Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падмануты будаўнік Керчанскага моста пешшу дабіраўся дадому 600 кілямэтраў


Жыхара расейскага Златавуста падманулі на будаўніцтве Керчанскага моста; дадому ён дабіраўся пешшу.

600 зь лішнім кілямэтраў прыйшлося пераадолець пешшу і аўтаспынам жыхару Чалябінскай вобласьці Вячаславу Абдуліну, які дабіраўся дадому з Крыму — з будаўніцтва Керчанскага моста. Па дарозе ён тры дні еў што давядзецца, у асноўным тое, што расьце на прыдарожных палях. Грошай з сабой у Вячаслава Абдуліна не было: на галоўнай расейскай будоўлі за месяц цяжкай працы яму заплацілі ўсяго паўтары тысячы рублёў (прыблізна 23 даляры).

Зь Вячаславам Абдуліным пагутарыў карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Аляксандар Валіеў.

Вячаслаў Абдулін
Вячаслаў Абдулін


— Я проста зьехаў, таму што там сэнсу няма працаваць, там кідалава на грошы, — распавядае Вячаслаў. — Там будоўля не кантралюецца нікім. І прычым ты там як у рабстве знаходзісься: працуеш, пастаяць ня можаш, пасядзець ня можаш. Нават калі табе чакаць паўгадзіны, пакуль прывязуць будматэрыялы, калі будзеш стаяць — цябе звольняць. Прысеў — цябе звольняць. Ты павінен нешта рабіць, хоць дошкі туды-сюды перакладаць, хоць камяні кідай туды-сюды. Трэба пастаянна, каб ты заняты быў. Ледзь што — ты звольнены. Нельга распрануцца. Як апрануўся ў робу, на сьпякоце — так і працуеш. Ні вады, нічога там няма. Ваду калі прывязуць — гэта нармальна будзе, не прывезьлі — там папіць нават няма дзе.

У Вячаслава ў Залатавусьце трое дзяцей і жонка. Жыве сям’я ў маленькім пакоі, куды іх часова пусьцілі знаёмыя, бо свой дом Абдуліны страцілі яшчэ мінулай восеньню: ён згарэў. Некалькі месяцаў пайшло на збор дакумэнтаў, каб чыноўнікі змаглі паставіць сям’ю ў чаргу на часовае і сталае жыльлё. У першым сьпісе яны пятыя, у другім — 1144-я. У канцы жніўня ім трэба зьехаць з пакою, бо ён ужо здадзены студэнтам. Вячаслаў і Аксана хацелі зьняць сабе і дзецям двухпакаёвую кватэру і ўжо нават знайшлі варыянт, дамовіліся з гаспадарамі. Грошы на арэнду кіраўнік сямейства і спадзяваўся зарабіць на будоўлі Керчанскага моста. У родным Залатавусьце атрымоўвалася зарабіць толькі 10-12 тысяч на месяц. А ў Крыме паабяцалі заплаціць амаль 50. Рэкляму круціла мясцовае тэлебачаньне.

— Кантора называецца «Лібэрці», я патэлефанаваў туды, пацікавіўся пра харчаваньне, пражываньне, вось гэта ўсё. Мне адразу сказалі, што пяць тысяч на месяц даюцца як сутачныя, зарплата, сказалі, на рукі чыстымі 47 тысяч. Два разы на дзень харчаваньне, праезд, рабочая форма, пражываньне — ні за што не вылічваецца. Калі ўжо на месца прыехалі, літаральна праз тыдзень высьветлілася, што за ўсё вылічваюць. Я там размаўляў зь людзьмі, якія раней працавалі з гэтай фірмай, толькі назва была іншая, яна на працягу гэтага году восем разоў мяняла назву. Яны шмат куды набіраюць людзей, у асноўным на будаўніцтва мастоў. Памятаеце, у Сочы было будаўніцтва маштабнае, калі да Алімпіяды рыхтаваліся? Там жа таксама было кідалава з грашыма. Там вось зараз мужычок жыве, у гадах ужо, з Самарскай вобласьці. Зьехаць дадому таксама ня можа, таксама з гэтай «Лібэрці». Шукае сабе нейкія заробкі на ежу і пражываньне. 300 рублёў у суткі плаціць за жытло. Чакае, пакуль пэнсія прыйдзе, каб грошы яму выслалі на дарогу. Яго звольнілі за тое, што ён падышоў да мора, бо працы не было, ён вырашыў адпачыць, не распранаўся, не атрымалася, проста глядзеў на баржы, якія праходзяць. Яго звольнілі, не разьлічыўшыся. Гэта кідалава! Ён адпрацаваў дзесьці два тыдні, зьмена адзінаццаць гадзінаў, але 130 рублёў за гадзіну. 1400 ён прыкладна за дзень зарабляў. Гэта значыць 15-16 тысяч яму павінны былі выплаціць, але ніхто не выплачвае.

Мы майстру сказалі, што выяжджаем, працаваць далей ня будзем. Ён сказаў: мне наогул бяз розьніцы, едзьце. Я кажу: а што там з грашыма? Ён кажа: а хто вас прывёз, той хай і плаціць. А яшчэ б знайсьці, хто прывёз нас.

Менавіта так, паводле расповеду Вячаслава, ставяцца да людзей на Керчанскай будоўлі. Але большасьць трываюць і ня едуць дадому. Камусьці і зьяжджаць ўжо няма на што, а нехта спадзяецца ўсё ж зарабіць грошы.

