Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея даставіла ў Крым новую зэнітную сыстэму С-400


Расея даставіла ў анэксаваны ёй Крым новую зэнітную ракетную сыстэму С-400 «Трыюмф». Па паведамленьнях, сыстэму С-400 на ўзбраеньне атрымаў расейскі зэнітны ракетны полк для ўдзелу ў манэўрах «Каўказ 2016».

«Зэнітны ракетны полк 4-й арміі ВПС і СПА Паўднёвай ваеннай акругі, дыслякаваных у Рэспубліцы Крым, атрымаў на ўзбраеньне сучасную зэнітную ракетную сыстэму — С-400 «Трыюмф», — паведамілі 12 жніўня ў прэс-службе Паўднёвай ваеннай акругі Ўзброеных сіл Расеі, якую цытуе ТАСС.

С-400 «Трыюмф» — найноўшая зэнітная ракетная сыстэма вялікай далёкасьці. Яна прызначана для зьнішчэньня авіяцыі, крылатых і балістычных ракет, у тым ліку сярэдняга радыюсу дзеяньня, а таксама можа прымяняцца супраць наземных аб’ектаў.

Гэта адбываецца на фоне чарговага абвастрэньня адносінаў паміж Кіевам і Масквой.

10 жніўня ФСБ Расеі заявіла, што прадухіліла зьдзяйсьненьне тэрактаў у акупаваным Крыме, у падрыхтоўцы якіх абвінаваціла Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

У Генштабе Ўзброеных сіл Украіны абверглі заяву Фэдэральнай службы Расеі і назвалі яе правакацыяй. Дзяржпагранслужба Ўкраіны заявіла, што Расея ў апошнія дні сьцягнула аснашчаных новай тэхнікай ваенных да адміністрацыйнай мяжы паміж анэксаваным ёй Крымам і мацерыковай Украінай, і заклікала ўкраінцаў ўстрымацца ад паездак на паўвостраў.

Расея анэксавала ўкраінскі Крым у сакавіку 2014 году. Кіеў і Захад не прызнаюць гэта і лічаць паўвостраў украінскай тэрыторыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG