Іду ў школу на першаверасьнёўскую лінейку.
Тыдзень таму бацька мяне пастрыг тупымі нажніцамі, як барана. Я плакаў, а ён стрыг.
Яшчэ пару гадоў таму мяне ня вельмі хваляваў мой выгляд. Цяпер жа я іду ў сёмы клас. Са мной вучыцца дзяўчына, якой я хачу спадабацца. На мяне, пастрыжанага пад барана, яна і не паглядзіць.
На вуліцы сонечна і амаль горача. Я іду ў школу ў шапцы, каб ніхто ня бачыў маёй прычоскі.
Я ня думаю пра вучобу. Я думаю пра тупыя нажніцы, якія наступным летам за некалькі дзён да стрыжкі выкіну ў сажалку.
Ды ўсё роўна бацька мяне пастрыжэ, як барана, іржавымі тупымі нажніцамі, якія прынясе з паветкі, дзе яны ляжалі некалькі гадоў бяз справы...
Віктар Шніп
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org