— Таму што яны ўсе здалёк, у гарадах зараз мала працы. Там былі такія: прыяжджалі, адразу бачылі, што адбываецца, на наступны дзень назад зьяжджалі — у каго ёсьць грошы. А ў каго няма грошай — што ім рабіць? Там жа з далёкіх месцаў усе, з Краснаярску, з Арэнбурскай вобласьці, наогул з усёй Расеі. Вось як ён пойдзе? Я, напрыклад, магу вытрымаць дарогу, ісьці, ня есьць колькі дзён, а іншы чалавек ня можа. Хтосьці баіцца па дарозе ісьці — хто яго ведае, што можа адбыцца ноччу на трасе? Вось з-за гэтага яны і працуюць там.

На будоўлі Вячаславу прыйшлося займацца самай рознай працай. Іншы раз і небясьпечнай.

— Мэталяканструкцыю зьбіралі пад пляцоўкі кранаў. У шторм працавалі, ні страхоўкі, нічога не было. Шторм моцны быў, нам прыходзілася ўсё роўна лазіць, мы канструкцыю зьбіралі, а зваршчыкі прыварвалі. Гэтую канструкцыю, можна сказаць, уручную рабілі. Там жа на вышыні працуеш, выратавальныя камізэлькі яшчэ нейкія давалі, хоць я б не сказаў, што гэта выратавальная камізэлька. А страхоўку наогул не выдавалі, і бяз розьніцы ўсім, як ты рабіць будзеш. Скажуць, што рабіць — ты палезеш і будзеш рабіць. Ня будзеш рабіць — звольняць адразу ж. Мы майстру сказалі, што выяжджаем, працаваць далей ня будзем. Ён сказаў: мне наогул бяз розьніцы, едзьце. Я кажу: а што там з грашыма? Ён кажа: а хто вас прывёз, той хай і плаціць. А яшчэ б знайсьці, хто прывёз нас. Вось я асабіста тэлефанаваў, у мяне была мэнэджэр Алена, яна нават слухаўку не бярэ.

Разам зь Вячаславам адправіўся дадому і яго зямляк Аляксей Логінаў, які быў звольнены з пасады майстра без тлумачэньня прычынаў. Пра тое, як дабіраліся, Вячаслаў распавядае спакойна, як пра нешта цалкам штодзённае:

— Спачатку на пароме дабраліся на бок Тамані і потым пайшлі пешкі. Дзе аўтаспынам даяжджалі, дзе пешшу ішлі. Начавалі ў лесапасадках, кукурузу елі. Што трапіцца. Вішні, яблыкі трапляліся. А што яшчэ там ёсьць? Потым жонка мне выслала грошы ўжо ў Мілерава Растоўскай вобласьці, я даехаў да Пензы, адтуль да дома.

Абдулін са сваімі дочкамі
Абдулін са сваімі дочкамі


Вячаслаў Абдулін мае намер усімі законнымі спосабамі дамагацца зарплаты за месяц на будоўлі Керчанскага моста. Сям’і тэрмінова патрэбныя грошы, і ў бліжэйшыя дні ён адправіцца ў пракуратуру. Аляксей Логінаў, якому таксама не заплацілі, калі не лічыць авансу ў тры тысячы, ня верыць, што ў гэтай гісторыі можна дамагчыся справядлівасьці. Дабраўшыся да сваёй хаты, ён зьлёг з тэмпэратурай — кажа, што, мабыць, прастыў падчас начовак пад адкрытым небам. Тэлефанаваць у «Лібэрці» і зьвяртацца ў праваахоўныя органы, хутчэй за ўсё, ня будзе, а проста паспрабуе забыцца на сваю паездку ў Крым як мага хутчэй:

На гэтым пабудаваная ўся гэтая праца на Керчанскім мосьце. Каб людзей звольніць, атрымаць за іх нейкія грошы і выгнаць без усялякай дапамогі, датацыяў.

— Нам далі толькі аванс адзін раз, тры тысячы, больш ніякіх грошай я адтуль не атрымліваў. Мы працавалі з арганізацыяй «Мостабуд», яны падрадчыкі, а мы субпадрадчыкі. Там вельмі дрэннае стаўленьне, людзей за людзей ня лічаць, ставяцца горш, чым да жывёлы. На працягу дня нават прысесьці немагчыма, папаліць, ніякіх перакураў, нічога не было. Заўсёды чалавек павінен працаваць, усе 11 гадзін. Без усялякіх перакураў, адпачынку і гэтак далей. Калі ты сядзіш — цябе тут жа выганяюць, такое вось стаўленьне да людзей. Звальняюць людзей пачкамі, не саромеючыся, кажуць: «Мы табе сказалі вось так, і толькі паспрабуй не паслухацца: калі ты адкрыеш свой рот, мы цябе выганім, на тваё месца прыйдуць яшчэ 20 чалавек». Проста звальняюць за глупства. Я вось ішоў з прарабам Маркавым, сядзіць зваршчык, рэжа. Ён падыходзіць: «Што так павольна рэжаш?! Што крыва рэжаш?! Звольнены!» Узяў, звольніў двух людзей на роўным месцы. Наогул ні за што звальняюць. На гэтым пабудаваная ўся гэтая праца на Керчанскім мосьце. Каб людзей звольніць, атрымаць за іх нейкія грошы і выгнаць без усялякай дапамогі, датацыяў. Спрабуюць людзей проста ламаць з-за таго, што яны знаходзяцца вельмі далёка ад дому, і ў іх няма сродкаў, каб зьехаць дадому. Над людзьмі проста зьдзекуюцца.

Працоўныя дамовы, якія Аляксей і Вячаслаў падпісалі з іжэўскай кампаніяй «Лібэрці», засталіся ў Крыме: іх у працоўных адабралі, як толькі тыя прыбылі на пляцоўку. Датэлефанавацца да гэтай фірмы не атрымалася: адзіны тэлефон, названы ў інтэрнэце, адключаны. Аўтаадказчык паведамляе, што абанэнт у сетцы не зарэгістраваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG