Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У маскоўскім аэрапорце цяпер можна купіць «Калашнікава»


Ахвотныя прывезьці сувэніры з Расеі цяпер могуць набыць зброю — дакладней, яе макет, непасрэдна перад вылетам з галоўнага маскоўскага аэрапорта.

Вытворца зброі канцэрн «Калашнікаў» адкрыў краму ў тэрмінале «Аэраэкспрэс», у які прыбываюць пасажыры з цэнтру Масквы ў аэрапорт Шарамецьева. Акрамя менш дзіўных сувэніраў, такіх як асадкі, заплечнікі і кепкі, у краме прадаюцца макеты стралковых аўтаматаў і пісталетаў.

Плястыкавыя макеты не страляюць і не патрабуюць ліцэнзіі, але выглядаюць як сапраўдныя і каштуюць нятанна. Макет аўтамата АК-74 каштуе ў пераліку 540 даляраў, рэпліка пісталета МР-654К-22 з фальшглушыльнікам 115 даляраў) У краме таксама прадаюцца футболкі, флэшкі, кашалькі і камуфляжная вопратка з лягатыпам вытворцы самага вядомага аўтамата ў сьвеце — АК-47. На футболках можна ўбачыць такія надпісы, як «Я люблю АК» і «Я твой бацька» з выявай аўтамата з аптычным прыцэлам.

— «Калашнікаў» — адзін з самых папулярных брэндаў, якія прыходзяць на розум у большасьці людзей у сьвеце, калі яны чуюць пра Расею, таму мы рады даць магчымасьць усім ахвотным павезьці з Расеі сувэнір на памяць з брэндам нашай кампаніі, — сказаў дырэктар па маркетынгу Ўладзімір Дзьмітрыеў у апублікаваным на сайце канцэрну прэс-рэлізе.

Пакупнікам макетаў давядзецца здаць іх у багаж.

У расейскіх СМІ, якія закранулі тэму адкрыцьця крамы «Калашнікава», ня ставілі пад сумнеў выбар месца яго разьмяшчэньня. Аднак карыстальнікі сацыяльных сетак выказваюць зьдзіўленьне рашэньнем прадаваць зброю, якая выглядае па-сапраўднаму, у найбуйнейшым транспартным цэнтры, дзе былі ўсталяваныя металядэтэктары на ўваходах і павышаныя захады бясьпекі пасьля нападу ў зале прыбыцьця аэрапорта Дамадзедава ў студзені 2011 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG