансэрвацыю Быхаўскага замка выдзеленыя два мільярды рублёў. Прызнавалася, што гэтая сума замалая. Чыноўнікі аблвыканкаму браліся тады знайсьці дадатковае фінансаваньне:

«Задача стаіць, каб частку рэстаўрацыі пачаць у 2013 годзе, нейкія элемэнты аднаўленьня паказаць да Дня пісьменства. Два мільярды для такога замка — нязначная сума. Мы вядзем перамовы, і ёсьць разуменьне і падтрымка з боку міністра культуры пра тое, што будзе разглядацца пытаньне пра дадатковае фінансаваньне», — абяцаў цяпер ужо былы начальнік упраўленьня Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Сынкавец.

Сьцены замка ў ахоўных шыльдах
Сьцены замка ў ахоўных шыльдах

Тады ж казалі, што рэканструкцыю помніка архітэктуры завершаць да 2018 году. Пакуль жа з абяцанага часткова аднавілі згаданыя дзьве замкавыя вежы і ўмацавалі сьцены самога замка, каб не разваліліся.

Хто здолее аднавіць замак?

Быхаўскі замак узьвялі як абарончае збудаваньне ў першай палове сямнаццатага стагодзьдзя. Належаў ён гетману Вялікага Княства Літоўскага Яну Хадкевічу. Потым ім завалодалі Сапегі. Цяпер заняпалая цытадэль узвышаецца па-над крутым схілам абарончага рова. З акон відаць шырокі дняпроўскі поплаў.

Замак знутры. Аварыйныя элемэнты прыбралі, але вывезьці забылі
Замак знутры. Аварыйныя элемэнты прыбралі, але вывезьці забылі

Доўгі час у мурах замка разьмяшчаліся розныя вытворчасьці. Калі будынак ужо пуставаў, здарыўся пажар, які зьнішчыў частку даху. Пасьля гэтага разбурэньне пайшло хутчэй. Быхаўскі замак — адзінае абарончае збудаваньне, якое ацалела на ўсходзе Беларусі.

«Быхаўскі замак варта аднавіць. На гэта патрэбна найперш жаданьне, а калі яно будзе, то грошы можна знайсьці», — такой думкі трымаецца турыстка, зь якой удалося пагутарыць ля помніка архітэктуры.

«Толькі варта запрасіць спэцыялістаў, якія ўмеюць рэстаўраваць такія будынкі, — дадае яна. — Ягоны стан не настолькі жахлівы, як напрыклад, Любчанскага замка. Той нашмат больш разбураны, але яго аднаўляюць. У Быхаўскага замка засталіся сьцены, а гэта нямала».

Замак трымаецца дзякуючы старым зводам і сьценам у мэтар таўшчынёю
Замак трымаецца дзякуючы старым зводам і сьценам у мэтар таўшчынёю

«А можа, пакуль лепей ня брацца за рэстаўрацыю», — асьцярожна выказваецца яшчэ адна турыстка.

«Неяк у нас дужа кепска з гэтай справай у Беларусі. Як на мяне, то ў нас няма кваліфікаваных будаўнікоў-рэстаўратараў. Як ні возьмуцца, то навабуды са старога выходзяць, — працягвае суразмоўніца. — А так падставы і гістарычныя, і культурныя для захаваньня гэтага помніка відавочныя. Ён важны ня толькі для Магілёўшчыны, але і для Беларусі. Аднаўляць жа яго трэба такім, якім ён быў збудаваны. Але да гэтага шмат чаго трэба яшчэ зрабіць».

Пэрліна ў кароне Магілёўшчыны

Гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк называе Быхаўскі замак адной з «пэрлінаў у кароне Магілёўшчыны».

Другі паверх замка зарастае. Справа — пабураны дымаход. Шукалі скарбаў
Другі паверх замка зарастае. Справа — пабураны дымаход. Шукалі скарбаў

«Ёсьць Мсьціслаў, які цяпер мы робім дужа якасна. Прыяжджайце на „Дажынкі“, пабачыце, які прыгожы горад атрымаўся, які там беларускі дух адчуваецца. Ёсьць Жылічы, і ёсьць Быхаў», — кажа гісторык.

Элемэнты кансэрвацыі
Элемэнты кансэрвацыі

«Гэтыя тры аб’екты на кантролі ўва ўсіх, — настойвае ён. — І мы будзем імі займацца, не забываючы, зразумела, пра іншыя рэгіёны. Па Быхаву я зьбіраюся рабіць манаграфію ды праводзіць комплексныя дасьледаваньні. На Быхаўскі замак ніхто не забываецца. Будзем прыцягваць на яго сродкі».

Ігар Марзалюк не пагаджаецца з пазыцыяй, што помнік архітэктуры разбурыцца, пакуль знойдуць на яго фінансаваньне.

Удалечыні дняпроўскі поплаў
Удалечыні дняпроўскі поплаў

«Яго ніхто не разбурае, а сам па сабе ён не разбурыцца, — кажа суразмоўца. — Стан ягоны сапраўды сумнаваты. Куды тут падзецца! Помнікаў у Беларусі, якія чакаюць рэстаўрацыі, вельмі шмат. Але мы хаця б з замкам пачалі першы этап. А калі яго пачалі, то завяршым і астатнія. Быхаўскі замак будзе ня горшы за Мірскі — зь цягам часу будзе цалкам адноўлены, і будуць там экспазыцыі. Іншая справа, што ўсё гэта немагчыма зрабіць за год ці за два».

Ад аднаго крыла замка засталася адна сьцяна
Ад аднаго крыла замка засталася адна сьцяна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG