Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выходзіць беларуская эканоміка з траекторыі падзеньня


Ці сапраўды, як кажуць беларускія ўрадоўцы, беларуская эканоміка выходзіць з траекторыі падзеньня?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.


Карбалевіч: Апошнім часам афіцыйныя асобы сталі настойліва цьвердзіць пра тое, што ў беларускай эканоміцы зьявіўся трэнд да паляпшэньня. Прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў яшчэ 9 жніўня на паседжаньні ўраду заявіў, што мы маем «дынаміку аднаўленьня эканамічнага росту, прычым на здаровай неэмісійнай аснове». Пра ажыўленьне эканомікі казаў і сам Лукашэнка падчас візыту на Берасьцейшчыну мінулым тыднем. І вось намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Ярашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» 21 жніўня адзначыў: «Мы выходзім з траекторыі падзеньня».

Што можна на гэта сказаць? Найперш, беларускія афіцыйныя асобы па свайму статусу павінны дэманстраваць аптымізм. На чым грунтуюцца такія заявы? Калі ў студзені-лютым падзеньне прамысловасьці ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году склала 5,6%, у студзені-сакавіку — 4,3%, то за студзень-ліпень — толькі 2%. Вось на тым факце, што запаволілася падзеньне і робіцца выснова аб аднаўленьні эканамічнага росту.

На тым факце, што запаволілася падзеньне і робіцца выснова аб аднаўленьні эканамічнага росту.

Але, па-першае, эканоміка ня можа падаць бясконца. Цалкам рэальна, што яна намацала дно. І цяпер рэальна убачыць нейкі маленькі рост.

Па-другое, сытуацыя ў ліпені, у параўнаньні з чэрвенем, пагоршылася. Калі за студзень-чэрвень адставаньне ад леташняга паказьніка складала 1,6%, то за студзень-ліпень — 2%.

Па-трэцяе, гэтае адноснае паляпшэньне эканамічных паказчыкаў у параўнаньні з пачаткам году тлумачыцца ня дзейнасьцю ўраду, а паляпшэньнем замежнаэканамічнай канʼюнктуры. Вось і той жа намесьнік міністра эканомікі Ярашэнка кажа, што «рынкі пачынаюць ажываць». Найперш гэта тлумачыцца ростам сусьветных цэнаў на нафту. Напрыклад, у чэрвені цана на нафту вырасла на 20%. І гэта адпаведна адбілася і на паказчыках беларускай прамысловасьці.

Аптымізм афіцыйных асобаў заўчасны. Ён носіць, хутчэй, палітычны характар, выконвае ролю піяру перад парлямэнцкімі выбарамі.

Па-чацьвёртае, іншыя эканамічныя паказчыкі ня радуюць. За паўгода адбылося скарачэньне выдадзеных крэдытаў як у валюце, так і ў рублях. Увогуле, калі казаць пра інвэстыцыі, то яны зьмяншаюцца трэці год запар. За студзень-ліпень яны скараціліся на 20,6%. А скараціліся яны таму, што ўлады праводзяць жорсткую грашовую палітыку, таму бюджэтныя інвэстыцыі значна скараціліся. Пры гэтым высьвятляецца, што акрамя бюджэту, укладваць новыя грошы ў эканомікі асабліва няма каму.

Таму такі аптымізм афіцыйных асобаў заўчасны. Ён носіць, хутчэй, палітычны характар, выконвае ролю піяру перад парлямэнцкімі выбарамі

Цыганкоў: Мне таксама здаецца, што такі аптымізм — гэта спроба ўгаварыць сябе і знайсьці хоць нейкае апірышча, зь якога можна рабіць станоўчыя высновы.

Сапраўды, пасьля некалькіх гадоў падзеньня калісьці хоць неяк зьнізяцца тэмпы гэтага падзеньня. Ужо інтэрнэт іранізаваў са словаў прэм’ер-міністра Кабякова, што ў нас «зьнізіліся тэмпы падзеньня».

Зараз мы назіраем не прыкметы эканамічнага росту, а проста заканамерны факт, што калісьці наступае такое дно, пасьля якога падзеньне альбо спыняецца, альбо памяншаецца. Дагэтуль прагнозы на 2016 год самыя аўтарытэтныя міжнародныя структуры не зьмянілі. Цяпер МВФ дае прагноз — каля 3% падзеньня беларускай эканомікі, іншыя — ад 2% да 2,5%. Аднак стратных прадпрыемстваў стала на 25% больш, чым год таму, гэта афіцыйныя лічбы Белстату.

Мы назіраем не прыкметы эканамічнага росту, а проста заканамерны факт, што калісьці наступае такое дно, пасьля якога падзеньне альбо спыняецца, альбо памяншаецца.

Другое — валютная выручка Беларусі скарацілася амаль на 3 мільярды даляраў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась, гэта афіцыйныя дадзеныя Нацбанку. І гэтак далей — я думаю, варта пагадзіцца з Валерам Карбалевічам, што такая адносна пазытыўная лічба, якую прыводзілі беларускія чыноўнікі, зьяўляецца толькі адлюстраваньнем пэўнага падвышэньня коштаў на нафту, якое адбывалася летам і якое цяпер можа і спыніцца.

Тэндэнцыі на рынку нафты такія, што цана нафты адскочыла да ўзроўню 45 даляраў за барэль, але цяпер аналітыкі кажуць, што яна доўгатэрмінова будзе зьніжацца да 40 — 30 даляраў. Канешне, прагнозы заўсёды рэч неадназначная, але гэты часовы эфэкт ня быў выкліканы нейкімі мудрымі рашэньнямі беларускага кіраўніцтва, нейкімі структурнымі пераўтварэньнямі, а толькі такім часовым эфэктам міжнароднай рынкавай кан’юнктуры.

Так што можна толькі пацьвердзіць выснову, што пакуль нейкага пазытыўнага пералому ў беларускіх эканамічных рэаліях ні ў якім разе не адбылося.

Дракахруст: Беларускія чыноўнікі паводзяць сябе прыкладна гэтак жа, як і іх калегі ва ўсім сьвеце. Вельмі рэдка калі выходзіць чалавек з улады на трыбуну і кажа: дарагія суайчыньнікі, усяму канец, хавайцеся ў бульбу, зараз кепска — будзе яшчэ горш.

Людзі, якія, як Чэрчыль, здольныя сказаць: я не абяцаю вам нічога, акрамя крыві, поту і сьлёз, трапляюцца ў гісторыі рэдка, і для гэтага трэба вайна, каб рабіць такія заявы. Ну, а калі вайны няма, а ёсьць эканамічны крызыс, урады ў любой краіне, калі ёсьць нейкая станоўчая лічба, яе вычэпліваюць і кажуць, што бачыце — ня ўсё так кепска. Мы, дарэчы, бачылі гэта пасьля 2008 году, як заходнія ўрады, калі нешта паляпшалася, гаварылі такія супакаяльныя словы.

Беларуская эканоміка ў значнай ступені капіталістычная, а капіталістычнай эканоміцы ўласьцівая цыклічнасьць.

Беларусь сапраўды вельмі залежная ад міжнароднай кан’юнктуры. Яна мае патрэбу ў рэформах, але вось падскочыць цана на нафту (а ніхто пэўна ня ведае, калі яна падскочыць ці ўпадзе), і ўсе размовы пра крах беларускай эканамічнай мадэлі крышачку адыдуць на задні плян.

Паводле прагнозаў МВФ і іншых фінансавых інстытуцыяў, пра які вы, Віталь, казалі, сёлета сапраўды чакаецца падзеньне, але ў наступным годзе яны абяцаюць усё ж такі невялікі рост. Не ад таго, што беларускі ўрад такі разумны, якраз гэта не зьяўляецца паводле прагнозаў істотным фактарам, а зьяўляецца фактарам тое, што беларуская эканоміка ў значнай ступені капіталістычная, а капіталістычнай эканоміцы ўласьцівая цыклічнасьць. Крызыс калісьці пачынаецца і калісьці канчаецца.

Магчыма, беларускія ўрадоўцы прысьпешваюць лёс. Вось сказаў МВФ, што ў 2017 годзе будзе паляпшэньне — а раптам раней? Думаю, гэта натуральнае чалавечае стаўленьне. А што да беларускай эканомікі, то я думаю, што ўсё ж справядлівыя прагнозы міжнародных фінансавых цэнтраў: 2016 год — падзеньне, а 2017 год — дажывем, пабачым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG