Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея незаконна вывезла на сваю тэрыторыю ад 50 да 150 украінскіх ваеннапалонных


 Георгі Тука
Георгі Тука

Намесьнік міністра Ўкраіны ў пытаньнях часова акупаваных тэрыторый і часова перамешчаных асобаў Георгі Тука заявіў, што паводле папярэдніх дадзеных Расея незаконна вывезла на сваю тэрыторыю ад 50 да 150 украінскіх вайскоўцаў, якія былі ўзятыя ў палон незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі «ЛНР» ды «ДНР».

«Мы будзем зьбіраць гэтыя факты і іх абнародаваць. Паводле розных ацэнак, цяпер ад 50 да 150 такіх палонных. Але няма дакладнай лічбы. Усё гэта рабілася незаконна, нелегальна, таемна. Трэба дасьледаваць лёс кожнага чалавека. Пераважная большасьць гэтых людзей, хутчэй за ўсё, цяпер знаходзяцца ў сьпісе тых, хто зьнік бяз вестак», — паведаміў Георгі Тука сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле яго, пераважна гаворка ідзе пра добраахвотнікаў ды вайскоўцаў, якіх бралі ў палон у часе баявых дзеяньняў. «Ёсьць пэўныя сьведчаньні людзей, гэта цывільныя і вайсковыя, якія распавядалі пра такія выпадкі, калі нашых ваеннапалонных фактычна нелегальна выкрадаюць з тэрыторыі Ўкраіны і адпраўляюць, у прыватнасьці, на тэрыторыю Каўказу», — удакладніў ён.

Намесьнік міністра паведаміў, што разам з праваабарончымі арганізацыямі міністэрства займаецца падрыхтоўкай адпаведнай справаздачы, у тым ліку і датычна асуджаных, якія адбывалі пакараньне ў калёніях на тэрыторыі самаабвешчаных «народных рэспублік».

«Гаворка ідзе пра тое, што „лідэры“ гэтак званых „ЛНР“ ды „ДНР“ фактычна атрымалі працоўную армію з асуджаных. Мясцовыя „атаманчыкі“ выкарыстоўваюць некалькі тысяч людзей як бясплатную працоўную сілу на вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, на капалках, на будаўнічых працах, на апрацоўцы драўніны. Паводле праваабаронцаў, агульны аб’ём такіх прац толькі на Луганшчыне дасягае 300-500 тысяч даляраў штомесяц, і ўсе гэтыя сродкі трапляюць не да асуджаных, а кіраўніцтву гэтых бандфармаваньняў, якія „гаспадараць“ на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей», — адзначыў Георгій Тука.

У сваю чаргу адвакат Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека, экспэрт Украінскага Хэльсынскага саюзу па правах чалавека Раман Мартыноўскі паведаміў, што пасьля акупацыі Расеяй Крыму і часткі Данбасу прыкладна з 30 мясцовых калёніяў для адбываньня пакараньня ў расейскіх вязьніцах было вывезена ад 3 да 5 тысяч украінцаў, асуджаных паводле непалітычных матываў. Адзін зь іх, Раман Кірымаў, 8 жніўня памёр у расейскай турме ў Адыгеі з-за адсутнасьці мэдыцынскай дапамогі.

«Справа Кірымава — не адзіная справа. За той час, калі Расея абвясьціла сваю юрысдыкцыю ў Крыме, такіх сьмярцей было шмат, але родныя такіх асуджаных баяцца узьнімаць гэтае пытаньне. У нас ёсьць інфармацыя пра некалькіх асоб, якія памерлі ў першыя тыдні пасьля ўсталяваньня расейскай улады ў Крыме», — адзначыў адвакат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG