Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайлянд пасьля выбухаў. Уражаньні беларускі з Бангкоку


Жыхары Хуахіна хаваюцца пасьля выбуху бомбы (12 жніўня 2016 году)
Жыхары Хуахіна хаваюцца пасьля выбуху бомбы (12 жніўня 2016 году)

Піша Тацяна Поклад з Бангкоку.

«Ты там як? Ты там дзе?» — з гэтага сёньня пачаўся сьвяточны дзень у Тайляндзе. Людзі пыталіся на ўсякі выпадак нават тых, хто быў далёка ад месцаў, абвешчаных у «breaking news».

Сэрыя выбухаў у пяці паўднёвых правінцыях Тайлянду ў чацьвер-пятніцу забрала жыцьці чатырох чалавек. У ліку дзесяткаў параненых ёсьць людзі ў крытычным стане. Тут інтэрактыўная мапа выбухаў. Адначасова было некалькі пажараў у розных месцах, у тым ліку ў крамах.

Выбухі адбыліся ў розных месцах і ў розныя часы: позьнім вечарам сярод рэстаранчыкаў і кавярняў, на местачковым кірмашы, каля паліцэйскіх пастарункаў, на вуліцы пасьля традыцыйнай ранішняй раздачы міласьціны манахам... Выбухоўкі, схаваныя ў кветках, злачынцы прывялі ў дзеяньне мабільнымі тэлефонамі.

Ці часта такое здараецца ў Тайляндзе? Праз некалькі дзён будзе сумная гадавіна тэракту ў Erawan храме ў цэнтры Бангкоку. Летась 17 жніўня загінулі 20 чалавек. Арганізатары былі арыштаваныя даволі хутка, а тэракт, як заявіла тайская паліцыя, быў помстай за дэпартацыю кітайскіх уйгураў. За цяперашнія выбухі ніхто не ўзяў на сябе адказнасьць, а паліцыя патлумачыла, што гэта «акты сабатажу ў пэўных рэгіёнах».

Паводле паліцыі, арганізатары "мясцовага сабатажу«— сэпаратысцкія групоўкі на поўдні краіны, каля мяжы з Малайзіяй. Затрыманыя ўжо ёсьць, як найменей двое. Турыстычная паліцыя і проста паліцыя настойвае, што гэта не тэракты, а такое скаардынаванае шкодніцтва паўднёвых сэпаратыстаў.

Панікі ніякай не бачна і цяпер

У Тайляндзе выказваюцца розныя меркаваньні, нават ёсьць палітолягі, якія цьвердзяць, што прычына выбухаў — напады звонку, хаця пакуль не бачна доказаў. А лідэр кіроўнай вайсковай хунты зьвязаў у публічнай заяве выбухі з рэфэрэндумам па праекце новай Канстытуцыі, што быў у мінулыя выходныя. Тады як найменей 35 невялікіх бомбавых выбухаў адбыліся на поўдні краіны, адзін чалавек загінуў, трое параненыя. Былі і пажары. Што гэта былі за выбухі? Напрыклад, выбух пры дарозе на шляху канвою, які вёз урны з бюлетэнямі. Прыгадваюцца паведамленьні пра своечасова знойдзеныя выбухоўкі, якія не зрабілі ніякай шкоды. Паведамленьні пра паўднёвых сэпарытастаў зьяўляюцца час ад часу ўжо цягам некалькіх гадоў і вялікага ўплыву на ўяўленьні аб бясьпецы ў Тайляндзе не робяць. Інфармацыі дастаткова, і кожны можа зрабіць высновы самастойна.


Панікі ніякай не бачна і цяпер. Сёньня — сьвята, 84-ты дзень народзінаў Яе Вялікасьці Каралевы Сірыкіт, вельмі шанаванай і любімай у Тайляндзе, і ў гэты ж дзень — нацыянальнае сьвята, Дзень Маці. Так што гэтая пятніца — першы дзень трох запар выходных. Тайцы вельмі стрымана і як мага меней гавораць пра такія сумныя рэчы, як выбухі і праявы неспакою на поўдні.

старажылы-экспаты кажуць, што такія выбухі наўрад ці каго моцна напалохаюць

Мая суседка сёньня толькі і сказала, што «жахлівыя рэчы здараюцца, а жыцьцё працягваецца». Яна і яе дачка былі ў блакітным — гэта колер Каралевы і самыя прыгожыя адценьні блакіту сёньня панавалі паўсюль. Жанчыны атрымалі падарункі і кветкі язьміну — сымбаль Каралевы. Сьвяточныя імпрэзы не былі адмененыя. Дзень Маці лічыцца шчасьлівым для розных ініцыятываў: звычайна на гэты дзень задоўга плянуюцца прэзэнтацыі кніг, дабрачынныя акцыі, культурныя імпрэзы — нічога, як я ведаю, не адмянялі, нават фэервэрк у Бангкоку быў толькі што. Людзі жывуць як звычайна. Але, зразумела, аховы, праверак, патрулёў — гэтага дадалося ў значнай меры, у тым ліку і ў сталіцы, дзе ўсё спакойна.


Я жыву ў Тайляндзе толькі год, так што мой досьвед адносна невялікі. А старажылы-экспаты кажуць, што такія выбухі наўрад ці каго моцна напалохаюць. Я бачыла ў розных міжнародных СМІ загалоўкі накшталт «Выбухі на курортах Тайлянду» — мясцовая прэса так не піша. І я сама не рабіла б, бадай, такога акцэнту менавіта на «курорты». Так, сапраўды, некаторыя месцы адпачынку (а яны тут амаль паўсюль) і замежныя грамадзяне пацярпелі. Але не падобна, што мэта нападнікаў — запалохаць турыстаў. У Патаі, на Крабі, Самуі, Пангане выбухаў няма. Вядомыя курорты не пацярпелі. Там пільны кантроль і ахова. У Тайляндзе існуе, апрача звычайнай, турыстычная паліцыя, і яна працуе. Турысты не адмяняюць сваіх плянаў, экспаты не зьбіраюцца зьяжджаць з-за гэтых выбухаў. Мае знаёмыя зь Літвы і Беларусі, якія плянуюць паездкі ў Тайлянд, не перадумалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG