Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяра жаночага абразаньня пра апэрацыю: «Я асабіста сваёй дзяўчынцы буду рабіць»


Ахвяра жаночага абразаньня пра апэрацыю: «Я асабіста сваёй дзяўчынцы буду рабіць»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:47 0:00

Жаночае абразаньне стала тэмай тыдня з-за скандальнага выказваньня аднаго з муфтыяў — пазьней ён прадставіў свае словы як «жарт». Але практыка апэрацый, якія калечаць дзяўчынак, сапраўды існуе — пра тое, як гэта адбываецца, Свабодзе распавяла адна з пацярпелых жанчын.

Дэпутат ад «Адзінай Расеі» Марыя Максакава-Ігенберс унесла ў Дзярждуму законапраект, які ўводзіць дадатковае пакараньне за жаночае абразаньне — да дзесяці гадоў калёніі. У тлумачальнай запісцы дэпутат нагадала, што Расея — сьвецкая дзяржава, і «сакральныя культы» ня могуць служыць апраўданьнем для такіх апэрацый.

Мадзіна з аднаго з высакагорных сёлаў у Дагестане лічыць інакш. Ёй рабілі гэтую апэрацыю, прычым яна запэўнівае, што двойчы.

«Вы будзеце ў шоку, але ў мяне гэта было двойчы ў жыцьці. Я, не папярэдзіўшы маму, пайшла і зрабіла», — кажа Мадзіна.

Другі раз апэрацыю Мадзіне зрабілі, калі ёй ужо было сем гадоў, на гэты раз на жаданьне мамы, якая ня ведала, што дзяўчынка ўжо падверглася гэтай працэдуры. Дарослыя так даходліва патлумачылі, навошта трэба абразаньне, што Мадзіна дагэтуль ні ў чым не сумняваецца.

«Вы каб не хадзілі, як неўтаймаваныя ў інтымным плане, каб уціхамірыць свой юр. Так нам распавялі», — успамінае яна.

Мадзіна ўпэўненая, што абрэзаныя жанчыны жывуць гэтак жа, як і астатнія, а саму працэдуру параўноўвае з праколваньнем вушэй — камусьці балюча, а хтосьці нічога не адчувае.

Пацімат Муртабекава 30 гадоў працуе гінэколягам, за ўсю сваю практыку сутыкнулася толькі з адной пацыенткай, якой у 16 гадоў зрабілі абразаньне. Гэтая жанчына да гэтага часу праклінае сваіх бацькоў.

«Да гэтага часу гаворыць: свайго мужа люблю як брата, як нейкага сваяка. Але такога вось гарачага пачуцьця ў мяне да яго, кажа, няма. Я яго паважаю, баюся за яго, каб ён не захварэў, але як жанчына, кажа, я ж ніколі не была шчасьлівая», — распавядае лекар.

Гісторыя з публікацыяй дакладу праваабаронцаў аб апэрацыях, якія калечаць дзяўчынак, нядоўга заставалася б у топе навін, калі б ня словы муфтыя Ісмаіла Бердыева, старшыні Каардынацыйнага савету мусульман Паўночнага Каўказу.

Спачатку ён заклікаў зрабіць абразаньне ўсім жанчынам на Зямлі. Потым удакладніў свае словы, што толькі змагаецца з «распустай». Яшчэ празь некалькі гадзін абвясьціў, што гэта быў жарт.

Папраўляць свайго калегу прыйшлося вярхоўнаму муфтыю Расеі Талгату Таджутдзіну, які назваў практыку абразаньня дзяўчынак праявай жорсткасьці і традыцыяй, не ўласьцівай Расеі.

Праваабаронца, былы імам мячэці ў Махачкале Зіяутдзін Увайсаў настойвае на тым, што практыка такіх апэрацый распаўсюджаная толькі ў некалькіх горных сёлах, але ў любым выпадку яна супярэчыць Карану, які забараняе прычыняць шкоду здароўю чалавека.

«Іслам ня ставіць мэтай пазбавіць жанчыну нейкіх задавальненьняў, і ня робіць адрозьненьняў у гэтым пляне паміж мужчынам і жанчынай», — тлумачыць Уйвасаў.

Праграмны дырэктар Маскоўскага бюро Human Rights Watch Тацяна Лакшына называе жаночае абразаньне найсурʼёзнейшым парушэньнем правоў жанчын і экстрэмальнай формай гвалту. Пры гэтым яна адзначае, што ўлады лічаць за лепшае паводзіць сябе так, як быццам ніякай праблемы не існуе — мы ж ня ў Афрыцы.

Мадзіна, якая прайшла праз абразаньне двойчы, адмаўляцца ад гэтай традыцыі не зьбіраецца.

«Я асабіста сваёй дзяўчынцы буду рабіць. Ёй толькі пяць, да сямі гадоў буду рабіць», — кажа яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG