Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве ў былой сынагозе зробяць гатэль


Будынак сынагогі непадалёк ад гарадзкой ратушы

Будынак сынагогі непадалёк ад гарадзкой ратушы

За ходам аднаўленьня старой аварыйнай камяніцы сочыць мясцовая грамадзкасьць.

За будынкам на вуліцы Вялікай Грамадзянскай, 13 назіраюць ужо даўно. Ён фігуруе ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Год таму зьявіліся чуткі, што яго нібыта зьбіраюцца пазбавіць гэтага статусу, але ў гарвыканкаме тады іх абверглі.

Будаўнічая пляцоўка. У глыбіні сынагога. Зьлева груд будаўнічага друзу

Будаўнічая пляцоўка. У глыбіні сынагога. Зьлева груд будаўнічага друзу

Днямі старшыня гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў апублікаваў у інтэрнэце фатаздымкі, на якіх, як патлумачыў актывіст, зафіксаваны нядбайны падыход будаўнікоў да працы на аб’екце вялікай гісторыка-культурнай значнасьці. Дзьячкоў кажа, што бачыў нямала вывернутых зь зямлі кавалкаў керамічнага посуду ды іншых прадметаў даўніны. З чаго зрабіў выснову, што за будаўнікамі няма археалягічнага нагляду.

«Выкапалі там траншэю ля сьцяны глыбінёю ў паўтара мэтра, і ў адвалах было шмат цэглы, у тым ліку цэглы-пальчаткі, разам зь ёй кераміка», — апавядае Алег Дзьячкоў.

«Тут некалі быў цэлы раён, заселены пераважна габрэямі. Ад яго засталося толькі два будынкі. Гэты, пра які мы гаворым, — пачатковай школы, хедэра, — і крыху далей ад яго жылы дом. Гэта памяць магілёўцам, што калісьці ў іхным горадзе жылі габрэі. Сто год таму іх было 50 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Цяпер засталося дужа мала і гістарычных юдзейскіх будынкаў».

Гэтак выглядае будынак сынагогі

Гэтак выглядае будынак сынагогі

На абгароджанай тэрыторыі сапраўды пачаліся працы. Стары будынак ужо не адзін дзясятак гадоў ня мае гаспадара. Цагляная кладка пасечана трэшчынамі. Будаўнікі кажуць, што вынесьлі нямала бытавога сьмецьця. Непадалёк — груд будаўнічага друзу.

«Будынак развальваецца. Яго трэба тэрмінова аднаўляць, бо калі ён яшчэ крыху гэтак пастаіць, мы яго не ўратуем», — заяўляе адзін з будаўнікоў. Ён настойвае, што архітэктурную славутасьць будуць пакрысе вяртаць да першапачатковага выгляду. Працы, кажа ён, узгадняюцца зь Міністэрствам культуры і з аблвыканкамам.

«Да нас рэгулярна прыяжджае і мэр, і ягоны першы намесьнік. Кантралююць, каб тут быў парадак», — пераконвае суразмоўца.

На заўвагі прадстаўнікоў габрэйскай грамады будаўнік адказвае: «Будзе ўсё прыгожа».

Тэрыторыя Школішча пакуль мала нагадвае парк. Ходнікі недаробленыя, рэдкая трава выгарала, бэтонныя ўпрыгожаньні пазарасталі бур’яном

Тэрыторыя Школішча пакуль мала нагадвае парк. Ходнікі недаробленыя, рэдкая трава выгарала, бэтонныя ўпрыгожаньні пазарасталі бур’яном

Суразмоўнік не згаджаецца, што за працамі ня сочаць археолягі. Кажа, што супрацоўніца ўнівэрсытэту імя Куляшова пастаянна наведваецца на аб’ект і выбірае важныя артэфакты. Магістрантка гістарычных навук з магілёўскага ўнівэрсытэту пацьвярджае словы будаўнікоў.

«Калі прыбіралі з будынку сьмецьце, то ў ім знайшлі пячную кафлю сямнаццатага стагодзьдзя і розны керамічны посуд: талеркі, збанкі ад 17 да 19 стагодзьдзя», — кажа журналісту дзяўчына.

«Хутчэй за ўсё, гэтыя прадметы належалі не гаспадарам гэтага будынку, а былі прынесеныя з усёй тутэйшай тэрыторыі, — заўважае яна. — Наагул, гэта гістарычная частка гораду. Тут жылі купцы і рамесьнікі. Гэта дужа важная частка гораду. Бяз гэтага пасаду горад наўрад ці быў бы такі разьвіты».

Гэтак будынак былой габрэйскай малельні мае выглядаць пасьля аднаўленьня

Гэтак будынак былой габрэйскай малельні мае выглядаць пасьля аднаўленьня

Прадстаўнік архітэктурна-рэстаўрацыйнай фірмы «АРТ-м» паказвае эскізы будынка, якім ён мае стаць па завяршэньні ўсіх прац. Паводле яго, будынак яшчэ варта дасьледаваць, а потым пачынаць перабудову. Спэцыяліст спасылаецца на эўрапейскі досьвед такіх прац. Лічыць, што ў будынку варта захаваць найперш самае адметнае.

«Усе кажуць — аднавіць, але за чые грошы? Каб чалавек уклаў грошы, павінен зьявіцца эканамічны інтарэс. Таму разглядаем варыянт з прыбудовай, якая б дала магчымасьць зрабіць невялікі гасьцінічны комплекс з рэстаранам і ўпарадкаваньнем тэрыторыі, але на аснове пляніровачнай структуры, якая была ў 19 стагодзьдзі. Але гэта ня будзе дакладнай рэканструкцыяй, бо яе зрабіць нерэальна і немагчыма», — даводзіць прадстаўнік фірмы «АРТ-м».

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч ня ўгледзеў на аб’екце парушэньня заканадаўства. Заўважае, што інтэрвэнцыі ў культурны пласт пакуль не заўважыў:

«Што тычыцца праектных прапановаў, то, вядома ж, з гэтага можна разьдзьмуць канфлікт, але гэта рабіць пакуль зарана. Праектныя прапановы толькі на ўзроўні эскізу, а гэта той пэрыяд, калі трэба абмяркоўваць і знаходзіць паразуменьне», — мяркуе Антон Астаповіч.

Паводле дасьледчыка беларускай даўніны, мясьціна, на якой застаўся адзіны стары будынак, некалі была адным з эканамічных і рэлігійных цэнтраў Магілёва. Тут былі прыстань, гандлёвая плошча, касьцёл сьвятога Антонія, праваслаўная Пакроўская царква і сынагогі.

Раскопкі на месцы Пакроўскай царквы

Раскопкі на месцы Пакроўскай царквы

У сярэднявеччы гэты раён на ўзьбярэжжы Дняпра называлі Пакроўскім пасадам, а ў ранейшыя часы — Школішчам. На жаль, прызнае Антон Астаповіч, унікальная гістарычная забудова тут страчана, але захаваўся дасьледчы матэрыял.

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

«Трэба, каб тэрыторыя была асвоеная і рэгенэраваная. Трэба адкінуць ілюзіі наконт таго, што сюды можна будзе ўдыхнуць гістарычную функцыю. Пакуль мы будзем гэта рабіць, сюды прыйдзе сур’ёзны інвэстар і зробіць усё, што яму патрэбна. Будзем старацца аднавіць будынак сынагогі, але ў якіх матэрыялах і якіх функцыях — гэта пытаньне. Але ж гістарычную пляніроўку варта аднаўляць. Аднаўляць трэба і іншыя пабудовы, што тут былі», — кажа Антон Астаповіч.

Пакуль прылеглая да будынка сынагогі тэрыторыя выглядае кінутай. Заяўляецца, што тут будзе парк, спрабавалі яго нават упарадкаваць, аднак пасьля некалькі гарадзкіх суботнікаў імпэт аціх.

Актывіст магілёўскай габрэйскай грамады, фатограф Аляксандар Ліцін кажа, што гэтая мясьціна ўнікальная для гораду:

«Тут на адлегласьці дваццаці-трыццаці мэтраў знаходзіліся некалькі сынагог, каталіцкі касьцёл і праваслаўная царква. Мне падаецца, што слушна было б, каб іх аднавілі, і не абавязкова ў ранейшых іх функцыях — мо як музэйныя аб’екты. Гэта было б самае ідэальнае рашэньне для гэтага месца — спалучэньне аб’ектаў адразу некалькіх канфэсіяў», — кажа Аляксандар Ліцін.

Паводле Антона Астаповіча, праваслаўныя вернікі гатовыя да аднаўленьня Пакроўскай царквы. Створаны прыход. Распрацоўваецца будаўнічы праект царквы.

Каталікі пакуль не гатовыя ўзяцца за аднаўленьне касьцёла сьвятога Антонія і бэрнардынскага кляштара. Хоць эскізны праект сьвятыні, кажа Астаповіч, спэцыялісты з Таварыства аховы помнікаў распрацоўваюць.

XS
SM
MD
LG