Як падае агенцтва «Інтэрфакс», старшыня Каардынацыйнага цэнтру мусульман Паўночнага Каўказу Ісмаіл Бердыеў сказаў наступнае:
«Трэба ўсіх жанчын абрэзаць, каб распусты не было на Зямлі, каб сэксуальнасьць паменшылася».
Муфтый сказаў, што ў некаторых населеных пунктах у Дагестане абразаньне практыкуецца. У той жа час, паводле Бердыева, іслам не заклікае да абразаньня жанчын.
«Але неабходна зьнізіць сэксуальнасьць жанчын. Калі б гэта было ў дачыненьні да ўсіх жанчын, гэта было б вельмі добра. Жанчыну Ўсявышні стварыў для таго, каб яна нараджала дзяцей і іх выхоўвала. А гэта (абразаньне — Інтэрфакс) ня мае да гэтага ніякага дачыненьня, жанчыны ад гэтага не перастаюць нараджаць. А вось распусты было б менш», — падсумаваў суразмоўца агенцтва.
Пазьней, пасьля публікацыі ягоных заяваў, муфтый адмовіўся ад закліку абразаць усіх жанчын:
«Я не заклікаю абрэзаць жанчын: гэтага не загадвае іслам, і гэта проста немагчыма. Я кажу пра праблему распусты, пра тое, што існуе праблема, зь якой трэба нешта рабіць», - заявіў муфтый ў сераду карэспандэнту Інтэрфаксу.
Напярэдадні на афіцыйным сайце праваабарончага фонду «Прававая ініцыятыва» быў апублікаваны даклад аб практыцы жаночага абразаньня ў Дагестане, які выклікаў вострыя дыскусіі ў інтэрнэце. Наступствы апэрацый зьвязаны са зьніжэньнем адчувальнасьці і сэксуальнай цягі жанчын.
У дакладзе адзначаецца, што гэтая апэрацыі лічыцца парушэньнем правоў жанчын і дзяўчынак на міжнародным узроўні, паколькі ўяўляе сабой крайнюю форму дыскрымінацыі і гвалту.