Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж хрэнам і рэдзькай


Яфім Фіштэйн
Яфім Фіштэйн

Самае цяжкае ў нашай справе — дадумаць думку да канца. Чамусьці амаль заўсёды канец уступае ў супярэчнасьць з пасылам, якім бы правільным ён ні здаваўся. Чалавечаму мысьленьню ўласьціва заганяць сябе ў лягічныя пасткі, па-навуковаму яны называюцца кагнітыўнымі скажэньнямі. Ад падобных памылак не гарантаваны ніхто, і толькі дурны лічыць, што яго гэта ня тычыцца.

Цяперашні палітычны сэзон у Злучаных Штатах і ўвогуле відовішча невясёлае, дэкаданс дэмакратычнай культуры. Але ня менш сумна чуць камэнтары да прэзыдэнцкіх выбараў, жахлівыя гукі з глухіх пастак сьвядомасьці. Замест спробы неяк зразумець і растлумачыць рэчаіснасьць, і без таго дастаткова малазразумелую, мы, як правіла, маем справу з інфантыльным імкненьнем як мага больш балюча абразіць апанэнта, называючы яго па-рознаму.

Цяжка ўтрымацца ад уражаньня, што менавіта «перадузятасьць» журналістаў, якой мы яе ведаем па кнізе Бэрнарда Гольдбэрга, зрабілася адной з прычынаў імклівага падзеньня аўтарытэту ўсіх грамадзкіх інстытутаў. Калі верыць апошнім апытаньням брытанскага агенцтва YouGov, з усіх катэгорый публічных дзеячаў (а сярод іх былі прадпрымальнікі, навукоўцы, эканамісты, пісьменьнікі, сьвятары і інш.), найменшым даверам у грамадзян карыстаюцца менавіта палітыкі і журналісты.

Тая прэса, якая не хавае сымпатый да Гілары Клінтан, наракае на тое, што большая частка посьпеху Доналда Трампа — вынік яго пастаяннай мітусьні на экранах. Адкрыеш лядоўню — адтуль выскачыць Трамп. І ўся крытыка толькі яму на карысьць. Якую выснову павінна зрабіць з гэтага разумная істота? Мабыць, варта было б прамаўчаць, ня ўключацца ў гістэрыку. Ды дзе там! Кожны лічыць, што без яго хор будзе няпоўным, бо ён ведае нешта такое, чаго іншыя ня ведаюць, і здольны выдаць гэтаму гаду, як ніхто іншы. Таму з глухой пасткі мысьленьня даносяцца такія пэрлы: «Самыя гарачыя прыхільнікі Трампа — гэта рознага роду расісты, нэанацысты, кансьпіролягі, антысэміты, паталягічныя ненавісьнікі Клінтанаў і Абамы, рэлігійныя фанатыкі, зацыкленыя ўладальнікі зброі і іншыя маргіналы». Ці трэба казаць, што такая тырада можа пераканаць толькі ўжо перакананых, членаў той жа сэкты.

Амэрыка сапраўды распалася на гурткі аднадумцаў, якія нават не сутыкаюцца з людзьмі іншых поглядаў.

Амэрыка сапраўды распалася на гурткі аднадумцаў, якія нават не сутыкаюцца з людзьмі іншых поглядаў. Як піша той жа расейскамоўны амэрыканец: «Са шматлікіх сотняў маіх знаёмых... прыхільнікаў Трампа можна пералічыць на пальцах левай рукі няўмелага лесаруба. Больш за тое, я ня ведаю нават тых, якія вагаюцца... І нарэшце, я не ўяўляю сабе, каб Трамп мог штосьці такое зрабіць ці сказаць, што зьмяніла б меркаваньне гэтых людзей на яго карысьць». Аўтар відавочна нават не разумее, што пераказвае стары анэкдот пра бостанскага прафэсара, які ўпэўнены ў тым, што выбары ў Амэрыцы груба фальсыфікуюцца, таму што «ён сам у жыцьці не сустракаў чалавека, які галасаваў бы за рэспубліканцаў».

Такія не разумеюць, што праціўнікі пра іх кажуць прыкладна тое ж самае і прыкладна з той жа ступеньню слушнасьці. Прафсаюз паліцыянтаў Філядэльфіі накіраваў у адрас зьезду дэмакратаў ліст пратэсту супраць таго, што арганізатары не дазволілі выступіць на ім ўдовам белых паліцыянтаў, якія загінулі нядаўна пры выкананьні абавязкаў, зь відавочным абвінавачваньнем у расісцкіх матывах такой адмовы. «Сорамам, спадарыня Клінтан, калі гэта пачуцьцё вам наогул даступна!» — кажуць абурана аўтары звароту. А ў гэты ж час будынак, у якім праходзіла мерапрыемства, пікетавалі сябры руху «Жыцьцё чорнага таксама мае цану», заклікаючы не галасаваць за «расістку» Клінтан.

Адзіны кансьпіралягічны скандал гэтай выбарчай кампаніі выбухнуў менавіта на зьезьдзе дэмакратаў.

Адзіны кансьпіралягічны скандал гэтай выбарчай кампаніі выбухнуў менавіта на зьезьдзе дэмакратаў і быў зьвязаны з узломам электроннай пошты апарата партыі. Можна не сумнявацца ў тым, што крамлёўскія хакеры, якім посьпех прыпісалі, здольныя на любое мярзоцьце, але кожнаму, хто не па чутках ведае стыль працы роднай гэбухі, почырк павінен здацца падазроным — ужо занадта паказальна натапталі за сабой. Значкі, зробленыя на расейскай мове, адгулы ў расейскія сьвяты, іншыя знакі выглядаюць як грубая наводка для дурняў. Ня ўмеюць працаваць чыста? У выніку выцек інфармацыі, які павінны быў, па ідэі, нанесьці шкоду Гілары, быў пераведзены ў патрэбнае рэчышча, са скандалу Клінтан ператварыўшыся ў скандал Трампа. За размовамі пра руку Крамля засяродзіцца на сэнсе непрывабнай інфармацыі, якая даказвае недэмакратычную практыку кіраўніцтва партыі, было ўжо няма калі.

Абвінавачваньне атачэньня Трампа ў антысэмітызьме наогул мяжуе з кур’ёзам. На гэты конт няма больш тонкага і адчувальнага інструмэнта, чым ізраільская прэса. У ёй лёгка знайсьці параўнальны аналіз праграм абедзьвюх амэрыканскіх партый. Ізраільцяне прыходзяць да высновы, што «новая плятформа рэспубліканцаў — перамога прыхільнікаў Ізраіля». Працытую з артыкула Аляксандра Няпомняшчага ў «Габрэйскім сьвеце»: «Камітэт Рэспубліканскай партыі па выпрацоўцы плятформы аднагалосна зацьвердзіў тры важныя папраўкі, якія тычацца Ізраілю. Па-першае, з партыйнай праграмы была выключаная згадка пра «дзьве дзяржавы для двух народаў», якая мае на ўвазе стварэньне ў Юдэі і Самарыі арабскай дзяржавы. Па-другое, плятформа адпрэчыла «няправільнае ўяўленьне пра тое, што Ізраіль зьяўляецца дзяржавай-акупантам». І нарэшце, па-трэцяе, сталіца габрэйскай дзяржавы Ерусалім была апісаная як «непадзельная ».

Значна больш баявым аказалася абмеркаваньне таго ж пытаньня ў лягеры тых, хто супрацьстаіць «антысэмітам» Трампа. На зьезьдзе дэмакратаў у Філядэльфіі толькі нязначнай большасьцю галасоў (95 супраць 73) атрымалася адхіліць рэзалюцыю, якая абвінавачвае Ізраіль за акупацыю Палестыны і заклікае вярнуцца да межаў 1948 года. У плятформе засталіся толькі «дзьве дзяржавы для двух народаў», а пра статус Ерусаліма наогул няма ніякай згадкі. Уплывовы габрэйскі дзеяч Нью-Ёрку Джэф Балабун ацэньвае праграмную арыентацыю дзьвюх партый са сваёй габрэйскай званіцы: «Адрозьненьні паміж партыямі цяпер канчаткова праясьніліся: у той час як дэмакраты спрачаюцца, у якой ступені Ізраіль павінен быць асуджаны за акупацыю, рэспубліканцы наогул адмаўляюць тое, што Ізраіль зьяўляецца акупантам ».

Нават на думку тых, хто дэмакратам сымпатызуе і зьбіраецца за іх галасаваць, цягам кампаніі партыя прыкметна радыкалізавалася.

Нават на думку тых, хто дэмакратам сымпатызуе і зьбіраецца за іх галасаваць, цягам кампаніі партыя прыкметна радыкалізавалася па ўсіх пунктах, ад нелегальнай іміграцыі да ўзмацненьня дзяржаўнага ўмяшаньня ва ўсе сфэры жыцьця. Зьдзіўляцца не выпадае: Клінтан вымушана была ўключыць у плятформу лявацкія пазыцыі старэючага Буравесьніка Бэрні Сандэрса, каб ня страціць галасы яго прыхільнікаў. Сэнатар з Вэрмонту ідэйна адносіць сябе да дэмакратычных сацыялістаў швэдзкага ўзору — за гэтыя гады ён прымудрыўся нават не заўважыць, што сацыял-дэмакраты ў Швэцыі больш не ва ўладзе, а ў апазыцыі. Ідэалы гэтай плыні можна зьвесьці да трыяды «Апякунская дзяржава, пераразьмеркаваньне, дзяржаўная ўласнасьць», часам да іх дадаюць кніжны ідэал «працоўнага самакіраваньня». Да дэмакратычных сацыялістаў адносіць сябе Міхаіл Гарбачоў, як і былыя камуністы з ГДР. Часам можна пачуць меркаваньне, што грамадзкія ўяўленьні сэнатара Сандэрса, замарожаныя дзесьці ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, калі яго, студэнта Чыкагскага ўнівэрсытэта і члена Лігі юных сацыялістаў, пэрыядычна забіралі ў паліцэйскі пастарунак за ўдзел у вулічных бойках, ёсьць ня што іншае, як новы павеў амэрыканскай палітыкі. Не застаецца нічога іншага, як прыгадаць забойнае выказваньне зь мінулага жыцьця: «Падзьмулі новыя вятры — са старых задніц». Дарэчы, адразу пасьля зьезду ў Філядэльфіі Сандэрс нагадаў усім, хто забыўся, што не зьяўляецца і ніколі ня быў чальцом Дэмакратычнай партыі. Але партыю, мімаходам, крута разьвярнуў.

Можна, вядома, лічыць прыхільнікаў Трампа маргіналамі, а прыхільнікаў Сандэрса або Гілары — таемнай большасьцю амэрыканскага народа, але што мне з таго? Трампістаў ўжо цяпер больш, чым клінтаністаў. А гэта значыць, што рэальнасьць настойліва стукаецца ў дзьверы і патрабуе асэнсаваньня. Добра было б зразумець, ці зрабіўся больш бясьпечным сьвет, зь якога добраахвотна сышла Амэрыка? Пытаньне, вядома, чыста рытарычнае: паводле дадзеных апытаньняў Pew Research Center, 65% амэрыканцаў адчуваюць сябе ў гэтым сьвеце менш утульна, чым у бушаўскія ваенныя часы, і толькі 7% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркаваньня. Легендарны ізаляцыянізм рэспубліканцаў ніякім чынам не пацьвярджаецца апытаньнямі: толькі за апошні год доля тых, хто лічыць, што іх краіна павінна рабіць больш для вырашэньня глябальных праблем, узрасла з 18 да 46 працэнтаў.

Чаго ж чакаць ад перамогі аднаго або іншага боку, улічваючы, што толькі 23% амэрыканцаў задаволеныя сучасным накірункам разьвіцьця сваёй радзімы, а 68 з лішнім працэнтаў лічаць узяты курс фатальнай памылкай? Прыход да ўлады Доналда Трампа багаты шмат якімі непрадказальнымі наступствамі. Чалавек ён запальчывы, неўраўнаважаны, прытым не сямі пядзяў у ілбе — а раптам яго панясе ажыцьцявіць тое, што сёньня выглядае сьвядомым перадвыбарным эпатажам: скажам, аддаць Пуціну тое, што яму самому не належыць, Крым або Прыбалтыку? Праўда, усе стромкія зьнешнепалітычныя павароты патрабуюць ухваленьня Кангрэсу, а той па ўказцы не мяняецца. Калі б Пуцін ўсур’ёз спадзяваўся на сымпатыі Трампа, ён быў бы палітыкам вельмі недалёкім.

Клінтан — суаўтар амэрыканскага курсу апошніх гадоў, у выніку якога аўтарытэт Амэрыкі узрос хіба што ў Кеніі.

Наадварот, прыход да ўлады Гілары Клінтан выклікае засмучэньне менавіта тым, што багаты наступствамі цалкам прадказальнымі. Яна — суаўтар амэрыканскага курсу апошніх гадоў, у выніку якога аўтарытэт Амэрыкі узрос хіба што ў Кеніі. У мінулым гэтую вялікую дзяржаву многія ненавідзелі за сілу, цяпер многія пагарджаюць за слабасьць. Калі кіраўніцтва апошняй вялікай дзяржавы сьвету за восем гадоў знаходжаньня ва ўладзе Барака Абамы так і не знайшло часу выпрацаваць хоць якую-небудзь зьнешнепалітычную дактрыну, у гэтым ёсьць і яе заслуга. Тут недастаткова сказаць «Няхай заўсёды будзе сонца!» — гэта застольны тост, а не дактрына. Амэрыканскі ўплыў выведзены адусюль, дзе ён яшчэ быў, ды ня проста выведзены, а з такім загадкавым бляскам, каб пустыя месцы мог запоўніць сваім уплывам пуцінскі рэжым.

Дэмакратам наўрад ці ўдасца пераканаць выбаршчыкаў у тым, што «перазагрузку», якая з трэскам правалілася, насамрэч прыдумаў Доналд Трамп. Многія добра памятаюць, як падчас перадвыбарных тэледэбатаў чатыры гады таму тагачасны рэспубліканскі кандыдат Міт Ромні крытыкаваў заляцаньні Абамы з аўтарытарным пуцінскім рэжымам, і зь якой прафэсарскай фанабэрыстасьцю, нібы адплёўваючыся, прэзыдэнт павучаў яго наконт таго, што халодная вайна даўно скончылася, Расея ўжо сёньня стандартная дэмакратыя і нядобра сёньня заставацца ва ўладзе дрымучых забабонаў. Віцэ-прэзыдэнт Джозэф Байдэн мог пра гэта забыць, на зьезьдзе абвінавачваючы суперніка ў салідарнасьці з дыктатарам Пуціным, яму даравальна, але астатнім напэўна нагадаюць — кампанія ідзе неабыякая, з падножкамі, з брудам. І ў вайне кампрамату можа апынуцца вырашальным, што Трамп, можа быць, і Ванька-дурань, але ў палітыцы новенькі, а Гілары — дама з мінулым. Вельмі няпроста вінаваціць свайго былога спонсара ў вядзеньні бізнэсу з Расеяй, калі за плячыма доўгае шчаслівае жыцьцё, пра дэталі якога можна прачытаць у артыкуле пад гучнай назвай «Грошы ад уранавай зьдзелкі з Расіяй паступаюць наўпрост у фонд сям’і Клінтан», які апублікавала New York Times. Па выніках удалай зьдзелкі, паведаміла газэта, Пуцін сёньня кантралюе пятую частку амэрыканскай вытворчасьці ўрану. Пра гэта і пра многае іншае апавядаюць захапляльныя фільмы «Клінтанаўская гатоўка» і «Амэрыка Гілары Клінтан: таемная гісторыя Дэмакратычнай партыі» аўтара Дайнэша Д’Соўзы, якія з немалым посьпехам ідуць у кінатэатрах.

Калі наогул мажліва нейкае ўвасабленьне таго самага «істэблішмэнту», незадаволенасьць якім і прывяла, уласна, да «паўстаньня мас», дык гэта несумненна Гілары Клінтан. Калі дадумваць да канца, дык менавіта яна — яе стыль працы, пажыцьцёвая кар’ера партыйнага апаратчыка — і спарадзіла зьяву Трампа. Яе жыцьцё ў палітыцы паказала, што нічога прынцыпова новага яна ўжо прыдумаць ня зможа. А Амэрыка менавіта што мае патрэбу ў новым — у тым, што дазволіла б пераадолець нацыянальны раскол і засыпаць равы паміж той паловай, якая абвінавачвае другую ў нацызьме, і той, якая лічыць першую здраднікамі. Удзельнікаў зьезду можна засыпаць канфэці, але вулькан, які прачнуўся, нельга заліць шакалядам.

Пазёры заяўляюць, што ў выпадку перамогі Трампа яны поўныя рашучасьці пакінуць краіну. Ім варта больш уважліва зірнуць на палітычную карту сьвету. Бегчы ўжо практычна няма куды. Думаць трэба над тым, як зрабіць, каб на месцы цяперашніх Кліўлэнду і Філядэльфіі не прасьціралася незразумелая, неабжытая прастора, пазначаная на мапах надпісам «Тут была Амэрыка».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG