Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правакацыя ў Рыё і верагодныя наступствы


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Сяргей Шупа: «А як па-вашаму – колькі працэнтаў жыхароў Беларусі ня бачаць у гісторыі са сьцягам ніякай праблемы (або нават дзьвюма рукамі за)?»

І ўдакладняе: «І як бы яны ацанілі наша бурленьне? І што з гэтым рабіць?»

Мяркую, гаворка пра нязначнасьць той часткі грамадзтва, якая абураецца (бурліць), седзячы ў «фэйсбучным гета» і шырэй – у сеціве.

Цяжка на вока прыкінуць, колькі ў Беларусі людзей з той ці іншай актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Падкрэсьліваю – актыўнай. Але перакананы, што амаль усе яны ёсьць у сеціве на розных пляцоўках. І да іх меркаваньня ўлады ўважліва прыслухоўваюцца. Здавалася б – навошта, калі працэнтная доля ад усяго насельніцтва не такая ўжо вялікая, як падаецца?

Вось таму што актыўныя, таму і прыслухоўваюцца. Можна колькі заўгодна фальсыфікаваць выбары, але ў выпадку «чаго», у выпадку сытуацый, дзе рэальнае грамадзкае меркаваньне можа адыграць ролю, у кожнай краіне актыўная меншасьць мае вырашальнае значэньне. І прыклад Украіны тут найбольш блізкі. Колькі ні кажы «ўкраінцы то зрабілі», «украніцы гэта зрабілі», калі паглядзець празь лічбы, то адносна ўсяго насельніцтва будзе не такі вялікі працэнт.

Хто і навошта арганізаваў правакацыю ў Рыё – не зусім відавочна. «Лукашэнка падтрымаў» – абсалютна не азначае «ініяцыяваў». Маглі маскоўскія «калегі» ініцыяваць.

Інцыдэнт ужо пашкодзіў Беларусі зь міжнароднага гледзішча. І праз падтрымку пакараных за допінг, а не «за палітыку», і праз відавочны жэст васала ў бок сувэрэна.

Інцыдэнт можа нашкодзіць унутры Беларусі, бо мае ўсе шанцы справакаваць падзел у грамадзтве, як у свой час «па ўкраінскім пытаньні».

Калі адказваць на пытаньне Сяргея Шупы «што з гэтым рабіць?», я б сказаў – працягваць тое, што кожны і рабіў. Падобныя правакацыі толькі аб'ядноўваюць людзей з падобнымі поглядамі на пэўныя рэчы. Напрыклад, на незалежнасьць Беларусі.

Калі ў тактычным пляне Расея атрымала бонусы – «у нас сёньня зьявіўся герой», то ў стратэгічным наўрад ці. Бо падобныя захады толькі раздражняюць нэўтральных людзей, якія ўсё яшчэ спадзяюцца, што беларуска-расейскі статус-кво захаваецца.

А на пытаньне «колькі працэнтаў жыхароў Беларусі ня бачаць у гісторыі са сьцягам ніякай праблемы?» магу сказаць, што колькі б ні было, праблему з усходу пабачыла яшчэ болей народу, чым перад тым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG