Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая ахвяра навядзеньня «лоску» ў Магілёве. Зьнесьлі стары будынак


Гэтак выглядаў будынак да зносу
Гэтак выглядаў будынак да зносу

У Магілёве пабурылі стары будынак, на якім да нядаўняга часу была шыльда з пазнакаю «Гісторыка-культурная каштоўнасьць». Чытачы Свабоды даслалі фатаздымкі, на якіх замест дома застаўся груд цэглы.

Будынак на Вялікай Грамадзянскай вуліцы быў у аварыйным стане і доўгі час пуставаў. Адну са сьцен працінала расколіна. Дах за час занядбаньня разбурыўся. Тым ня менш на доме заставалася ахоўная шыльда.

Старшыня рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч з жалем адзначае, што знос дому адбыўся ў межах дзейнага заканадаўства. Будынак быў выведзены сёлетняй пастановай Савету міністраў зь Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Руплівец беларускай даўніны кажа, што на сустрэчах з магілёўскімі чыноўнікамі прасіў старую камяніцу захаваць.

Ахоўная шыльда на доме. Зроблена ў траўні
Ахоўная шыльда на доме. Зроблена ў траўні

«Дарма будынак пабурылі. Я неаднойчы прасіў чыноўнікаў, аднак разуменьня не знаходзіў. У дзяржаўных службоўцаў свае падыходы. Ім трэба парадкаваць тэрыторыю, а гэта значыць — пазбаўляцца такіх безгаспадарных пабудоваў. Таму мушу канстатаваць: разбурэньне адбылося ў межах дзейнага заканадаўства. А ўсё астатняе — гэта маральны аспэкт», — камэнтуе сытуацыю са зносам дома Антон Астаповіч.

За час занядбаньня разбурацца пачаў і дах
За час занядбаньня разбурацца пачаў і дах

Чуткі пра знос дому хадзілі ад вясны, але будынак выстаяў нават, калі горад рыхтавалі да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Тады навакольле актыўна парадкавалі, бо кіраўнік дзяржавы зьбіраўся аглядаць Магілёў з плошчы Славы. Горадам Лукашэнка застаўся незадаволены.

«Няма лоску, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей. Гармоніі ніякай», — упікаў ён тады гарадзкому кіраўніцтву.

Груд цэглы застаўся ад старой камяніцы
Груд цэглы застаўся ад старой камяніцы

Зьвестак пра гісторыю зьнесенага дому вобмаль. На шыльдзе было напісана, што яго ўзьвялі пры канцы 19 стагодзьдзя. Ён быў адным з двух ацалелых будынкаў мясьціны, якая ў Магілёве завецца Школішчам. Другой будыніне пашанцавала болей. Былую сынагогу перарабляюць пад гатэль.

Само Школішча зьбіраюцца парадкаваць. Непадалёк ад зьнесенага будынку праваслаўныя вернікі маюць намер адбудаваць наноў Пакроўскую царкву. Гэтую ініцыятыву гарадзкая ўлада падтрымала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG