Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муфтыі Расеі асудзілі жаночае абразаньне


Муфтый Рушан Абясаў
Муфтый Рушан Абясаў

У Савеце муфтыяў Расеі асудзілі практыку жаночага абразаньня, якая, як вынікае з дакладу праваабаронцаў, існуе ў дагестанскіх вёсках.

Раней муфтый Паўночнага Каўказу Ісмаіл Бердыеў выказаўся на карысьць такой практыкі.

«Можна з упэўненасьцю сказаць, што жаночае абразаньне — хутчэй этнічная традыцыя, у асноўным уласьцівая афрыканскім народам, якая, магчыма, мела нейкія рытуальныя абгрунтаваньні, цалкам чужыя ісламскай ідэалёгіі», — цытуе агенцтва Інтэрфакс камэнтар першага намесьніка старшыні Савету муфтыяў Рушана Абясава.

Аргумэнт пра тое, што жаночае абразаньне нібыта дапамагае «утаймаваць плоць», раней зрабіў кіраўнік Каардынацыйнага цэнтру мусульман Паўночнага Каўказу Ісмаіл Бердыеў. «Трэба ўсіх жанчын абрэзаць, каб распусты не было на Зямлі, каб сэксуальнасьць паменшылася», — заявіў ён.

15 жніўня расейскі фонд «Прававая ініцыятыва» выпусьціў даклад, у якім гаварылася, што ў шэрагу раёнаў Дагестану захавалася працэдура жаночага абразаньня.

Жаночае абразаньне розных тыпаў практыкуецца сярод жыхароў некаторых краін Афрыкі і Блізкага Ўсходу. Гэтай працэдуры, якая можа прывесьці да вельмі цяжкіх наступстваў для здароўя, штогод у сьвеце падвяргаюцца каля трох мільёнаў чалавек.

ААН у 2012 годзе прыняла рэзалюцыю, якая забараняе жаночае абразаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG