Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта дапамога ад сэрца да сэрца» — валянтэрка «Гуманітарнага маршруту Беларусь — АТА»


Гуманітарны груз для ўцекачоў з Данбасу
Гуманітарны груз для ўцекачоў з Данбасу

З Горадні ў Чарнігаў накіраваўся чарговы гуманітарны груз у межах акцыі «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА». Ён прызначаны для ўцекачоў з Данбасу.

Алесь Кіркевіч, які ў Горадні каардынуе зьбіраньне дапамогі для ўцекачоў з Данбасу, сказаў, што астатнім часам транспартаваць гуманітарныя грузы становіцца праблемай, бо такіх грузаў усё больш.

Гарадзенскі кардынатар зьбіраньня гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў з Данбасу Алесь Кіркевіч
Гарадзенскі кардынатар зьбіраньня гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў з Данбасу Алесь Кіркевіч

— У нас упершыню так здарылася, што ўся сабраная дапамога не ўвайшла ў адзін транспарт. І вельмі прыемна, што кожны раз прыносяць рэчы незнаёмыя мне людзі. Гэтым разам вельмі здорава дапамог пратэстанцкі пастар. А адна дзяўчына прынесла шмат зусім новых рэчаў зь біркамі, якімі гандлюе яе маці. Яна была шчасьлівая, што некаму дапамагла.

Паводле Кіркевіча, людзі, якія прыносяць рэчы, самі ўсё выдатна разумеюць і робяць гэта бяз патасу.

Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч

— Я разумею, што ў кожнага зь іх свая пазыцыя ў гэтым пытаньні, я нічога не пытаюся, толькі кажу — дзякуй. Мне ў адказ таксама кажуць дзякуй, і гэта вельмі прыемна.

Валянтэрка Вольга Чэкулаева, якая прыехала па гуманітарны груз у Горадню, кажа, што цяпер падобныя акцыі праводзяцца ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. Прыкладна раз на тры месяцы сабранае вязуць ва Ўкраіну.

Валянтэрка Вольга Чэкулаева
Валянтэрка Вольга Чэкулаева

— Пераважна гэта адзеньне для дарослых і дзяцей, сродкі гігіены, дзіцячыя цацкі, вось да 1 верасьня я павязу і сшыткі, і алоўкі, і іншыя патрэбныя рэчы для дзетак у школку. Мушу сказаць, што гарадзенцы заўсёды зьбіраюць унушальны аб’ём дапамогі.

Паводле спадарыні Вольгі, пакуль праблемаў зь перавозам гуманітарнага грузу празь мяжу няма.

— Вельмі прыемна, калі людзі дзякуюць за дапамогу і ты ім дзякуеш у адказ: гэта дапамога ад людзей да людзей і ад сэрца да сэрца. Там людзі ўсё разумеюць, і як мы тут жывём. І мы разумеем, у якую сытуацыю там людзі трапілі. І мы павінны ім дапамагчы, яны нашы добрыя суседзі.

Гарадзенец Артур Ганько
Гарадзенец Артур Ганько

Пастар аднае эвангельскае царквы ў Горадні, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, сказаў, што для яго звычайная рэч — дапамагаць людзям.

— Наша царква заўсёды імкнецца дапамагаць тым, хто гэтага патрабуе. Гэта звычайная міласэрнасьць: калі ёсьць недзе патрэба і ты можаш дапамагчы, то заўсёды варта гэта зрабіць.

Гарадзенец Артур Ганько — інвалід другой групы, у яго трое дзетак. Распавядае, што для ўцекачоў з Данбасу сабралі з жонкай і прынесьлі, што маглі.

Гуманітарная дапамога накіроўваецца ў Менск, а потым ва Ўкраіну
Гуманітарная дапамога накіроўваецца ў Менск, а потым ва Ўкраіну

— Там людзям вельмі складана, і мы гэта разумеем. Нам таксама людзі часта дапамагаюць, і мы нават часта ня бачым іх у твар. А таму можам ацаніць тое, калі ў цяжкую хвіліну табе нехта падае хоць кволую руку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG