Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падала апэляцыю на допінгавыя справы сваіх лёгкаатлетаў


Алімпійская мэдалістка Аксана Мянькова
Алімпійская мэдалістка Аксана Мянькова

Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі падала апэляцыю на яшчэ публічна не абвешчаную дыскваліфікацыю сваіх спартоўцаў — удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Пэкіне-2008 і Лёндане-2012.

Як паведамлялася раней, пасьля пераправерак пробаў допінг быў выяўлены ў 45 спартоўцаў з розных краін і відаў спорту — у тым ліку ў пяцёх беларускіх лёгкаатлетаў, у тым ліку мэдалістаў Пэкіну Натальлі Міхневіч (срэбра ў штурханьні ядра) і Аксаны Мяньковай (золата ў кіданьні молата), і цяжкаатлетаў, у тым ліку срэбнага мэдаліста Пэкіну Аляксандра Рыбакова і бронзавых прызэраў Анастасіі Новікавай (Пэкін), Ірыны Кулешы і Марыны Шкерманковай (абедзьве — Лёндан).

Як паведамілі Свабодзе крыніцы зь Міністэрства спорту, допінг пасьля пераправерак пробаў Пэкіну-2008 і Лёндану-2012 быў выяўлены ў 11 беларускіх спартоўцаў. Апроч названых, гэта яшчэ тыя хто мэдалёў не заваёўваў: штангісты Яўген Жарнасек і Дзіна Сазановец, а таксама тры лёгкаатлеты, чыё імёны пакуль не агалошваюцца. Усе яны прапусьцілі Алімпійскія гульні ў Рыё.

На справу апэляцыі БФЛА наняла брытанскага адваката Майка Моргана — галоўную сусьветную зорку ў допінгавых справах. Сярод апошніх гучных ягоных спраў — выпадак францускага футбаліста «Лівэрпуля» Мамаду Сако. Усе былі ўпэўненыя, што той атрымае мінімум паўгода дыскваліфікацыі, а пасьля ўмяшаньня адваката абышлося папярэднімі добраахвотнымі 30 днямі адхіленьня ад гульняў.

Адначасова зь беларусамі апэляцыі падалі яшчэ розныя фэдэрацыі зь некалькіх постсавецкіх і эўрапейскіх краін. Яны таксама нанялі адвакатам Майка Моргана. З-за гэтых разбораў дагэтуль і не агалошваюцца афіцыйна вынікі паўторных праверак пробаў мінулых Гульняў.

Як мяркуюць нашы крыніцы, шанцаў на станоўчы вынік у справах беларускіх лёгкаатлетаў вельмі мала, магчыма толькі зьменшыць тэрміны дыскваліфікацыі. Вялікіх тэрмінаў, тым больш пажыцьцёвых, хутчэй за ўсё, удасца пазьбегнуць, але, як чакаецца, мэдалі Беларусь страціць.

Размова пры дыскваліфікацыю ўсёй фэдэрацыі, як у выпадку зь цяжкай атлетыкай, не ідзе.

Нагадаем, што пасьля Рыё-2016 Беларуская фэдэрацыя цяжкай атлетыкі за мінулыя допінгавыя справы мае быць дыскваліфікаваная на год, разам з казахамі і расейцамі. Дыскваліфікаваць перад бразыльскай Алімпіядай з-за вялікай колькасьці пераправерак не пасьпелі, што дазволіла беларусам Дар’і Навумавай і Вадзіму Стральцову выйграць у Рыё два срэбныя мэдалі. Іхнім мэдалям, пры ўмове чысьціні ўласных пробаў, нічога не пагражае. Дый гэтую дыскваліфікацыю фэдэрацыі Беларусі, Казахстану і Расеі абскарджваюць у Спартовым арбітражным судзе. Канчатковае рашэньне маюць прыняць напрыканцы верасьня альбо на пачатку кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG