Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынг «Единой России» ўпаў амаль на чвэрць з пачатку году — «Левада-цэнтар»


Сацыёлягі расейскага «Левада-цэнтру» зафіксавалі заўважнае падзеньне рэйтынгу кіруючай партыі «Единая Россия» з пачатку году.

З улікам тых, хто ня стаў бы галасаваць на бліжэйшых парлямэнцкіх выбарах у Расеі (выбары ў Дзярждуму пройдуць 18 верасьня) ці ня вызначыўся, «Единая Россия» цяпер мае 31% падтрымкі, хаця яшчэ ў ліпені мела 39% (такая ж лічба ў студзені).

Яшчэ 15%, 12% і 10% адпаведна ня сталі б галасаваць, ня ведаюць, якую партыю падтрымаць, і ня ведаюць, ці сталі б галасаваць.

Далей ідзе «сыстэмная апазыцыя»: КПРФ з 10% (як у ліпені і студзені), ЛДПР з 9% (10% у ліпені, 5% у студзені) і «Справедливая Россия» з 5% (было 3% у ліпені і студзені).

Іншыя партыі маюць 1% і меней, згодна з апытаньнем «Левады». Сярод такіх — апазыцыйныя ПАРНАС і «Яблоко», «Гражданская платформа» Прохарава, нацыянал-кансэрватары «Родина» і іншыя.

Каб прайсьці ў Думу па прапарцыйнай сыстэме (так разьмяркуюць палову месцаў, 225), партыі трэба набраць больш за 5% галасоў. Сябры партыяў і беспартыйныя кандыдаты таксама могуць трапіць у Думу па аднамандатных акругах (другая палова, таксама 225 месцаў). У гэты ж дзень выбары пройдуць у заканадаўчыя сходы, у губэрнатары і мясцовыя органы самакіраваньня. Выбары адбудуцца пры любой яўцы.

Сярод тых, хто гатовы галасаваць, паводле апытаньня «Левады», цяпер толькі 50% зьбіраюцца галасаваць за «Единую Россию», хаця яшчэ ў студзені такіх было 65%. Сьледам ідуць камуністы зь 15% (на пачатку году 16%). Набралі падтрымкі ЛДПР (з 8% у студзені да 14% цяпер) і «Справедливая Россия» (з 5% да 9%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG