Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго можа дамагчыся Саўчанка сваёй галадоўкай?


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Як можна расцаніць апошнія заявы Надзеі Саўчанкі і яе рашэньне зноў пачаць галадоўку?

Цыганкоў: Украінская дэпутатка і былая зьняволеная Надзея Саўчанка зноў абвясьціла галадаваньне, але гэтым разам — каб украінскія ўлады і сьвет зьвярнулі ўвагу на стан украінскіх закладнікаў у расейска-ўкраінскай вайне.

«Я прапаноўвала прэзыдэнту рэальныя дзеяньні для абмену палоннымі: трэба пачаць аддаваць людзей першымі. Але ў палоне не сядзяць дзеці Пятра Аляксеевіча, а на вашых дзяцей яму пляваць. Таму што кожны павінен змагацца за свайго, як за мяне змагаліся сястра і маці.

Выходзьце на Банкавую, патрабуйце сустрэчы і справаздачы ад прэзыдэнта як ад гаранта Канстытуцыі, правоў і свабодаў украінцаў, як ад галоўнакамандуючага, які пасылаў на сьмерць вашых дзяцей, а не сваіх уласных! Выходзьце і не давайце забыцца пра вашых родных! Таму што цана жыцьця чалавека вышэйшая, калі пра яе памятаюць!» — сказала Саўчанка.

Саўчанка, скажам мякка, не зусім пасьлядоўная ў сваіх заявах, то выказваючы гатоўнасць быць прэзыдэнтам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі, то выступаючы за скарачэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў да прадстаўніцкіх функцый.

Многія ўжо кажуць, што яе дзеяньні могуць выклікаць магутны палітычны крызіс.

Відавочна, сваімі непасьлядоўнымі заявамі яна дэманструе правату даўняй ісьціны «Не ствары сабе куміра». Цяпер ва Ўкраіне многія ўжо кажуць, што яе дзеяньні могуць выклікаць магутны палітычны крызіс, і нават накіраваныя на гэта.

На сёньня яна самы папулярны, рэйтынгавы ўкраінскі палітык. Але вось маё пэрсанальнае ўражаньне: Яна найперш адлюстроўвае пэўныя асаблівасьці ўкраінскага нацыянальнага характару, які занадта экспрэсіўны і любіць кідацца ў крайнасьці. Калі любы ўчорашні кумір, ад Юшчанкі да Парашэнкі, пасьля прыходу да ўлады адразу імкліва губляе свой рэйтынг, становіцца нелюбімым народам, і грамадзтва шукае сабе новага куміра.

Глод: Нават ва Ўкраіне заявы Надзеі Саўчанкі часам выклікаюць пытаньне пра яе псыхічны стан. Справа зайшла настолькі далёка, што ўкраінская лётчыца сама пагадзілася на правядзеньне псыхіятрычнай экспэртызы. Прычым, дэпутатка парлямэнту прапануе прайсьці мэдычную камісію разам з тымі, хто ня ўпэўнены ў яе нармальнасьці.

Пасьля вяртаньня на Радзіму спадарыня Саўчанка была гераіняй ужо некалькіх скандалаў, зьвязаных як зь яе калегамі-парлямэнтарамі, так і журналістамі. Часам яна пазьней сама шкадуе аб гэтым і заяўляе, што адвыкла ад людзей.

Знаходжаньне ў палоне можа пахіснуць псыхіку любога чалавека.

Зразумела, што знаходжаньне ў палоне — спачатку ў сэпаратыстаў, пасьля ў расейцаў — можа пахіснуць псыхіку любога чалавека. Але ў такім выпадку спачатку лепей памаўчаць, прыгледзецца да сытуацыі і толькі пасьля гэтага рабіць нейкія крокі. У Надзеі Саўчанкі так не атрымалася. Можа, з-за яе выбуховага характару, можа з-за нечага іншага.

Аднак пакуль што дзяўчына, якую шмат хто лічыць сапраўднай гераіняй украінскага народу, зьдзіўляе супярэчлівымі заявамі. Найперш, аб шляхах пераадоленьня той сытуацыі, якая склалася ў Данбасе. Гучная заява пра неабходнасьць наўпроставых перамоваў з кіраўнікамі самаабвешчаных «рэспублік» стала прычынай абурэньня. Бо як раз менавіта да гэтага заклікае Ўладзімер Пуцін, менавіта гэтыя прапановы Надзеі Саўчанкі падтрымаў Аляксандр Захарчанка, які называе сябе кіраўніком ДНР.

Украінскія экспэрты тлумачаць яе заявы палітычнай нясьпеласьцю і адсутнасьцю досьведу. Гэта, канечне, уплывае. Але ці толькі гэта? Я думаю, што спадарыня Надзея, якая вярнулася з палону, разважае так: усе гэтыя праблемы можна вырашыць, але для гэтага трэба варушыцца. А ўкраінскія ўлады не сьпяшаюцца.

Магчыма, Парашэнка і ягонае атачэньне і сапраўды робяць усё ня так пасьпешліва, як хочацца Саўчанцы. Але ж гэта вельмі складаная справа. І вось так з налёту, з ходу, як прапануе спадарыня Надзея, такія пытаньні не вырашаюцца.

Прасьцей за ўсё, здаецца было б патлумачыць гэта ёй. Аднак вакол гераіні знаходзяцца розныя людзі. Адным важна зь яе дапамогай зваліць Парашэнку, другія нашэптываюць: і ты, Надзея, можаш ужо быць прэзыдэнтам.

Нечым гэта сытуацыя нагадвае падзеі 1994 году, калі «маладыя ваўкі» у Вярхоўным Савеце Беларусі спрабавалі Аляксандрам Лукашэнкам, як таранам, зваліць Станіслава Шушкевіча.

У бурнай Украіне гэта прымаецца як магчымая справа. На гэтым, мне падаецца, і будуецца ўся стратэгія народнай гераіні Ўкраіны. «Каб зьмяніць паўнамоцтвы, структуру краіны, перамагчы карупцыю, перазапусьціць законы, каб яны дзейнічалі для людзей, трэба стаць такім дыктатарам, які трымае ўсё ў сваіх руках. Для таго, каб вярнуць гэтую ўладу народу і зрабіць так, каб больш ніколі ўлада ў народа не адабралі», — гаворыць Надзея Саўчанка.

І яна гатовая стаць кіраўніком Украіны. Ня проста прэзыдэнтам, а прэзыдэнтам-дыктатарам. Але ці гэтага чакае ад Надзеі Саўчанкі народ Украіны?

Цыганкоў: Мы, натуральна, разумеем, што паралелі ўмоўныя і недасканалыя, лепш можа не 1994 год прывесьці, а 2008 год, Аляксандра Казуліна, які адсядзеў у турме, і калі адтуль выйшаў на патрабаваньне Захаду, то ўспрымаўся як гатовы лідэр апазыцыі, які пацярпеў за свае перакананьні, за сваю рэзкасьць, бескампраміснасьць. Ён выйшаў з турмы, і, думалася, гатовы будзе ўзначаліць дэмакратычны рух і створыць самую непасрэдную пагрозу Лукашэнку. Але яго супярэчлівыя заявы, незразумелыя дзеяньні літаральна за пару месяцаў усё гэта разбазарылі, і ён сышоў на нішто.

Дракахруст: Я скажу некалькі словаў у абарону Надзеі Саўчанкі. Па-першае, можна не шукаць аналёгіяў так далёка ў часе. Можна паглядзець на кампанію Дональда Трампа, якога таксама абзываюць і дурнем, і непасьлядоўным, і раяць псыхіятрычную экспэртызу прайсьці. А рэйтынгі яго мы бачым. І бачым, на каго ён апіраецца — на «маўклівую большасьць».

Ва Украіне рэвалюцыя да чаго рабілася? Даць народу свабоду, голас. Ну вось Саўчанка і спрабуе сваімі папулісцкімі спосабамі гаварыць ад імя народа. Нагадаю, на якім тле яна гаворыць: на тле рэзкага падзеньня рэйтынга ўсёй улады, уключна і прэзыдэнта Парашэнкі, моцнага незадавальненьня людзей эканамічным становішчам, за што адказнасьць нясе не яна, а зусім іншыя людзі.

Так што калі б гэта ўсё было не так, магчыма і яна вяла б сябе па-іншаму, і так бы яе не слухалі.

Яна разбурае звыклую ўкраінскую парадыгму, паводле якой у Данбасе ёсьць выключна акупанты і іх марыянэткі.

Ну вось наконт Данбасу я з вамі нязгодны, Уладзімер. Зразумела, шмат хто цяпер пачаў праклінаць яе, казаць, што яна ледзь не рука «Пуціна». Яна сапраўды разбурае звыклую ўкраінскую парадыгму, паводле якой у Данбасе ёсьць выключна акупанты і іх марыянэткі, з якімі няма аб чым размаўляць.

Добра, можа так і ёсьць, але што рабіць? Пра гэта пытаюць украінцы сваю ўладу. Мы будзем ваяваць там? Не, не будзем. Тады што? Мы будзем чакаць, пакуль санкцыі Захаду падзейнічаюць на Расею і яна проста адтуль сыдзе?

Можна чакаць, і доўга ўжо чакаюць. Між тым як будзе з санкцыямі, ніхто не ведае. Трамп той жа робіць цікавыя заявы наконт Украіны, пазыцыя Эўропы зусім не адназначная ў гэтым пытаньні.

А Саўчанка прыходзіць і кажа — давайце мы будзем не чакаць, а рабіць. Тым больш у яе за кошт яе біяграфіі вельмі выйгрышная пазыцыя. Яна можа сказаць: я салдат і з таго боку салдаты. Я гатовая працягнуць ім руку. На значную частку ўкраінскай грамадзтва такія словы дзейнічаюць.

Вы, Віталь, маеце рацыю — можа, яна хутка і згарыць. Але, можа, калі б вяла сябе інакш, то згарэла б яшчэ хутчэй. Для мяне невідавочна, што яе цяперашняя пазыцыя гэтае «згараньне» набліжае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG