Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лента.ру» крыткуе сюжэты беларускіх тэлеканалаў пра расейскіх нэанацыстаў


Адно з папулярных расейскіх інтэрнэт-выданьняў «Лента.ру» апублікавала артыкул «Запахла пагрозай», падставай для якога стаў нядаўні сюжэт тэлеканала АНТ, прысьвечаны тэме дзейнасьці расейскіх нэанацысцкіх арганізацый у Беларусі.

У артыкуле выданьне спрабуе даць адказ на пытаньне, чаму ў Беларусі «раскручваюць тэму нэанацызму з Расеі».

«Сюжэт АНТ пра расейскіх нэанацыстаў у Беларусі і той небясьпекі, якую яны прадстаўляюць для беларускага грамадзтва, мог бы прайсьці незаўважаным, калі б ён тычыўся толькі "Рускага нацыянальнага адзінства«(РНЕ) у Беларусі і некаторых спэцыфічных асоб з відавочнымі псыхічнымі адхіленьнямі. Аднак на фоне кадраў, дзе моладзь з крыкам «Слава Расеі!» ускідвае ў нацысцкім вітаньні рукі, у сюжэце была пазначаная сур’ёзная заклапочанасьць дзейнасьцю ў Беларусі ваенна-патрыятычных лягераў (ВПЛ), якія карыстаюцца падтрымкай расейскіх арганізацый, казацтва і нават праваслаўнай царквы», — піша «Лента.ру».

Далей у артыкуле выданьне адзначае, што цяперашні рэпартаж — далёка ня першы выпадак, калі беларускія дзяржаўныя СМІ нэгатыўна выказваюцца пра прарасейскія арганізацыі. Дзяржаныя СМІ, паводле расейскага выданьня, «сталі чэрпаць інфармацыю з сацсетак і аналітыкі апазыцыйных і русафобскіх арганізацый».

«Лента.ру» згадвае і гісторыю з адпраўкай беларускіх дзяцей у ваенна-патрыятычныя лягеры, дзе інструктарамі працавалі расейскія нэанацысты.

«Гэта ўжо прывяло да таго, што дадзенай праблемай заняліся праваахоўныя ворганы рэспублікі: распачата праверка праваслаўных патрыятычных клюбаў у Віцебскай вобласьці, якія адпраўляюць сваіх выхаванцаў на зборы ў Расею. А мясцовыя радыкальныя групоўкі, хоць і знаходзяцца пад пэўным кантролем КДБ і МУС, працягваюць сваю дзейнасьць цалкам бесьперашкодна», — сьцьвярджае выданьне.

Такую лінію паводзінаў дзяржаўных СМІ ў Беларусі «Лента.ру» тлумачыць з аднаго боку «гістэрыяй з нагоды магчымай расейскай агрэсіі», а з другога боку — наладжваньнем адносін з Эўразьвязам. Акрамя таго, лічыць выданьне, беларускія ўлады такім чынам хочуць адцягнуць беларусаў ад эканамічных праблем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG